Далей салісты па чарзе «праганялі» нумары пад акампанемент канцэртмайстраў. Без майстэрства і зацікаўленасці апошніх наогул нічога б не атрымалася. Спевакам дапамагалі піяністкі Жанна Габа, Таццяна Іванова і Алена Алімпіева. Больш за ўсіх нумароў аказалася ў Галіны Аляшкевіч. Такі артыстызм, далікатнасць і тонкасць разумення музычнага вобраза мала калі можна сустрэць. Некалькі апошніх сезонаў Галіна з’яўляецца канцэртмайстрам у оперным тэатры горада Брно, рэпеціруе з чэшскімі спевакамі.
Уласна музычным вынікам, дакладнасцю разумення нот і вобразаў, штрыхамі і паўзамі, тэмпамі і рытмам былі заклапочаны самі кампазітары.
Перад рэпетыцыяй я адкапіравала праграмку, каб яна мелася ў руках у кожнага вакаліста. І было зразумела, хто за кім выходзіць на сцэну і што ўвогуле павінна атрымацца. Узнікла ўражанне, што будаўнічыя рыштаванні нарэшце знялі. І амаль усе ўбачылі, што мы зрабілі агульнымі намаганнямі. Кампазітары, хор, салісты, інструменталісты... У паветры ўзнікла маўклівае здзіўленне і павага, што абяцанкі не аказаліся пустым гукам і час не змарнаваны ўпустую.
Пасля таго, як праграма была паказана, спявачка Эльвіра Рыжановіч у кулуарах заўважыла:
— Больш за ўсё здзівіла, што ні ў якай сітуацыі вы не пачыналі злавацца і крычаць...
— Эльвіра, а якое права я маю крычаць на салістаў оперы?! Я не працую ў тэатры! Я ім — хто?.. Чалавек збоку. Магу папрасіць, паспрабаваць пераканаць...
Напярэдадні прэм’еры завітала ў Міністэрства культуры, каб запрасіць на вечарыну першага намесніка міністра Уладзіміра Пятровіча Рылатку. Уважліва разглядаючы афішу (позірк на афішу, на мяне, зноў на афішу), ён здзіўлена сказаў:
— Паслухайце, дык у вас заняты ўвесь тэатр оперы!
— Не, Уладзімір Пятровіч! — запярэчыла я. — Яшчэ не ўвесь! Можа, увесь і будзе, але крыху пазней.
Вядома, гэты быў жарт. Але чаму не марыць? Мо, калі-небудзь мара і збудзецца?!
Крыху пра сон з нагоды «Сноў кахання». Напярэдадні паказу праграмы нармальны сон знікае. Перажываеш, ці ўсё сыдзецца, ці не ўзнікне экстрым (а раптам хтосьці захварэе?). Толькі закрыеш вочы, як у вушах і свядомасці гучыць музыка з сачыненняў, якія на папярэдняй рэпетыцыі былі пачутыя ўпершыню.
Прайшоў паказ праграмы. Здавалася б, усё! Напружанне знікла, спі, як нармальны чалавек... Дык не! Ізноў у свядомасці «круцяцца» фрагменты твораў. Ненадоўга заснуў — ізноў прачнуўся. У галаве гучаць знаёмыя тэмы. І выключыць іх немагчыма.
Такім чынам вынік. Сем кампазітараў. Акрамя тых, пра каго ішла гаворка, гэта Эла Андрэенка, Дзмітрый Даўгалёў, Віктар Кажухар, Уладзімір Саўчык. Трынаццаць спевакоў. Тры вялікія харавыя сцэны.
Чатырнаццаць прэм’ер. Пяць вакальных цыклаў. Чатырнаццаць адначасткавых твораў — рамансаў-песень-дуэтаў. І яшчэ адзін рэкорд. У наступныя два выхадныя дні — сумарна амаль 10 гадзін тэлефонных званкоў, уваходных і зыходных. Ад сяброў і знаёмых, запрошаных на вечарыну. Ад кампазітараў і салістаў, з якімі абмяркоўвалі вынікі і планы далейшага супрацоўніцтва.
Такія падзеі, як аўтарская вечарына ў вялікай зале філармоніі, запамінаюцца на ўсё жыццё. І таму, што за такой імпрэзай стаяць намаганні многіх асоб. І таму, што разумееш: аналагічнай з’явы можа і не здарыцца. Бо ў падобны праект укладзена сіл нашмат болей... чым у цябе ёсць.
Прэм’ера, спадніца і... прас
Як вы думаеце, ад чаго залежыць лёс новага раманса ці дуэта, калі ён павінен прагучаць упершыню? Ад глыбіні і арыгінальнасці вершаў паэта, меладычнага дара кампазітара, вакальных дадзеных выканаўцы? Глыбока памыляецеся! Часам ад такіх рэчаў, наяўнасць або адсутнасць якіх прадугледзець немагчыма.
Закуліссе філармоніі. Калідор і грымёрныя, якія знаходзяцца недалёка ад камернай залы імя Рыгора Шырмы. 18.30. Да пачатку вечарыны застаецца палова гадзіны. Выканаўцы — салісты оперы. Амаль усе яны ўжо ў грыме, апранутыя ў канцэртныя сукенкі. Хтосьці распяваецца з акампаніятарам альбо сам, хтосьці яшчэ раз паўтарае тэкст твора, які будзе спяваць.
Адна з салістак вымае з вялікага пакета сваю канцэртную спадніцу цёмнага колеру. Высвятляецца: па дарозе тая моцна пакамячылася. Вакалістка не падумала, што так можа атрымацца. Таму побач няма тэатральнага касцюмера, якая прыйшла б з прасам. Зразумела, у такім непрэзентабельным выглядзе артыстка на сцэну не выйдзе.
Што рабіць? Варта схапіцца за галаву. У вялікай зале філармоніі канцэрта сёння няма. Значыць, касцюмерныя танцавальных калектываў, дзе можна знайсці прас, зачыненыя. Што касцюмерам рабіць пасля шасці вечара і хто тыя пакоі можа адкрыць без дазволу кіраўнікоў ансамбляў?