Выбрать главу

Але ж дзе ўзяць прыладу? Сітуацыя анекдатычная. У праграме сённяшняга канцэрта спявачка выконвае тры творы, два з іх — прэм’ерныя. Над імі яна доўгі час працавала з канцэртмайстрам, на рэпетыцыі спецыяльна прыязджала кампазітар. І што — усе гэта марны клопат?! А калі наступным разам здолеем паказаць творы?

Пакуль артыстка ходзіць па калідорах філармоніі і шукае, я, вядома, нервуюся. Маргарыта Ізворска-Елізар’ева, тагачасны мастацкі кіраўнік Нацыянальнай оперы, заўважае:

— Вы робіце вечарыну адзін раз на год. Бачыце, колькі з ёй звязана клопатаў? А ў нас так кожны вечар, калі ідзе оперны спектакль. Як на парахавой бочцы сядзіш. Не ведаеш, што і калі ўзарвецца.

— Але ў вас кожную партыю ведае некалькі выканаўцаў, — пярэчу я. — Калі захварэў адзін, тады на сцэну можа выйсці іншы.

— Па-рознаму, — не згаджаецца Ізворска. — Напрыклад, у «Аідзе» Радамэс адзіны — Сяргей Франкоўскі.

Думаю: «Значыць, ад яго самапачування, стану здароўя залежыць дзеянне агромністага калектыву. Адбудзецца спектакль ці не...»

Тым часам пошукі праса вынікаў не далі. Што рабіць? Бегчы ў ЦУМ, які побач? Позна ўжо, не паспею. Дый я пераапранулася ў канцэртную сукенку. Адна з салістак здагадалася: калі ў філармоніі існуе бар і кавярня, значыць, там стаяць сталы. А на іх ляжаць абрусы. Дзе абрусы, там і прас... Усё геніяльнае — простае!

Далей усё пабегла-пакацілася па сваіх рэйках. Прас знайшоўся, сукенка выглядала, як належыць. І прэм’еры новых твораў, на наша шчасце, адбыліся.

Паміж «Полымем» і «Споведдзю»

Такая сітуацыя — адна з многіх, якія неспадзявана ўзнікаюць падчас падрыхтоўкі новых праграм. Уражанне ад вечарыны «Сны кахання» аказалася ў самім тэатры дастаткова моцнае, таму восенню наступнага, 2007 года, мы ажыццявілі новы праект. Праўда больш камерны, у зале імя Шырмы. Ён меў назву «Калі пачуцці — як полымя...»

Дата паказу пазначана ў афішах тэатра і філармоніі. Да яе заставаўся літаральна тыдзень ці два, калі нечакана высветлілася, што ледзь не палова артыстаў, занятых у праекце, захварэла. Шукаць новых — ужо няма часу. А ці згодзяцца? А мо гэтыя паздаравеюць? Будынак, у якім рэпеціравалі оперныя салісты, выглядаў часовым прытулкам. Перш, чым пусціць туды опернікаў, у памяшканні не паспелі правесці нават касметычны рамонт. А холад і вільгаць кепска ўплывалі на звязкі.

Што рабіць? Трэба тэрмінова мяняць сцэнарый і чарговасць нумароў. Бо яркі мажорны твор, які стаяў напрыканцы праграмы, знік, а сумным і мінорным яе заканчваць не будзеш. У выніку мы неяк выкруціліся з сітуацыі, праграму паказалі, прагучала болей вершаў, чым планавалася.

Але хацелася плакаць. Ад усведамлення, колькі сіл, нерваў, часу было выдаткавана на падрыхтоўку, і колькі намаганняў аказаліся марнымі. Кіраўніцтва оперы ў асобах Маргарыты Мікалаеўны Ізворскай і дырэктара трупы саліста Ніны Іванаўны Казловай разумела, колькі працы знікла ў нікуды. Таму вырашылі: у зале Шырмы зробім падобны праект яшчэ раз. Восенню 2008-га. Пакажам творы, якія не змаглі паказаць год таму, і новыя. Праграма будзе называцца «Споведзь жанчыны».

Часам рэплікі звычайных слухачоў, прамоўленыя ў кулуарах, запамінацца на ўсё жыццё. «Цікава, дваццаць тры творы пра каханне. І толькі адзін — пра радзіму...» Не паленаваўся слухач — палічыў! І яшчэ. «А ўвогуле — перад кім можа спавядацца жанчына? Няма перад кім. Толькі перад сабой...»

«Споведзь» атрымалася вечарынай, непараўнальна больш багатай за папярэднюю. Прагучалі сачыненні сямі кампазітараў. Сярод іх асабліва разнастайнымі выглядалі творы Алены Атрашкевіч і Элы Андрэенка. Было прэзентавана шмат прэм’ер. Дадаліся галасы такіх розных і адметных выканаўцаў, як Наталля Акініна, Тамара Глаголева, Ірэна Журко, Алена Сіняўская, Аксана Якушэвіч. Калі супрацоўнічаеш хоць з адной такой спявачкай, падобнай акалічнасцю і аўтар тэкстаў, і кампазітар могуць толькі ганарыцца.

Вопыт

Парады, як лепей ладзіць аўтарскія вечарыны, вядома, дзесьці можна прачытаць. Але хутчэй за ўсё яны будуць успрымацца абстрактна, як чужы вопыт і чужыя высновы. Калі вопыт твой уласны, набыты нервамі і перажываннямі, ён мае непараўнальна большую каштоўнасць.

Праект «Святло невыказнае» 2005 года пераканаў, што ў адным праекце лепей не яднаць і не перамешваць жанры акадэмічнай музыкі і эстрадныя. Нават калі яны «разведзеныя» па розных аддзяленнях. На вытанчана-ўзвышаныя жанры, збіраецца адна публіка, а на папулярна-дэмакратычныя — іншая.