Для камернага выканальніцтва ідэальна падыходзіць малая зала. Невялікая адлегласць паміж выканаўцам і слухачом стварае атмасферу душэўнай цеплыні, утульнасці. Засяроджанасці на ўнутраным свеце героя. «Салона» — у лепшым сэнсе. Калі ты хочаш сабраць гледачоў у вялікай зале, варта зацікавіць праектам шматлюдныя калектывы, найперш харавыя. Бо на сцэне павінны рухацца масы выканаўцаў.
Спачатку звяртаешся да тых салістаў, якія навідавоку і выконваюць вядучыя партыі. Але высвятляецца, што сярод тых, каго не ведаеш, патрэбных табе вакалістаў можа быць яшчэ больш. Бо яны не заўсёды на першым плане. Або ты проста не трапіў на пастаноўку з іх удзелам.
Праграму варта планаваць ці не ўдвая большую за тую, якая атрымаецца ў рэшце рэшт. Бо пэўны раманс ці хор кампазітар можа і не паспець дапісаць. Які-небудзь опус спявак не паспее давучыць. Хтосьці, на жаль, захварэе, а хтосьці тэрмінова з’едзе на гастролі. Бо ў тэатры сітуацыя змяняецца кожныя пяць хвілін. Як на фронце... Атрымліваецца тэатр баявых дзеянняў. Здавалася б, простыя, банальныя рэчы. Але іх трэба ўсвядоміць знутры, самому.
Музычныя опусы, паказаныя ў межах аднаго праекта, пачынаюць узаемадзейнічаць паміж сабой. Для публікі і стваральнікаў сачынення становіцца відавочным, якое з іх больш важкае і адметнае, якое больш сучаснае і актуальнае, а што станецца толькі для аднаго паказу. Публічнае выкананне дае магчымасць убачыць сваю працу староннімі вачыма і здагадацца, што можна ўдасканаліць.
Азіраючыся ў думках на музычныя праекты, якія мы ажыццявілі разам з кампазітарамі і опернымі спевакамі, думаю, атрымаўся шмат у чым унікальны вопыт. Кампазітары, якія працуюць у жанрах вакальнай музыкі, пазнаёміліся з лепшымі вакалістамі. Цяпер яны ведаюць адзін аднаго — па прозвішчах і ў твар. Упэўнены, да каго звярнуцца, калі патрэбен новы твор для канцэртнай праграмы або замежнага конкурсу. У рэпертуары спевакоў з’явілася шмат твораў айчынных кампазітараў. Аўтары музыкі атрымалі магчымасць пачуць свае опусы ў інтэрпрэтацыі лепшых вакалістаў краіны. Нацыянальны тэатр оперы і балета і Беларуская дзяржаўная філармонія мелі на афішы праекты, складзеныя з твораў айчынных кампазітараў.
Вечарыны запомніліся як святы. Айчыннай музыкі. Высакародных жанраў. Выдатнага вакалу. У рэшце рэшт выйгралі ўсе...
«Рэпетыцыя аркестра» ці «Рэпетыцыя хору»?
Восеньскім ранкам 2007 года ў маёй кватэры зазвінеў тэлефон. Быў пачатак верасня, стаялі сонечныя, цёплыя дні, калі ўжо знікла летняя гарачыня, але яшчэ не прыйшла восеньская імжа і не пачаліся няспынныя дажджы. Тэлефанавала Наталля Міхайлава, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору.
— Таццяна Міхайлаўна, крыху нечаканая прапанова. У наступным годзе ў калектыву юбілей. Нам спаўняецца дваццаць гадоў. Хацелася б, каб у святочны вечар адбылася прэм’ера. Але не кароткага твора, а большага. Падумайце, можа, з’явіцца цікавая ідэя? Вы ж наш калектыў ведаеце — і салістаў, і рэпертуар, і магчымасці...
Ідэя выглядала заманлівай. Калі не ты прыносіш ноты і імкнешся заахвоціць кіраўніка, а яшчэ ненароджаны твор патрэбен калектыву, тады можна быць упэўненым, што прэм’ера адбудзецца.
— А каго бачыце ў якасці кампазітара? — асцярожна спытала я.
— Ідэальна, каб гэта быў Алег Хадоска, — падзялілася задумай Міхайлава. — Мы з ім вучыліся ў кансерваторыі на паралельных курсах. Ён нас таксама добра ведае, бо мы яго шмат спявалі. І ў дадатак у яго сучаснае музычнае мысленне...
Кандыдатура магчымага кампазітара дадала энтузіязму. Бо з Алегам я хацела супрацоўнічаць даўно. Яшчэ пры канцы 90-х паказвала яму свае вершы, якія маглі зрабіцца вакальнымі творамі. Але кампазітар быў заняты, працаваў над сімфанічнымі сачыненнямі, і мае тэксты аказаліся ў той момант не надта патрэбнымі.
— Падумаю... — паабяцала я дырыжору. — Калі ідэя або гатовыя тэксты з’явяцца, адразу вам патэлефаную.
На тым і развіталіся. Калі доўгі час займаешся тэкстамі для камерных жанраў (раманс, хор, песня), нават харавых ці вакальных цыклаў, раней ці пазней прыходзіць адчуванне: тэрыторыя засвоена, хочацца большай прасторы.
Але што ж прыдумаць для юбілейнай вечарыны?.. Набор хароў, розных па настроі? Але як іх спалучыць між сабой? Якую тэму ўзяць, каб яна аказалася цікавай і гледачу, і спевакам? Юбілей — урачыстасць. Будзе шмат кветак, віншаванняў, душэўных успамінаў, сустрэч з калегамі, якія ў калектыве спявалі раней. Дык, можа, варта на пачатку праграмы паказаць будні, а значыць, рэпетыцыю? Тое, якім чынам ідуць да творчага выніку?