Выбрать главу

Але, думаю, менавіта з такім характарам і можна арганізоўваць шматлікія канцэрты і выезды за межы палаца і горада. Калі хочаш утрымаць вялікі калектыў, арганізаваць паказ дасягненняў на сваёй сцэне або на чужой пляцоўцы — значыць, трэба думаць пра спіс і паслядоўнасць нумароў, якія будуць паказвацца, ноты акампаніятара, стосы сцэнічнай вопраткі (а для кожнага танца яны свае), пра мяхі танцавальнага абутку. Думаю, што анёл, далікатны, крохкі інтэлігент, такіх клопатаў проста не вытрымае.

Сукенка для іспанскага танца

У савецкія часы прафсаюзы лічыліся «школай камунізму». І большасць структур, звязаных з імі, мелі прыстойнае фінансаванне. У тым жа палацы, дзе мы займаліся, працавала безліч студый і ансамбляў. Заўжды знаходзіліся сродкі на новыя касцюмы (уявіце, колькі каштуе апрануць увесь калектыў!). А абутак?.. Боцікі для характарных танцаў, туфлі для народных, пуанты для класікі.

Памятаю, для харэаграфічнай мініяцюры «Раманс» на музыку Дзмітрыя Шастаковіча (з кінафільма «Авадзень», які тады быў надзвычай папулярны) студыйкам шылі доўгія «шапэнаўскія» пачкі ў вытворчым камбінаце оперна­га. Туды мы выпраўляліся на прымеркі з заміраннем сэрца. Прозвішча кожнай юнай балерыны было напісана алоўкам на адваротным баку ліфа.

Прайшло амаль чатыры дзесяцігоддзі, але ў памяці засталіся (пэўна, назаўсёды) выгляд, фасон і колер нашых сцэнічных касцюмаў. Бэзава-сіні ўбор з блёскаўкамі — для ўсходняга; гафрыраваная і стракатая спадніца — для «Дубочка»; сінія атласныя сарафаны з вышыўкай — для рускага.

З шыкоўнай сукенкай каралавага колеру для іспанскага танца звязана асобная гісторыя. На заняткі да Нікалаевай я прыходзіла і тады, калі паступіла на факультэт журналістыкі. Мы вучыліся на першым курсе, калі ва ўніверсітэце набліжаўся вельмі адказны канцэрт. У першакурснікаў папыталі: хто што ўмее — чытаць, спяваць? Неяк неабачліва я паведаміла, што магу станцаваць. Іспанскі з «Раймонды». Іспанскі — о, экзотыка! Усе дружна ўзрадаваліся...

На чарговых занятках папрасіла Аляксандру Васільеўну на два дні іспанскую сукенку. Для выступлення... Так рабілі многія нашы студыйкі, калі хацелі станцаваць там, дзе вучыліся або працавалі. Балетная зала знаходзілася на трэцім паверсе палаца, а касцюмы захоўваліся на другім. Зразумела, без дазволу кіраўніка касцюмерка нават не варухнецца.

Выслухаўшы маю просьбу, Нікалаева як сапраўдная актрыса, узяла паўзу і трымае яе. Моўчкі глядзіць на мяне сваімі пранізліва-чорнымі вачыма. А я пачынаю думаць: «І навошта папрасіла?! Не дасць, не дазволіць! Адназначна... Сёння яна не ў настроі! Рэпеціравалі млява. Але заўтра ўжо позна... Не, нічога не будзе!»

Нарэшце, калі Аляксандра Васільеўна зразумела, што прасіцелька псіхалагічна адчула адказнасць моманту і важнасць рашэння кіраўніка, літасціва дазволіла. Папярэдзіўшы: толькі два дні — і не болей!

Сцэнічная вопратка сапраўды выглядала шыкоўна. Небанальны ружовааранжавы колер утвараў высакароднае адценне. Сукенка была цяжкая, пашытая з шоўку, мела аздабленні на рукавах і дэкальтэ, ніжнюю спадніцу — усё як мае быць. Верхняя спадніца, упрыгожаная валанамі, марудна і эфектна раскрывалася падчас вярчэння.

Іспанскі, імклівы, тэмпераменты панадэрас з «Раймонды», выкананы мной на канцэрце, меў не надта зразумелую рэакцыю ў гледачоў. Як усвядоміла потым, мой рэйтынг сярод аднакурснікаў узляцеў на нечуваную вышыню. Падведзеныя вочы, ружа ў валасах — гэта зусім не тая паненка, што адказвае на занудных семінарах «Ленін — журналіст і рэдактар»!

Не паспела скончыцца музыка і я вылецела за кулісы, як туды імгненна прымчалі студэнты-замежнікі са смуглай скурай, якія вучыліся ў БДУ. Відавочна, музыка Глазунова і сукенка каралавага колеру ўзрушылі глыбінныя пласты іх паўднёвай душы. Вочы гараць:

— Дэвушка, а вы ў інтэрнаце жывяце?! А ў якім пакоі? А можна ваш тэлефончык?..

Як яны хацелі пазнаёміцца! З якім імпэтам паглядалі!

«У гарэм потым аддадуць!» — са страхам чамусьці падумала я.

— Не, — давялося расчараваць, — не ў інтэрнаце...

Гучны поспех у вузкіх студэнцкіх колах я ўспрымала спакойна. Маўляў, зрабіла тое, што ад мяне чакалі, і жыццё пайшло далей. Эмоцыі публікі лічыла заслугай класіка рускай музыкі Аляксандра Глазунова і харэаграфіі, прыдуманай Аляксандрай Нікалаевай.