У памяці ўзніклі кадры са знакамітага фільма Федэрыка Феліні «Рэпетыцыя аркестра». А мо, зробім «Рэпетыцыю хору»? Тут таксама паўстане супярэчнасць, няхай не надта вострая, — але канфлікт паміж кіраўніком, які патрабуе ад артыстаў дасканаласці, і спевакамі, якія стаміліся ад бясконцых рэпетыцый, выязных канцэртаў, крыху лянуюцца, хочуць пажартаваць і пазаляцацца да новых сімпатычных салістак.
У творы будзе тры часткі, якія адлюстроўваюць: хто спявае, як спявае і што спявае. Калі структура акрэслілася, далей праца ідзе прасцей. У дадатак мне хацелася вытрымаць агульную камедыйную танальнасць. Калі перад тым узнікла шмат сачыненняў лірычных ці афарбаваных драматычнасцю, разумееш, што трэба пераключыцца.
Калі сцэнарый і тэксты будучай камічнай кантаты былі гатовыя, мы сустрэліся ў філармоніі з Наталляй Уладзіміраўнай. Ідэя дырыжору спадабалася, і яна паабяцала старонкі лібрэта аддаць Алегу Хадоску.
Супрацоўніцтва з кампазітарам аказалася суцэльным задавальненнем. Ён не патрабаваў пераробак, не мучыў прыдзіркамі. Сёе-тое падкараціў, некаторыя эпізоды апусціў. А потым узяў — і напісаў. Набраную партытуру аддаў дырыжору. Ад першай размовы прайшло ўсяго палова года.
Міхайлава патэлефанавала, і мы сустрэліся ў яе кабінеце ля фартэпіяна. Найбольш хвалюючы момант, калі чуеш новае сачыненне. Уражанне, што ўваходзіш у невядомую прастору. Наталля Уладзіміраўна сама іграла і спявала — за сапрана і мецца, за тэнараў і басоў. А таксама за кіраўніка хору, які таксама быў сярод дзейных асоб.
За акном буяла вясна, канцэртны сезон заканчваўся. Камерны хор тады ж пачаў вучыць кантату, каб скончыць працу над ёй на пачатку наступнага сезона, ужо восенню.
Опус атрымаўся сапраўды камедыйны і нечаканы. Нават для Алега, які да гэтага часу паўставаў як кампазітар, схільны да глыбока філасофскіх сачыненняў. Мой пераход з тэрыторыі харавой лірыкі ў прастору камедыі ўспрынялі і прынялі далёка не ўсе сябры і даўнія знаёмыя. Пасля прэм’еры Ларыса Густова, музыказнаўца і дырэктар Міжнароднага фестывалю праваслаўных песняспеваў, з пэўным расчараваннем заўважыла: «Вашы папярэднія творы падаюцца мне больш глыбокімі!» Што ж, і такое меркаванне можа існаваць. Але тых, хто прыняў і віншаваў, аказалася непараўнальна болей.
Юбілейная вечарына атрымалася святочнай. Разнастайнай па інтанацыях, багатай на рэжысёрскія прыдумкі. Пачыналася якраз «Рэпетыцыяй хору», працягвалася ў харавых опусах розных жанраў і настрояў. У першым аддзяленні дырыжыравала сама Міхайлава. У другім саступіла пульт Ігару Мацюхову, стваральніку калектыву, які цяпер працуе ў Пецярбургу.
У Мінск ён спецыяльна прыехаў на юбілей свайго дзецішча. І ў другой дзеі дырыжыраваў харавым цыклам «Песні арбацкага двара», створаным паводле вершаў і музыкі славутага Булата Акуджавы. Асобай барда, яго песнямі-баладамі, шчырымі і адначасова глыбокімі, мудрымі і разам з тым іранічнымі, простымі і адначасова прачулымі, у савецкі і постсавецкі час захаплялася не адно пакаленне. Яго песні-малітвы спявалі людзі рознага ўзросту, розных прафесій і сацыяльнага статусу. Многія з іх і я ведаю на памяць.
Калі ж разгорнутае музычнае сачыненне на твае словы стаіць у адной праграме з творамі Акуджавы, падобная акалічнасць прымушае думаць: з гэтым харавым калектывам сябруеш недарма! І агульная праца з кампазітарам вартая прыкладзеных намаганняў.
Прысвечана Ганне Ахматавай
Восень 2008 года сталася незвычайна насычанай. Акрамя юбілею Дзяржаўнага камернага хору, адбылася яшчэ адна значная падзея. Яна задумвалася даўно, а рэалізавалася толькі цяпер.
З кампазітарам Уладзімірам Саўчыкам мы супрацоўнічалі даўно. Ён напісаў шмат харавых сачыненняў на мае словы, але па нейкіх прычынах не ўсе яны аказаліся запатрабаваныя. Сярод тых, што часта выконваецца, напрыклад, хор «Страла амура», сачыненне камедыйнай танальнасці, віртуозна ўвасобленае камерным хорам.
Некалькі нашых з кампазітарам рамансаў з задавальненнем спявалі салісты оперы. Нечакана высветлілася, што «Мелодыя» (іншая назва — «В начале Бог создал Любовь»), вельмі ўдала адкрывае якую заўгодна канцэртную праграму. Светлы, узнёслы твор з задавальненнем выконвала Анастасія Масквіна. Барытон Сяргей Лазарэвіч усхвалявана ўвасобіў рамантычны твор «Дзе ты, сад на маёй галавою. ». Камедыйна-сатырычную вакальную мініяцюру «Пегас і Парнас» неверагодна артыстычна інтэрпрэтаваў вядомы бас Алег Мельнікаў. А фартэпіяннае суправаджэнне дасціпна перадавала цокат капытоў Пегаса, які ўзнімаецца за воблакі. Публіка была вельмі ўзрадавана, што ёй далі магчымасць шчыра, ад душы пасмяяцца. Неяк міжволі нараджалася перакананне: гумару ў вакальнай музыцы да крыўднага мала!