Аднойчы кампазітар паказаў спіс сваіх твораў. Я звярнула ўвагу, што ў пераліку шмат сачыненняў на вершы Ганны Ахматавай.
— Паспрабуйце іх аб’яднаць у праграму або цыкл. Тады яго будзе цікава слухаць. А па адным вашы хары і рамансы згубяцца.
Сказала і забылася пра свае словы. Але, відаць, аналагічныя думкі ўзнікалі і ў галаве аўтара. Бо, вядома ж, кампазітар хоча створанае пачуць. Ноты сваіх опусаў, напісаных на вершы Ахматавай, Саўчык прынёс у музычную капэлу «Санорус», да яе кіраўніка Аляксея Аляксандравіча Шута. Бо ў калектыве раней выконваліся яго сачыненні.
Не ведаю, колькі прайшло часу. Але аднойчы ў кабінеце Аляксея Аляксандравіча гаворка зайшла пра Ахматаву і яе трагічны, пакручасты лёс. Пра здольнасць паэта і жанчыны сілай духу і паэтычнага слова супрастаяць жорсткім рэпрэсіям і магутнай дзяржаўнай машыне. Шут згадаў, што праз год будзе адзначацца 120-гадовы юбілей вялікай паэтэсы.
— Паслухайце, у мяне даўно ляжаць творы Саўчыка, напісаныя на вершы Ахматавай... — дастае з шуфляды ёмістую папку. — Не ведаю, што з імі рабіць. Асобныя хары і рамансы ёсць, але драматургіі няма. Калі яна з’явіцца, можна зрабіць музычны спектакль, дзе галоўны герой — Ганна Андрэеўна. Падумайце! Такую пастаноўку можна нават у школах паказваць. Бо творы Ахматавай ёсць у праграме па літаратуры.
Я ўзяла папку дадому. І пачала вывучаць змест. Калі ствараецца спектакль музычны або музычна-драматычны, спачатку робіцца сцэнарый. Узнікае «шкілет», на якім потым нарастае «мяса». Але як спалучыць кавалкі, што маюць блізкае гучанне? Шмат лірыкі, шмат журбы... І што далей? Мала кантрастаў, не хапае дзеяння. Хто героі, акрамя паэтэсы? Атрымліваецца задача з многімі невядомымі.
Але ўзнік азарт. Цікава, ці здолею я драматургічна пабудаваць няпросты музычны матэрыял. Каб ён «зайграў» і зазіхацеў на сцэне. А для пачатку хоць бы трымаў глядацкую ўвагу. Некалькі кніг пра Ахматаву было ў хатняй маёй бібліятэцы. Кніг рэдкіх, якія ў любы момант у кніжнай краме не набудзеш. Біяграфію Г анны Андрэеўны і падрабязнасці яе жыцця я добра ведала. Зняла з паліцы выбранае ў двух тамах і паглыбілася ў чытанне.
Вырашыла: першая дзея адлюструе дарэвалюцыйны перыяд жыцця паэтэсы. Яе нараджэнне як творцы, складаныя адносіны з мужам, паэтам Мікалаем Гумілёвым, раман з мастаком Амедэа Мадыльяні, які разгортваўся ў Парыжы. Другая частка будзе грунтавацца на паслярэвалюцыйных падзеях. І ў цэнтры апынуцца адносіны паэта і ўлады.
Аляксей Аляксандравіч з маімі прапановамі пагадзіўся. Структуру і дэталі будучага спектакля мы неаднойчы абмяркоўвалі з дырыжорам і кампазітарам у кабінеце кіраўніка «Саноруса» на вуліцы Гікала, у памяшканні Абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Пераканалі Саўчыка адмовіцца ад некаторых нумароў, якія не выглядалі абавязковымі і тармазілі дзеянне. Параілі дадаць новыя, больш драматычныя, часам і трагедыйныя эпізоды для другой часткі спектакля. Яны былі звязаныя з перыядам рэпрэсій, Айчыннай вайной. Адлюстроўвалі лёс усяго народа, лёс самой Ахматавай і яе сына, Льва Гумілёва, у далейшым аднаго з буйнейшых расійскіх вучоных. Кампазітар пагадзіўся, новыя фрагменты пісаў з энтузіязмам і творчым імпэтам.
Калі агульная структура пачала набываць стройнасць і дынаміку, засталося паміж музычнымі нумарамі дадаць тэксты Вядучага. Яны ўспрымаліся як каментарый сучаснага чалавека да падзей біяграфіі і лёсу паэтэсы. Ролю Ганны Андрэеўны павінна выконваць Таццяна Пятрова, вядучая салістка «Саноруса».
Амаль усё лета кампазітар займаўся аркестроўкай музычнага матэрыялу, які пакуль існаваў у клавіры. Восенню пачаліся рэпетыцыі, калі часткі спектакля — аркестр, хор, сольныя фрагменты пачалі яднацца ў адно цэлае. У якасці рэжысёра Аляксей Аляксандравіч запрасіў Ягора Лёгкага. Былі прадуманы мізансцэны, святло, касцюмы, візуальны шэраг. Над сцэнай у паветры луналі партрэты Ганны Андрэеўны, зробленыя мастакамі ў розныя перыяды яе жыцця. У тым ліку партрэт Мадыяльні, напісаны ў Парыжы, які няспыннай лініяй віртуозна абмалёўваў фігуру.
Напярэдадні прэм’еры хваляванняў хапала. У якасці пляцоўкі для паказу быў абраны Палац прафсаюзаў. Пасля капітальнага рамонту ён набыў прэзентабельны выгляд. Музычнае жыццё сталіцы восенню, пасля летняга зацішша, насычанае. Таму існуе небяспека, што нягледзячы на арыгінальную назву спектакля, сур’ёзную рэкламу, глядач не збярэцца.
Аднак атрымалася наадварот! Зала аказалася паўнюткая. Думаю, найперш прывабіла імя вялікай паэтэсы, чыя спадчына з кожным дзесяцігоддзем набывае ўсё большую паэтычную і культурную каштоўнасць. Выявіўся інтарэс да яркіх прадстаўнікоў «сярэбранага веку». Нарэшце паўплывала цікавасць музычнай грамадскасці, які ж спектакль атрымаўся ў кампазітара і капэлы «Санорус».