Выбрать главу

Публіка слухала ўважліва. У зале сабралася шмат кампазітараў, музыкантаў, журналістаў. Напрыканцы слухачы авацыяй віталі аркестр, хор, салістку і дырыжора. Хвалюючы момант! Ён пераконваў, што інтуітыўна мы абралі правільны шлях. Шкада толькі, што паказ музычна-драматычнага спектакля пад назвай «Споведзь кахання» так і застаўся адзіным.

Сілуэты Венецыі

...Мы з Алінай едзем у таксі. Ад вуліцы Матусевіча, дзе толькі што адбылася рэпетыцыя з хорам оперы, у бок мікрараёна Сухарава, дзе яна жыве. Таксі, вядома, — раскоша, але трэба завезці клавішы на кватэру кампазітара. Іначай, як з дапамогай таксі, не атрымаецца, яны нікуды больш не змесцяцца.

Абедзве мы ўзбуджаныя толькі што пачутым вынікам, галасамі хору, якія працягваюць гучаць у свядомасці. Таму эмоцыі льюцца праз край. Змоўкнуць і супакоіцца пакуль абсалютна немагчыма! Не памятаю, хто з нас першы выказаў думку, што музычныя сцэна «На прыступках Калізея» павінна мець працяг і зрабіцца часткай большага цыкла.

— Якія ў ім могуць быць часткі? — спытала Аліна.

— Думаю, там абавязкова павінна быць Венецыя, — заўважыла я. — Бо «Калізей» дастаткова трагічны. Слухача ўражвае кантраст...

— І штосьці яшчэ, — дадала кампазітар. — Тры часткі — лепшы варыянт.

Вырашылі, апошняя частка павінна так ці іначай быць звязанай з Рымам.

Мы абедзве бачылі Венецыю і Рым, але ў розны час. Асабістыя ўражанні важныя, без іх нічога не атрымаецца. Але якім павінен быць тэкст, які задаволіў бы кампазітара і мяне саму?

Пераказваць уласныя ўражанні? Смешна. Іх шмат. Даты і назвы не пяюцца. Ідэальна — увасобіць вобраз горада. Але Венецыя такая зменлівая, у яе столькі абліччаў, як іх спалучыць у штосьці цэласнае? Венецыянскі карнавал? Магчыма. Ужо бліжэй...

Пачала корпацца ў кнігах і альбомах. У адной з энцыклапедый, трапіўся цікавы артыкул, прысвечаны карнавалам увогуле. Дадзена лацінская назва з’явы, «Carrus navalis» і беларускі пераклад — «пацешлівая калясніца».

Вобраз кола ўвесь час прысутнічае ў беларускіх масавых святочных дзеях. Купалле — вянок, сплецены з кветак; кола коціцца з гары. Танцавальны карагод таксама рухаецца па коле. А Каляды, з іх тэатральнымі прадстаўленнямі, маскамі і пераапрананнямі — хіба не карнавал? Масленічны блін — зноў-такі круглы. Так узнік вобраз ўсеагульнага свята, карнавала, які ахоплівае не адну Венецыю. Бо кожнае народнае свята — карнавал, толькі сялянскі. Ура! Вобраз знойдзены...

Словы «Carrus navalis — пацешлівая калясніца» ўявіліся нізкімі мужчынскімі галасамі, што гучаць змрочна і, магчыма, злевесна. Бо венецыянскія маскі розныя. Не толькі прыгожыя, радасна-святочныя, але страшнаватыя, жудасныя, фантасмагарычныя. Далей пайшло лягчэй. Падалося, напачатку хор павінен спяваць таямніча і загадкава:

Фантом... Ілюзія... Міраж...

Венецыя збірае карнавал...

З усіх краін, з усіх часоў, з усіх вякоў...

У музычнай сцэне хацелася адлюстраваць няспынную плынь удзельнікаў карнавалу, тых, хто весяліцца. А калі прапанаваць так?

Па вуліцах і плошчах і палацах

Ляціць, грыміць віхурай нестрыманай

Імклівы, маляўнічы і стракаты

Венецыянскі карнавал.

Кампазітару спадабалася, і радкі пайшлі ў работу. А калі дадаць для смеху ці, як кажа моладзь, для «прыколу», размоўныя фрагменты? Яны належаць знакамітым наведвальнікам Венецыі (Атэла, Дэздэмона, граф Каліостра). Рэплікі будуць існаваць не для спеваў, агаворкі ці рэчытатыву. Усё роўна кампазітар іх скароціць! Дык хоць я атрымаю задавальненне... Але, як ні дзіўна, кампазітар тыя дыялогі пакінула. І выканаўцы кожны раз узнаўляюць іх з відавочным задавальненнем. У рэшце рэшт «Міражы Венецыі» сталіся ўсяго чатырма старонкамі рытмізаванага тэксту.

Раней я ведала, што пэўны настрой верша ў музыцы можа трансфамавацца амаль у супрацьлеглы. Але каб да такой ступені?! Калі Аліна працавала над «Міражамі», спатрэбіўся дуэт. Я знайшла ў сваім архіве верш, які называўся «Туманы Венецыі». Зрабіла новы варыянт і даслала кампазітару па электроннай пошце. Некалі верш быў напісаны ў стане скрухі і адчаю. Кампазітар апусціла некаторыя радкі, а ў выніку — дзякуючы музычнаму рашэнню і перазовам галасоў — нумар ператварыўся... у рамантычную баркаролу, хвалюючы любоўны дуэт. Скажыце, такія рэчы можна ўсвядоміць?!