Нарэшце «Міражы» скончаны. Яны былі напісаныя для хору, двух салістаў — сапрана і тэнару, ударных і фартэпіяна. Калі Аліна Іванаўна ўпершыню сыграла твор на рэпетыцыі ў вялікай зале філармоніі, дык, пачуўшы першы фартэпіянны пройгрыш, я зразумела, што атрымаўся шлягер, які будзе надзвычай запатрабаваны. Сапраўды, разгорнутых музычных сцэн з элементамі тэатралізацыі, сачыненняў маляўнічых і жыццярадасных, што ўвасабляюць карнавальныя эмоцыі, да крыўднага мала. І харавыя калектывы, і шматлікія слухачы хочуць падсілкавацца зіхатлівай радасцю, калі яна прысутнічае ў музыцы.
Калі прэм’ера адбылася, пасля яе да кампазітара падышла Вера Дабравольская, кіраўнік хору «Ветрык». І папрасіла, каб аўтар зрабіла новы варыянт сачынення, улічыўшы магчымасці юных выканаўцаў. Кампазітар сапраўды сёе-тое перагледзела, зняла дуэт закаханых (рана яшчэ дзецям, няхай падгадуюцца!). У выніку «Ветрык» выконваў «Міражы Венецыі» на безлічы фестываляў — у Беларусі, Расіі, Латвіі, Балгарыі.
Аднойчы Вера Іванаўна жартам паскардзілася нам з Алінай: — Я ўжо не магу гэтую сцэну выконваць... Мы столькі яе вазілі, столькі спявалі на розных пляцоўках! Мне хочацца іншых твораў! А мае артысткі патрабуюць зноў спяваць «Міражы»...
«Шляхі ўсе вядуць у Рым...»
Але я забегла наперад. З «Міражамі» мы разабраліся. А вось тэкст, які павінен быў адлюстраваць вобраз Рыма, вечнага горада, аказаўся суцэльнай пакутай. Так я не мучылася ніколі!
Зразумела, ніякай рыфмы, яна будзе толькі перашкаджаць. Першы варыянт. Другі, трэці... Усё — міма, усё — не тое! Праўда, пачатак ёсць:
Шляхі усе вядуць у Рым,
Пачуцці ўсе вядуць у Рым,
Памкненні ўсе вядуць у Рым,
Успаміны ўсе вядуць у Рым!
Падобны тэкст можа моцна прагучаць у спевах, але ж яго мала!
Тым летам ішлі бясконцыя размовы па тэлефоне. І менавіта з нагоды будучага «Вечнага горада». Кампазітар:
— Мне хочацца мець тэкст такога ж узроўню, як «Калізей»!
— Аліна, але той верш быў гатовы! Вы знайшлі яго ў зборніку. Я не азіралася і не думала, каму і для чаго ён спатрэбіцца. Як хацела, так і напісала...
— І тут, як хочаце, так і напішыце...
Усё так, але на псіхіку ціснула адказнасць. Усведамленне, што павінна атрымацца не горш, чым «Калізей», а мо і лепей. Не атрымліваецца — і раздражняе пачуццё ўласнага бяссілля. Уражанне, што павінен стрэліць з артылерыйскага снарада, прычым, на вялікую адлегласць — і трапіць у цэль. Але механізма, які б дазваляў убачыць, куды страляеш, папярэднім разам трапіў блізка ці далёка ад мэты, — яго няма! Усё — усляпую! Пяты варыянт, шосты... Зноў міма!
Калі ідзе праца над будучым сумесным творам, яна — як... працэс цяжарнасці. Чакання дзіцяці. Працэс таямнічы, мала прадказальны. Дзіця расце, развіваецца, але пакуль не бачыш, якое яно. Працэсам нараджэння зробіцца прэм’ера. Да яе далёка. А калі наогул нічога не атрымаецца?!
Падчас пошукаў патрэбнага вобраза спатрэбілася мноства кніг. Плутарх, гісторыя антычнасці, альбомы з жывапісам эпохі Адраджэння. Галоўнае пытанне: як спалучыць Рым антычны, часоў Калігулы і Нерона, з сучасным абліччам горада? А бязлітасную барацьбу язычнікаў супраць першых хрысціян — з тымі глыбока хвалюючымі сцэнамі малітвы вернікаў, якія бачыла на свае вочы ў саборы Святога Пятра?
У стане эмацыйнай прыгнечанасці паглыбілася ў гістарычны раман класіка польскай літаратуры Генрыка Сянкевіча «Куды ідзеш?» («Quo vadis»). Ён прысвечаны той эпосе і тым падзеям. Менавіта там, на адной са старонак рамана, знайшла вобраз, які ў нашай музычнай сцэне потым зрабіўся ключавым. Калі на арэне цырка стаялі крыжы. І на крыжах, прыбітыя цвікамі, марудна, у пакутах паміралі першыя хрысціяне, якія не маглі адмовіцца ад сваёй веры і перакананняў. Сабор Святога Пятра, адзін з самы велічных храмаў свету, узнік на месцы пахавання аднаго з укрыжаваных апосталаў. Міжволі думаеш: мо гэты храм таму моцна ўздзейнічае на пачуцці чалавека, што пабудаваны на крыві?
Калі музычная сцэна была напісана і мы дачакаліся прэм’еры, Алег Кавалеўскі, саліст хору Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, стоячы за кулісамі і чакаючы свайго выхаду, заўважыў:
— Ну і тэксты ў вас.
Калі спявак праз хвіліну павінен выйсці на сцэну, дык не будзеш пачынаць дыскусіі і ўдакладняць, чаго болей у яго словах — прызнання экспрэсіўнасці верша, ціхага абурэння ці ўнутранай нязгоды. Хоць зразумела, кожнаму артысту нялёгка спяваць або дэкламаваць тэксты, у якіх паўстаюць карціны суровыя, у нечым жорсткія. Але гэта значыць, што задачу, якую акрэслівала кампазітар, я ўсё-такі выканала.
Зыходны тэкст павінен быў атрымацца шматпланавы. Потым кампазітару трэба знайсці ў ім фрагменты, якія будзе выконваць хор, і тыя, дзе спявае саліст. Прадумаць спалучэнне харавой тканіны з інструментальнай. У «Вечным горадзе» ўзаемадзеянне фартэпіяна, ударных і аргана аказалася складаным і віртуозным. Але ж і кампазітару цікава працаваць над жанрамі, дзе ёсць магчымасць эксперыментаваць, спалучаць нечаканыя музычныя фарбы і тэмбры. Дагэтуль памятаю: калі пасля ўступу загучалі званы ўдарных, узнікала трывалае ўражанне, нібы гартаюцца старонкі летапісу, і мы імкліва перамяшчаемся ў іншую прастору, іншую, менавіта антычную, эпоху.