Калі праца над «Міражамі Венецыі» і «Вечным горадам» была скончана, ноты кампазітарам набраныя, партыі хору, салістаў, асобных інструментаў раздрукавыя, мы з Алінай зноў-такі пачалі думаць: каму аддаць? З чатырох музычных сцэн, якія павінны прагучаць на вечарыне, дзве — «Калізей» і «Гімн сонцу» — ужо выконваў хор Опернага тэатра. Калі яны возьмуцца, дык вучыць давядзецца мала.
Але высветлілася, што на гэты калектыў разлічваць не варта. У будынку тэатра завяршаліся капітальны рамонт і рэканструкцыя, чакаліся змены ў кіраўніцтве, хадзілі размовы пра аб’яднанне оперы і балета. У дадатак увесь тэатр заклапочаны тым, каб хутчэй абжыць новыя памяшканні, унікальнае абсталяванне сцэны і пачаць паказваць спектаклі на ўласнай тэрыторыі. Зразумела, ім не да нашых праектаў.
Тады выправіліся ў Акадэмічны хор тэлерадыёкампаніі, які да таго праспяваў шмат сачыненняў спадарыні Безенсон. Было відавочна, што Вользе Янум, дырыжору, якая тады з’яўлялася мастацкім кіраўніком калектыву, ідэя спадабалася. І што хор хутчэй за ўсё будзе ўдзельнічаць у нашым праекце. Але маёй прапановай, каб салісты былі з Опернага, яна амаль абурылася:
— А чаму — яны? Хіба ў нас сваіх няма?!
Як я не здагадалася?! Меркаванне Вольгі Янум было слушным, бо кожны кіраўнік павінен «прасоўваць» сваіх лепшых артыстаў, а не чужых. Проста салістаў хору радыё я ведала на той час мала. Але рашэнне дырыжора ацаніла пазней, падчас канцэрта, бо Алег Кавалеўскі, Вольга Рузіна, Аксана Рагоўская, Святлана Даражок выконвалі свае партыі прафесійна і з вялікай эмацыйнай аддачай.
Аліна аддала дырыжору музычныя сцэны, над якімі так доўга працавала. А я далучыла яшчэ адзін твор. Музычная фрэска называлася «Егіпет. Клеапатра» і была напісаны Аленай Атрашкевіч. Яна займалася гэтым сачыненнем доўга — сумнявалася, адкладвала, вярталася да яго. Бо імкнулася перадаць у спевах салісткі і рэпліках хору адчуванне гарачага паветра, якое бруіцца над палацам Клеапатры. Пачуцці жанчыны неверагоднай прыгажосці, чыё каханне потым зрабіліся міфам. Яе прадчуванне мяжы рэальнага жыцця і небыцця. На мой погляд, фінал сачынення атрымаўся нечаканым. Амаль геніяльным... Гэта шэпт хору — «ш-ш-ш», які перадае рух змейкі па гарачым пяску. Той, якая паставіла кропку ў зямным жыцці легендарнай царыцы.
Паколькі музычнага матэрыялу аказалася багата, Вольга Янум пакінула сабе для дырыжыравання два сачыненні — «Клеапатру» і фінальны «Гімн сонцу», а іншыя сцэны размеркавала паміж дырыжорамі калектыву. Над «Вечным горадам» і «Калізеем» працаваў Андрэй Саўрыцкі, над «Міражамі» — Андрэй Кунцэвіч. На рэпетыцыях, як заўсёды, кампазітары, дырыжоры, салісты ўдакладнялі штрыхі, тэмпы, вакальныя фарбы, узаемадачыненні розных інструментаў.
Праект пад назвай «Я вандрую ў стагоддзях» быў паказаны ў філармоніі ў лютым 2009 года. У вырашэнні фінансавых пытанняў (а без іх ніяк не абыдзешся!) вельмі дапамагла стыпендыя Міністэрства культуры. Без яе, магчыма, нічога б і не адбылося. У першай дзеі на сцэне ўладарыў Дзяржаўны камерны хор, які прадстаўляў сачыненні розных аўтараў, на пачатку другой — аркестр харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», які прэзентаваў опус кампазітара Марыны Марозавай. Далей — Акадэмічны хор тэлерадыёкампаніі. Напружанне і маштаб музычных сачыненняў паступова ўзрасталі.
Сядзіш у вялікай зале філармоніі, слухаеш, хвалюешся і ўвесь час табой валодае дзіўнае пачуццё. Няўжо да гэтых прафесіяналаў (у вышэйшай ступені), якія ўладараць на сцэне, ты маеш непасрэднае дачыненне? Няўжо нейкім чынам, хоць ускосна паспрыяў таму, што велічныя, магутныя музычныя карціны паўсталі перад сцішанай глядзельнай залай? Няхай на працягу дзвюх гадзін, але паўсталі...
Пасля «Вандраванняў»
Праект завяршыўся, але ягонае рэха мы адчувалі яшчэ доўга. Беларускае радыё зрабіла запіс вечарыны, потым у эфіры канала «Культура» прайшла трансляцыя — найперш дзякуючы прафесійнасці кампазітара і гукарэжысёра Віктара Кісценя. Шмат увагі надалі падзеі прэса і тэлеканалы.