Падрыхтоўка той вечарыны і асабліва праца над «Вечным горадам» запатрабавалі столькі душэўных сіл, што потым я доўга не магла нічога пісаць. Што ні зробіш, відавочна: атрымліваецца горш і слабей. «Вечны горад» трымаў і далей, эмацыйна і псіхалагічна. Паглядзела відэаверсію. Два разы, тры... Бо хацелася вярнуцца ў залу і перажыць наноў тыя ж эмоцыі.
У пэўны момант усвядоміла, што і кампазітарам трэба адпачыць, і мне. Або пераключыцца, хоць бы часова, на іншыя жанры і клопаты. Дык што, кропка ці коска?.. Не, хутчэй шматкроп’е, паўза. Жаданне падумаць, прааналізаваць зробленае, неўпрыкмет, паступова назбіраць новыя ўражанні.
Як знайсці агульную мову?
Аднойчы размаўлялі з Таццянай Герасімаўнай Мдывані, доктарам мастацтвазнаўства, вядомым вучоным, якая ўсё жыццё займаецца даследаваннем музыкі ўвогуле і твораў айчынных кампазітараў у прыватнасці. Гаворка зайшла пра супрацоўніцтва аўтара вершаў і кампазітара. Яна спытала:
— Раскажыце, як з усімі імі вы знаходзіце агульную мову?
Адказаць усур’ёз на такое складанае пытанне немагчыма, таму палічыла, што гумарыстычны варыянт будзе самым дыпламатычным.
— Галоўнае, ніколі не пераказваць аднаму кампазітару, што думаюць пра ягоную творчасць іншыя. І тады ўсё будзе цудоўна!
Жарты жартамі, але адна мастацкая сістэма каардынат досыць часта катэгарычна і прынцыпова адмаўляе іншую.
У якасці прыкладу — таксама гумарыстычная сітуацыя, якая адлюстроўвае адносіны ўнутры кампазітарскай грамады. На афішы творчай вечарыны надрукаваны пералік прозвішчаў кампазітараў, чые сачыненні прагучаць. Тэлефануе адзін з шаноўных аўтараў. І ледзь стрымлівае ўласныя эмоцыі:
— Таня, як ты магла паставіць на афішы маё прозвішча пасля прозвішча імярэк?! Яго са студэнцкіх гадоў ніхто ўсур’ёз не ўспрымае... Усё жыццё песенькі піша!
Што ў такім выпадку можна адказаць?
— Разумееце, прозвішчы на афішы ідуць па алфавіце. Якое прозвішча мама з татам далі, такая паслядоўнасць і атрымалася!
На адлегласці адчуваю, што субяседнік паспакайнеў. Бо аргумент пераконвае.
— Ну, добра. Тады зразумеў...
Аб’ектыўную ацэнку мастацкага выніку можа даць музыказнаўца. І пажадана, калі ён не знаходзіцца ўнутры структуры і тусоўкі. Здараецца, аўтару, паглыбленаму ў сачыненне маштабнага опуса, не надта цікава, што і як піша калега. Ёсць творцы, якія ходзяць на ўсе прэм’еры (як напрыклад, Сяргей Картэс або Аліна Безенсон), а ёсць тыя, хто прынцыпова там не з’яўляецца. У рэшце рэшт не так важна, як ставяцца адзін да аднаго кампазітары, з якімі я супрацоўнічаю. Важней, што мы можам зрабіць разам з кожным з іх.
Магчыма, паміж тэкстамі-вершамі, якія выпадкова ці заканамерна сабіраюцца на пісьмовым стале (ці на фартэпіяна) аднаго кампазітара, ідзе негалоснае спаборніцтва. Калі кампазітар шукае музычную тэму або гукавое ўвасабленне радка, ён свядома ці падсвядома параўноўвае глыбіню і ёмістасць верша, закончанасць формы. Верш падказвае і вызначнае — тэму, вобразы, тэмп, рытм. Але шмат залежыць і ад аўтара музыкі. Слова можна ўзняць (глыбінёй музычнай інтэрпрэтацыі), але можна і апусціць — банальнасцю ці павярхоўнасцю падыходу.
У пэўны момант я прыйшла да высновы: кампазітара не трэба прыспешваць, тузаць, чакаць хуткага выніку. Лепей спакойна і памяркоўна ставіцца да таго, ці атрымалася эмацыйна супасці з аўтарам музыкі на пэўны час. Каб узнік новы твор, павінна з’яднацца шмат прычын. Але калі не ўзнікае, прычын супадае не менш (занятасць іншым праектам, інтарэс да іншых жанраў, банальнае жаданне перавесці дух пасля працы ў вялікіх формах).
Глыбока паважаю і люблю ўсіх сваіх кампазітараў. І тых, з кім разам напісана шмат, як з Аленай Атрашкевіч, Алінай Безенсон, Марынай Марозавай. І тых, з кім напісаны хоць бы некалькі твораў, а далей кожны з нас пайшоў сваёй сцежкай. Таму ўдзячна кожнаму. Усяго болей за 220 сачыненняў. Хіба мала?..
Не перабольшваю ўласных дасягненняў. Бо глыбока перакананая: поспех музычнага твора на дзве траціны залежыць ад таленту кампазітара. І ўсё ж класны твор немагчыма стварыць на прахадны, «ніякі» тэкст.
Вялікае шчасце для аўтара, калі яго слова гучыць. У лепшых залах, на міжнародных фестывалях, па радыё. Знаходзіць увасабленне ў нотах рамансаў, песень, хароў. Вялікае шчасце пачуць музыку, самае высокае і магутнае з усіх мастацтваў, якая нарадзілася дзякуючы і тваім радкам.