Музычныя вандроўкі «Дзеда Мароза»
Летам 1999 года ў выдавецтве «Юнацтва» рыхтаваўся да друку мой зборнік вершаў для дзяцей. Ён меў назву «Калі тата — Дзед Мароз», рэдактарам яго быў Уладзімір Іванавіч Карызна, вядомы паэт, чалавек чулы і душэўны. Нарэшце рэдагаванне скончана. «Вы не ўяўляеце, якая будзе кніга! Убачыце, калі выйдзе...», — сказаў між іншым Карызна з усмешкай, у якой ядналіся гарэзнасць і зычлівасць. «Які эмацыйны чалавек!» — падумала я. Сказ прапусціла міма вушэй, а ўспомніла непараўнальна пазней.
У якасці мастака над кнігай працавала цудоўны графік Галіна ХінкаЯнушкевіч. Калі аўтар тэксту і мастак ведаюць і паважаюць творчасць адзін аднаго, тыя веданне і павага моцна ўплываюць на канчатковы вынік. У кніжных графікаў заказаў хапае, таму яны імкнуцца брацца за тое, што вабіць. Прачытаўшы зборнік, Галіна адразу патэлефанавала:
— Мне спадабаліся вашы вершы. Яны смачныя, апетытныя...
Пачуць такія ацэнкі ад мастачкі, якая ўспрымае рэчаіснасць пачуццёва, зрокава і колерава, дарагога каштуе. Акварэльных малюнкаў у зборніку аказалася шмат. І маленькія застаўкі, на якіх узнікалі зацярушаныя снегам гронкі чырвонай рабіны, ліловыя лясныя званочкі, бухматая пчала і спелая маліна, акно з імклівымі фіранкамі, расчыненае ў вясну. І «палосныя» ілюстрацыі з разгорнутымі, маляўнічымі карцінамі прыроды — луг з копамі маладога сена, агарод, дзе растуць сланечнікі, так падобныя на сонца. І пейзажы з мноствам радасных, трапна заўважаных мастакоўскім вокам дэталей, якія і даросламу і дзіцяці хочацца доўга разглядаць. І прыгожыя, высакародныя твары.
Акварэльныя малюнкі Галіны адлюстроўвалі сапраўды жаноцкае, ласкава-добрае і вясёла-ўсмешлівае ўспрыманне рэчаіснасці. А таксама інтэлігентнае стаўленне да маленькага чытача. Невыпадкова Дзед Мароз атрымаўся ў яе не традыцыйным старым з белай барадой, а сучасным інтэлектуалам, які адаптаваўся да цывілізацыі, жыве не ў лесе, а ў горадзе, а ў вольны час, магчыма, спявае пад гітару бардаўскія песні.
Напрыканцы 2000 года, якраз напярэдадні каталіцкага Ражства, тагачасны дырэктар «Юнацтва» Алесь Камароўскі аддаў у рукі сігнальны экзэмпляр «Таты...». Дадаўшы, што такой прыгожай кнігі выдавецтва даўно не мела. А каб кніга выходзіла на пачатку года, а не напрыканцы, дык можна было б ставіць тыраж пяць тысяч, а не тры.
Рыхтуючы разам з Уладзімірам Карызнам зборнік, атрымліваючы яго з рук Алеся Камароўскага, нават уявіць не магла, што літаральна ўсе тэксты невялікай, у 48 старонак кніжкі «разыдуцца» на... музычныя сачыненні. Адны зробяцца песнямі, іншыя — харавымі творамі для шматлікіх калектываў, іх будуць спяваць самыя розныя выканаўцы — і дзіцячыя, і дарослыя. Самае цікавае, што некаторыя тэксты двойчы і тройчы пакладзены на музыку. Рознымі творцамі, калі пра існаванне яшчэ аднаго музычнага варыянта не здагадваўся ніхто.
Слова і музыка
Увогуле кампазітары дужа не любяць, калі над тым вершаваным тэкстам, над якім ён столькі шчыраваў, хтосьці працаваў раней, да яго, або цяпер, паралельна працуе іншы сабрат-кампазітар.
Выключэнне — толькі класікі. Бо творы Пушкіна, Лермантава, Цютчава, Фета, Буніна, Купалы, Багдановіча і іншых паэтаў кампазітары імкнуліся музычна ўвасобіць безліч разоў, і ніхто тое ўвасабленне за ганьбу не лічыў. Хутчэй наадварот — за гонар! Але што датычыць тэкстаў сучасных паэтаў, ні ў якіх спаборніцтвах кампазітары ўдзельнічаць не хочуць, і гэта зусім натуральна.
Аддаючы кампазітару пэўную колькасць тэкстаў (паказваць адзін ці два бессэнсоўна!), ніколі не ведаеш, што «зачэпіць» і зробіцца штуршком для нараджэння музычнага твора, а што застанецца проста вершам. Ёсць шэраг уласных тэкстаў, якія здаюцца гатовым рамансам ці песняй. Але чамусьці ніхто не піша! Ёсць гатовыя песні, рамансы і хоры, якія ні адзін музычны калектыў ці саліст пакуль не ўзяў для выканання. Яны годна зроблены прафесійнымі кампазітарамі, але ж ляжаць не першы год без усялякага руху. Чаму? Для мяне загадка.
Чаму бяруць або не бяруць пэўныя тэксты (чужыя ці мае) у работу, чаму пішуць ці не пішуць на іх музыку, — таямніца, якую нават не імкнуся разгадаць. Тут шмат незразумелага, ірацыянальнага. Як зрэшты і ва ўзаемадзеянні слова і музыкі.
Музыка бязмежна ўзмацняе ўздзеянне верша. Гучанне пачуццёвае, псіхалагічнае, энергетычнае. І па той простай прычыне, што музыка ўплывае на падсвядомасць, а тэкст — найперш на свядомасць. І па фізічным законе рэзанансу, калі эмацыянальныя і сэнсавыя абертоны слова і музыкі пачынаюць супадаць. І дзякуючы таму, што радыёі тэлеаўдыторыя слухачоў песень і рамансаў непараўнальная з той невялікай часткай чытацкай аўдыторыяй (1—2 працэнты), якая яшчэ мае патрэбу звяртацца да вершаў. Пакладзенае на музыку, слова часам набывае нечаканы сэнс і пераходзіць у іншае вымярэнне.