Выбрать главу

Поспех да вакальнага твора прыходзіць, мне здаецца, толькі ў тым выпадку, калі аўтар верша і кампазітар добра разумеюць адзін аднаго. Дакладней, адчуваюць. Калі ў разуменні мастацтва шмат агульнага, калі суаўтары супадаюць у часе і эстэтычных прынцыпах. Найлепш адчуваюць мастацкія памкненні іншага прадстаўнікі аднаго пакалення, аднаго ўзросту і, як ні падасца дзіўным, аднаго сацыяльнага статусу. Бо бедны з багатым сябраваць не будуць — і наадварот. Усё хутка рассыплецца...

Працэс сумеснай працы ідзе найбольш плённа да таго часу, пакуль мора глыбокае, пакуль вабіць творчая асоба іншага, пакуль ідзе працэс яе разгадвання і спасціжэння. Калі асоба расчароўвае чалавечымі якасцямі, наўрад ці можна нарадзіць што-небудзь разам. Здараецца, гатовыя ноты сведчыць, што кампазітар цябе не зразумеў, што ў адны і тыя ж словы, вобразы і паняцці вы ўкладаеце зусім розны сэнс. Але на фоне адносных удач ярчэй выглядае бясспрэчная перамога. І таму адчуваеш сябе акрыленай і невымерна шчаслівай, калі кампазітар знаходзіць у тваім тэксце (або дадае ўласнай фантазіяй і талентам) сэнс і глыбіню, пра якую ты, магчыма, нават не здагадваўся.

Гісторыя аднаго раманса

Вакальны твор гучыць звычайна ад дзвюх да чатырох хвілін. Калі б наведвальнікі «жывых» канцэртаў, радыёслухачы і тэлегледачы, маглі здагадвацца, колькі эмоцый, працы і намаганняў утойваюць гэтыя хвіліны! Якія страсці віруюць за кулісамі падчас падрыхтоўкі адказных канцэртаў, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў — сутыкненне амбіцый, творчых і не творчых, смеласці, сціпласці, таленту, нахабства, крыўд... Усяго!

Напрыканцы 1998 года або на пачатку 1999-га кампазітар Марына Марозава напісала раманс «Ноч» на мае словы (на старонцы вершаванага тэксту стаяла прысвячэнне — «Марыне Цвятаевай»). А крыху пазней узнік і першы вакальны цыкл «Споведзь жанчыны», які складаўся з трох частак. Твор, як потым казалі слухачы, атрымаўся незвычайны. Артыстка пачынала спяваць акапэльна, калі фартэпіяна яшчэ маўчала. Першыя гукі чамусьці прымушалі ўбачыць неабсяжнае вечаровае поле (або бясконцы стэп), успомніць працяглыя народныя песні-плачы, убачыць рухома-трапяткое полымя свечкі ў паўзмроку пакоя, аблічча і твар жанчыны ў белым адзенні, якая чакае каханага... Музычныя вобразы паўставалі перад вачыма так ярка!

Раманс — у процівагу таннай «папсе», якая часам успрымаецца як сродак тыражыравання пошласці і безгустоўшчыны, арыентаваны на слухача інтэлігентнага і інтэлектуальнага. Само слова «раманс» вядзе за сабой пэўны сэнсавы ланцужок: класічныя традыцыі, іх сучаснае ўвасабленне, высакароднасць стылю, увага да слова, імкненне знайсці ў ім сэнс, эмоцыі і прыхаваную музыку.

Марозава заўсёды пісала шмат рамансаў, актыўна працавала ў гэтым жанры яшчэ са студэнцкіх часоў. Гэткую прыхільнасць некалі ўхваліў нават яе настаўнік Яўген Глебаў. Класік беларускай музыкі ХХ стагоддзя спачатку досыць недаверліва ставіўся да практыкаванняў студэнткі ў такім накірунку, але вынік яго пераканаў. Глебаў сказаў Марыне: «Магчыма, гэта якраз ваш жанр... »

Са студэнцкіх часоў прайшло шмат гадоў. За гэты час Марозава са студэнткі ператварылася ў дацэнта педагагічнага ўніверсітэта, а потым прафесара Інстытута сучасных ведаў. Потым — у музычнага кіраўніка аркестра Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Напісала вялікую колькасць песень на словы беларускіх паэтаў — Н. Гілевіча, А. Лойкі, Н. Мацяш, В. Аколавай, М. Башлакова, І. Ждановіча. А таксама рамансаў, дзе прадстаўлены паэты розных эпох. І класіка — А. Пушкін, М. Валошын, А. Міцкевіч; і сучасныя паэты — С. Красікаў, С. Капуцікян, Л. Паўлікава.

Раманс «Ноч» напісаны. Калі ноты гатовыя, адразу паўстае пытанне: хто будзе спяваць? Хто з выканаўцаў запіша твор у студыі радыё — так, каб якасны запіс можна было выкарыстоўваць у шматлікіх перадачах?

Прафесійнаму кампазітару ў той час было досыць лёгка атрымаць на некалькі гадзін студыю Нацыянальнага радыё. Марына вырашыла, што лепш за ўсё вакальны цыкл «Споведзь жанчыны» выканае салістка оперы Таццяна Траццяк, уладальніца на дзіва прыгожага, палётнага сапрана — з незвычайна лёгкімі, срабрыстымі верхнімі нотамі. Таццяна бліскуча выконвала многія вядучыя оперныя партыі ў спектаклях. І ў Мінску, і ў час гастроляў у Германіі і Швейцарыі.

Акампаніраваць Таццяне падчас запісу павінен быў Алег Крымер, лаўрэат міжнароднага конкурсу, дацэнт Акадэміі музыкі і выкладчык гімназіі-каледжа. У той час шмат вучняў Алега Майсеевіча атрымалі званне лаўрэатаў на прэстыжных конкурсах піяністаў. Спачатку ён ездзіў за мяжу разам з вучнямі як педагог, потым як член журы міжнародных конкурсаў, а гадоў дзесяць таму назусім перабраўся з сям’ёй у Германію. У сталым узросце вывучыў нямецкую мову, і цяпер яго былыя вучні і вучаніцы ездзяць да свайго педагога ў Германію, каб удасканальваць майстэрства.