Але вернемся ў 1999 год. Каб адпаведна настроіць і спявачку, і піяніста, Марозава загадзя паказала ім ноты і тэксты рамансаў. Настрой музыкантаў заўсёды залежыць ад сэнсу твора, яго глыбіні, арыгінальнасці музычнай мовы. Падчас рэпетыцый, напярэдадні запісу, ідзе карпатлівая праца, калі шматкроць паўтараецца і адточваецца кожны сказ, асобныя словы, працягласць паўз і нават асобных нот. У студыі рэдка сачыненне запісваюць з першага дубля, іншым разам для ўдалага варыянту і пяць дубляў патрэбна. Нарэшце — запісалі. Як меркавалі гукарэжысёры, удала.
Але праз нейкі час Марыне падалося, што Таццяна Траццяк як маладая спявачка здолела ўвасобіць не ўсе адценні твора. І прапанавала запісаць цыкл яшчэ раз — народнай артыстцы Наталлі Рудневай, з якой супрацоўнічала. Салістка Нацыянальнай оперы, яна мае неверагодна вялікі оперны і камерны рэпертуар. З гастролямі аб’ездзіла літаральна ўвесь свет. Марына слушна лічыла, што ў голасе Рудневай, густым і насычаным мецца-сапрана, больш драматызму і нават трагічнасці гучання.
Запіс вакальнага цыклу, зроблены Наталляй Аляксандраўнай, як потым і двух наступных цыклаў, таксама напісаных Марынай на мае словы, увайшоў потым у наш сумесны з Марозавай CD-дыск «Тихо музыка в дом мой вошла...».
Але на гэтым гісторыя аднаго раманса не скончылася. Аказалася, гэта была толькі першая серыя, скажам так, акадэмічна-оперная. Другая сталася песенна-эстраднай. У прафесара Марозавай, якая выкладала ў Інстытуце сучасных ведаў, з’явілася абаяльная студэнтка, Марына Філіпава. У яе выканаўчай манеры натуральна спалучаліся рысы эстрады, блюза і фолька. Марына-студэнтка развучыла той самы раманс «Ноч». З поспехам выконвала на студэнцкіх імпрэзах, аднойчы нават у камернай зале філармоніі. І Філіпаву нельга было не заўважыць побач з вопытнымі і масцітымі артыстамі.
Лістапад 2003 года. У Палацы Рэспублікі ў межах «Залатога шлягера» праходзіць «Рамансіяда», міжнародны конкурс выканаўцаў старадаўняга раманса. І Марозава рашыла паказаць прадстаўнічаму журы Філіпаву і раманс «Ноч». Цяпер яго назвалі «Чаканне душы». Поспех на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, вядома, акрыляе і натхняе. Артыста і тых, хто вакол яго. Але ў такой жа ступені магчымая няўдача ці правал могуць потым прыгнятаць. У выступленні Філіпавай на «Рамансіядзе» хавалася пэўная рызыка. Усе канкурсанткі выконвалі класічныя рамансы, а Філіпава — сучасны і аўтарскі. Як паставяцца да гэтага члены журы? Невядома. Акрамя таго, Марына спявае ў розных стылях — блюз, джаз, фолк, але акадэмічная пастаноўка голасу таксама нечага вартая. Побач з ёй — канкурсанткі з опернымі галасамі, якія, вядома ж, пераўзыходзілі Філіпаву ў насычанасці гуку. Акустыка ў вялікай зале Палаца далёкая ад ідэальнай. Прастора такая, што «ўзяць» яе можна толькі супергучнасцю.
У рэшце рэшт адметны рэпертуар і індывідуальнасць Філіпавай перамаглі. Яна атрымала дыплом ІІІ ступені, словы падтрымкі і ўхвалы ад зоркі сусветнай оперы Зураба Саткілавы (ён уваходзіў у склад журы), і магчымасць паказаць сваю конкурсную праграму ў Маскве, у канцэрце лаўрэатаў «Рамансіяды».
Пераканаўшыся ў бясспрэчным поспеху студэнткі і раманса, Марозава вырашыла зрабіць для твора аранжыроўку, ператварыўшы яго ў песню. Здарылася тое напярэдадні міжнароднага конкурсу «Ялта-2004», куды спевакі збіраюцца з многіх краін свету. Вядома, у бясспрэчна таленавітым атачэнні цяжка быць заўважаным, а тым больш адзначаным! Але прэтэндаваць на прызавыя месцы можна, толькі выконваючы арыгінальныя творы. Калі тэкст, музыка, аранжыроўка ўтвараюць гарманічнае цэлае. А ў дадатак твор адпавядае знешняму абліччу, вобразу і іміджу спявачкі. Для конкурсу ў Ялце песнюраманс «Чаканне душы» пераклалі на ўкраінскую.
На пачатку верасня 2004 года Марына вярнулася з Ялты з дыпломам ІІІ ступені і прапановамі ўдзельнічаць яшчэ ў некалькіх міжнародных спаборніцтвах. Як казалі Філіпавай у кулуарах, уражанне ад яе песень у журы было такое моцнае, што Марыну ўспрымалі як відавочную прэтэндэнтку на першае або другое месца.
У эфіры Нацыянальнага радыё час ад часу гучыць наш з Марозавай раманс «Чаканне душы». То ў выкананні Таццяны Траццяк, то Наталлі Рудневай, то Марыны Філіпавай. І кожны раз успрымаецца як розны твор. Хто думаў, што гэты раманс будзе мець столькі выканаўцаў, калі тэкст быў толькі напісаны і існаваў у выглядзе сціплай і крыху несамавітай машынапіснай старонкі?