Выбрать главу

Так ён ціхай хадой прамінуў пагорак, па якім бег сюды, і зноў выйшаў да сырога ўзмошша забалаці; на яе хмызняковым ускрайку спыніўся. Было ціха. Толькі ён зноў спупіў у цемрыве са два крокі, адхінаючы ад твару галіну, як пад нагой дужа хруснула — мабыць, хваёвы сучок, і ён стаіўся. Не, зноў скрозь было ціха, мабыць, яго тут ніхто не пачуў. Паспакайнеўшы і разважыўшы, ён махнуў у душы рукой — чорт з ёй, з ватоўкай, а раптам яны там сядзяць у засадзе, чакаюць? Напорашся, што тады?

І ён успомніў тады пра Бурава, які пабег якраз недзе тут паблізу, трошкі бы стараной, у той канец забалаці, — стрэлы з баравінкі тады джгалі менавіта ў тым кірунку, рэхам-водгаласам ляскаючы наскрозь па ўзлессі. Ці ён уцёк, ці, можа, яго забілі? А можа злавілі? Цяпер у той яго безвыходнасці лёс Бурава чымсь прыцягваў да сябе ўвагу Сушчэні, і ён, абмінаючы баравінку, узяў убок; памалу, часта спыняючыся, пабрыў у цемры, мабыць, па ягоных слядах. Колькі разоў пад ягонымі ботамі зноў страхавіта хрускала сухая галінка, тады ён заміраў, стойваўся, але крыку ці стрэлу ніадкуль не чулася, і ён, трохі пасмялеўшы, ступаў зноў. Мабыць, яму таксама трэба было кіраваць туды, у абход балотца, а там падумаць, што рабіць далей. Куды ісці. Бо на станцыю яму шлях закрыты, на станцыі паратунку яму не будзе. Хіба што ў лес? Ці куды на хутар? Ці ў які схоў, далей ад людзей, вёсак, дарог. Дзе толькі ён знойдзе такі здатны схоў? Ды яшчэ ў такую халадэчу.

Ужо добра адышоўшыся ад баравінкі, ён зноў набрыў на балота, здаецца, тут быў травяністы яго мысок, парослы алешнікам ды асіннікам, трошкі правей, ведаў ён, зноў цягнуўся мешаны лес — рэдкія хвоі, бярозы з падлескам і далей ішлі пералескі аж да Сінянскага бору. Недзе тут поруч была і дарожка, але дарогі Сушчэня баяўся — з дарог цяпер ішла ўся бяда. І ён, растапырыўшы рукі, слепа брыў, адхінаючыся ад голля, часам прытрымліваючы шапку на галаве. Густаваты малады асіннічак, які ён памятаў з лета, трэба было абмінуць стараной, па вальнейшым месцы. І толькі ён павярнуў на трохі цвярдзейшы дол, як у звыклым стоеным пошуме лесу ўчуў нейкі старонні гук. Бы лясны голуб недзе правуркатаў і сціх. Але гэта быў не голуб. Сушчэня паслухаў, счакаў і павярнуў у асіннік, улез у ягоны гушчар і зноў прытаіўся. Галубіны вуркат прагучаў зноў і бліжэй. Устрывожаны пэўнай здагадкай, Сушчэня наўпрост, дужа зашорхаўшы голлем, палез бокам. Хоць было цёмна і ў доле мала што можна было згледзець, ён згледзеў-такі шараватую на траве купінку — то быў чалавек. Сушчэня моўчкі ўкленчыў ля яго, каленам натрапіўшы якраз на рулю вінтоўкі, рукамі намацаў боты, расхлыстаныя полы шыняля, адкінутую руку. Пэўна, гэта быў Бураў, ягоны шынелак, ды ён не азваўся на дотык сушчэнеўскіх рук, і Сушчэня баяўся паклікаць яго — ці мала што!.. Ён толькі абмацаў яго воглае цела і ўчуў, што той быў жывы, мабыць, паранены. Сушчэня хутка ўлез пальцамі ў кроў, але дзе была тая рана, ён зразумець не мог. Тады ён трохі пераваліў цела на бок — трава пад ім таксама была ў крыві, у крыві быў бок і шынель ля дзягі. Але сам Бураў ніяк не азваўся на яго дотыкі, толькі ўнутрана, невыразна стагнаў. Што было з ім рабіць? Разважыўшы трохі, Сушчэня ціхенька патузаў яго за рукаў: «Гэ, гэ… Ты жывы?.. Куды цябе, га?..»

Бураў, аднак, маўчаў, толькі здрыгануўся целам і вуркотна-ціха стагнаў. Мусіць, папала яму як мае быць, падумаў Сушчэня, так ён можа тут і сканаць. Але што ж яму можа зрабіць Сушчэня, чым памагчы? Ці, можа, схаваць куды, бо ўдзень, як развіднее, гэты бераг асіннічку ўжо будзе, напэўна, відаць з дарогі, цяпер праз голы падлесак відаць далёка.

Сушчэня мужчына быў дужы, некалі на станцыі разгружаў вагоны з соллю, і цяпер, напяўшыся, узваліў на сябе цяжкаватае такі цела Бурава, узяў яго вінтоўку, і, абапёршыся на яе, бы на палку, узгробся на ногі. Немалой сілы спатрэбілася яму, каб з ношаю выбрацца праз гушчар на вальнейшае месца, далей ён выпрастаўся, зручней паддаў на спіне параненага. Пад хвоямі ісці стала спрытней, але ён зачапіўся за корань і ледзьве не паляцеў спотырча ў дол. Неяк усё ж утрымаўся, зноў паддаў Бурава, і той горача і пакутна выдыхнуў яму ў вуха:

— Войцік, ты…

Сушчэня хацеў азвацца, сказаць, што ён — не Войцік, але гаварыць яму было не надта каб зручна, і ён палічыў за лепшае змоўчаць. Хай думае, што гэта Войцік, а там будзе відаць. Галоўнае, пакуль ноч, трэба далей адсюль, бо, чаго добрага, зноў налезеш на тых ці яны самі дагоняць. Уранні яны могуць усё тут аблажыць, пачнуць прачоску, як бы не загрэблі абодвух у свой паліцэйскі нерат.