Цяпер во гэты Сушчэня…
Конь рупна поркаўся ў цемры ля канавы, дарога ляжала пустая, трошкі пабліскваючы ў цемры гразкімі крывулямі каляін. За полем на станцыі ўзяліся брахаць сабакі, там жа, дзесь на падворку, бліснула чырвонае святло — мусіць, з сенцаў. Там цяпер цёпла і сытна, вараць на вячэру бульбачку, падумаў Войцік, а тут во глытай слінкі ды калей на гэтым узлеску. Ён усё чакаў стрэлу на выспачцы, пасля якога яны адчулі б сябе вальней і паехалі б паначы да Зубраўкі, дзе былі свае людзі і дзе можна было б абагрэцца, паесці, пераначаваць. Мінула, мабыць, ужо з гадзіну, а стрэлу ўсё не было, і Войцік адышоўся ад хвоі, зябка патупаў нагамі — ногі зусім акалелі ў худых стаптаных гамашах. Ён наставіў каўнер воглай суконнай паддзёўкі, глыбей на вушы насунуў кепку і толькі зноў прыхінуўся да хвоі, як пачуў на дарозе галасы — якраз там, дзе поркаўся ля канавы згаладнелы конь. Ля лужыны там стаялі ўжо дзве фурманкі (і адкуль яны ўзяліся?), і з іх моўчкі ссыпаліся людзі — постацей мо з шэсць, якія неяк крадком, уроссып шаснулі ўсе за канаву ў падлесак. Адзін дык зусім блізка прайшоў ля хваіны, Войцік, абмёршы і перастаўшы дыхаць, праводзіў позіркам яго цьмяную постаць з вінтоўкаю ў руках і нават заўважыў, як ён высака ставіў ногі, мусіць, каб не надта шархацець у быльнягу пры дарозе. (Як на тую бяду, з баравінкі данеслася некалькі слоў, мусіць, Бураў нешта гукаў Сушчэню.) Спярша змярцвеламу Войціку здалося, што гэтая постаць прэ проста на яго да хваіны, але яна моўчкі і ціха падалася ў падлесак. Тады Войцік ураз апрытомнеў і, прыгнуўшыся, кінуўся за хвою, а пасля — па ўзлеску далей. У гэты час ззаду ўжо раздалося галёканне, крык і стрэлы — пругкія хлёсткія ўдары іх паласнулі па голлі — ці не над самай галавой Войціка. Ламаючы нейкі ссохлы прыдарожны быльнёг, Войцік бег як ашалелы, засцярожліва гнучыся да самай зямлі. Пасля трохі разагнуўся, няпэўна сцяміўшы, што страляюць не па ім, — кулі, чуваць было, дзігалі кудысь збоч, да выспы, там жа асядаў уначы крык ці, можа, лаянка — гучна задыханы Войцік не шмат што мог разабраць на бягу.
Унізе, якраз ля забалаці з алешнікам, ён знямогла прыпыніў свой бег, слухаючы, ці не пачуецца дзе Бураў. Але Бурава нідзе не было, навакол было ціха, спакваля спыніліся і стрэлы на баравінцы. Што там здарылася? Але што там магло здарыцца, калі абрынуліся паліцаі, — мусіць, забілі Бурава і аслабадзілі Сушчэню — трэба было яго валачы ў гэты лес! Мабыць, жонка збегала да каменданта, той і паслаў даганяць… Ну, трэба было яму ўсчынаць тую магілу! Цяпер у тую магілу Сушчэня сам скіне Бурава. Зрэшты, можа, так яму і трэба, дурню.
Горш, аднак, што ён, Войцік, застаўся без каня, якога цяпер, напэўна, падабрала паліцыя. А можа, і не падабрала, можа, ён там пасецца і спакваля яго можна будзе ўзяць? Гэтая думка змусіла яго наблізіцца да дарогі — не той, гравійкі, дзе яго напаткала бяда, а да лесавой, па якой надвячоркам яны сюды ехалі. Дарожка ціха і сонна ляжала між дзвюх змрочных сцен з хмызняку і хвой, угары светлаватай шчылінай бліскала змрочнае неба. Каб лепш чуць, Войцік прыпыніў дыханне і сціх: здалося, быццам ад баравінкі данесліся галасы. Але калі ён лепей услухаўся, галасы прапалі. Можа, тыя паехалі? Забралі забітага Бурава і паехалі на станцыю? А калі пакінулі там засаду — гэта ў тым выпадку, калі Бураў уцёк? Зрэшты, на чарта яму баравіна, яму трэба быў конь, а ягоны конь заставаўся каля гравійкі, там, дзе стаялі і іхнія дзве падводы.