Выбрать главу

Васіль БЫКАЎ

У ТУЮ ВЯСНУ...

У тую вясну мне здорава не пашэнціла - прастудзіўся ў камандзіроўцы, як на ветраным прыпынку чакаў аўтобуса, і захварэў на запаленьне лёгкіх. Два тыдні праляжаў у больніцы, а як выпісаўся, яшчэ колькі часу ня мог давесьці да ладу здароўе, і наш мясцком, зважаючы на маю хваробу, выбіў у аблсаўпрофе пуцёўку ў адзін з менскіх беларускіх санаторыяў. Зрэшты, лепшым ён хіба лічыўся ў бюракратычных колах, асаблівага там не было нічога. Апроч хіба будынку - новага, няблага ўсталяванага з адна- і двухпакаёвымі нумарамі. Месца яго таксама было ўдала, з клопатам падабрана - у хваёвым лесе, непадалёк ад чыстай неспрастанай рачулкі; горад таксама быў недалёка. У выходныя некаторыя ездзілі туды на рэйсавым аўтобусе. I ўсё ж тое было для мяне ўдачай - ня кожны з маіх калег меў такую магчымасьць. Тым больш, што кантынгент пацыентаў-кліентаў таксама быў не абы-які. Наменклатура рэспубліканскага, ну, ня менш, абласнога маштабу. Некаторых там я пазнаваў - з Гарадзенскага выканкама двое, з міністэрства сельскай гаспадаркі загадчык аддзела - грузны, укормлены мужчына, надта, аднак, порсткі і вясёлы для сваіх мусіць перадпенсійных гадоў. Але каб добрых знаёмых ці калег-журналістаў, дык там я ня бачыў нікога, таму пачуваўся крыху самотна, хадзіў рэгулярна ў сталоўку ды на некаторыя працэдуры, што былі мне прапісаны. На лячэбную гімнастыку, якая мне хутка апрыкла, бо карысьці з яе я не адчуваў ніякай. Але і перапыніць яе не хапала сьмеласьці, дактары звычайна папракалі: чаму кінуў? Асабліва калі была персьпектыва зноў з тым жа самым да іх зьвярнуцца.

Так я і хадзіў у той працэдурны кабінет на першым паверсе, дзе маладая, даволі сімпатычная сястрычка валявым чынам ставіла маё дыханьне, прымушаючы прысядаць, нагінацца, хэкаць і хакаць. Аднойчы я прыйшоў можа крыху раней, давялося пачакаць у калідоры. Каб не было сумна чакаць, чаго я не выносіў асабліва ў лякарнях, я прыхапіў з сабой пару газет. Якраз уранку прыязджала з Гародні жонка, прывезла прысмакаў і - некалькі газет за мінулы тыдзень. I сярод іх, канешне, - “Гродзенскую праўду”. Цікава было даведацца, што там адбывалася ў вобласьці за той час, як я тут хэкаў і хакаў.

Асаблівага, аднак, нічога не адбывалася - газета была ўсё тая ж, што год і дзесяць таму, нарада ў абкаме партыі, пастанова аблвыканкама наконт падрыхтоўкі да ўборкі... Аднак на чацьвертай старонцы быў зьмешчаны даволі вялікі матэрыял разваг і ўспамінаў нашага гарадзенскага пісьменьніка Аляксея Карпюка, якога я трохі ведаў. Не так, каб сябраваў, але пры сустрэчах на вуліцах мы віталіся. Тым больш, што, як я чуў, ён таксама некалі працаваў у абласным друку, здаецца, у той жа газеце. А пасьля яго выключалі з партыі, зьнімалі з работы. Цяпер - гэты яго матэрыял, даволі крытычны, як я зразумеў, прабегшы першыя абзацы.

У той момант у ціхім гэтым калідорным тупічку паявіўся і яшчэ адзін пацыент - немалады ўжо чалавек з тросткай, у трэніровачных з лампасамі штанах, але ў шэрым пінжаку, на борце якога стракацеў, як у нас казалі, іканастас; радоў восем ордэнскіх планак. Чыста паголены твар чалавека выглядаў, аднак, ня надта маладым, нават хваравітым, сівыя валасы на галаве здорава парадзелі і на лобе трымалася толькі некалькі рэдзенькіх пасмачак, закінутых назад. Але бровы! Бровы былі, мусіць, як у маладога -чорныя і густыя, нават навіслыя над можа калісь і грознымі, але цяпер ужо надта паблеклымі вачмі. Увогуле нічога асаблівага, нейкі адстаўны пенсіянер, мабыць, вайсковец, падумаў я, наўкось зірнуўшы на чалавека. Не павітаўшыся, той сеў побач у крэсла, трохі аддыхаўся і затым з увагай агледзеў мяне, зірнуў на газету.

- Гродзенскую газету чытаеце? - густым басам запытаў ён.

- “Гродзенскую праўду”, - сказаў я.

- Ну і што яна піша? - пасьля нядоўгай паўзы папытаўся чалавек.

- Старая газета. Колішні нарыс Аляксея Карпюка чытаю.

- Карпюка? - перапытаў чалавек з зацікаўленьнем. - I пра што ён?

- Ды во яшчэ не дачытаў, - сказаў я, ня надта хочучы цяпер з ім гаварыць. Тое, што пісаў Карпюк, сапраўды было цікава: гаворка ішла пра пасьляваенныя метады калектывізацыі на Гродзеншчыне. Як кажуць, тыя яшчэ метады.

Аднак тут якраз расчыніліся дзверы кабінету і маладзенькая сястрычка ў белым кіўнула - маўляў, заходзьце, Я ўстаў, складваючы газету. Ды мой сусед выпрастаў руку.

- Калі можна, пакуль вы там...

- Калі ласка, - сказаў я, аддаючы газету.

Можа хвілін дваццаць я там у каторы раз хэкаў і хакаў, а як выйшаў, прыйшла чарга майго адстаўніка, і ён нетаропка і акуратна склаў газету.

- Панятна, - сказаў толькі. - Прачытаў. Дзякуй.

I пайшоў у кабінет, а я выйшаў на волю.