Выбрать главу

Я сеў недалёка на лаўку і дачытаў нарыс. Увогуле нічога асаблівага - хто цяпер ня чуў і ня ведаў, як тады калектывізавалі заходнебеларускае сялянства. У цэнтральным друку, асабліва расейскім пра тыя часы пішуць і не такое, перабудова, здаецца, абудзіла памяць, а можа і сумленьне нават. Не ўсіх, вядома. Тыя, у каго гэтае сумленьне спала ў мінулыя гады, узялі, мабыць, за лепшае, каб яно спала і цяпер, так было зручней ва ўсіх адносінах. Але не ў Карпюка. Грамадскае сумленьне гэтага чалавека, як я разумеў, было надта ж чуйнае, і далікатнае. Можа нават балючае. Гэта, вядома, добра, нават выдатна для пісьменьніка ўсіх часоў, тым болей такіх, што перажывалі мы.

Некалькі наступных дзён я з гэтым чалавекам ня бачыўся. Праўда, аднойчы згледзеў яго ў сталоўцы, той сядзеў сьпіной да дзьвярэй, ужо канчаў абед, піў кампот. Я толькі прыйшоў, а як паабедаў, яго ў сталоўцы ўжо не было. Дзе, на якім паверсе ён жыў, таксама ня ведаў. Ды й наогул ён мяне мала цікавіў, - хіба тады, у калідоры, трохі зачапіў, і ўсё. Але праз тыдзень, ці, можа, дзён дзесяць, ён сам спыніў мяне на лесавой дарожцы, куды я выйшаў перад вячэрай прагуляцца. Мой знаёмец стаяў пасярод дарожкі і нешта пільна ўзіраўся ўгору ў вецьце хвой.

- Цікава, - сказаў ён, як я падышоў. - Цікава.

- А што цікава?

- Вунь бачыш?.. Вунь ля той высокай хвоі. Варона бурыць грачынае гняздо...

Бурыць ці не, здалёку цяжка было вызначыць, проста ў нейкім гнязьдзе з гальля мясьцілася варона, падобна нават на тое - падкладвала ці папраўляла галінкі. Так я і сказаў чалавеку.

- Не, бурыць, - цьвёрда зазначыў ён. - Птушка ў чужое гняздо ня сядзе. Толькі пабурыўшы.

Можа і так, я пярэчыць ня стаў. Чалавек, таксама ўжо згубіўшы цікавасьць да птушак, памалу пайшоў па дарожцы, яўна зьбіраючыся скласьці са мной кампанію.

- А вы чыталі пра кнігі таго Карпюка?

- Дзе?

- А ўсё там жа. У “Гродзенскай праўдзе”. Аказваецца, ветэраны ўсё ж далі яму прыкурыць.

- Ветэраны?

- Ну. Прыйдзем, дам вам пачытаць. Мне сьпецыяльна прыслалі. Па маёй просьбе, праўда. Як былому кадраваму супрацоўніку вобласьці.

- Во як! А дзе вы там супрацоўнічалі?

- У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі, - ціха, з затоеным гонарам мовіў мой знаёмец. - Уся тая гісторыя з Карпюком - і ня толькі з ім, - прайшла ў мяне во дзе, - ткнуў ён сябе вялікім пальцам у грудзі і ўважліва паўзіраўся ў мяне.

- Во як! - толькі разгублена сказаў я.

- Во так. А ты ня сябра Карпюка?

- Не, - сказаў я ня надта рашуча, і ён, мабыць, заўважыў тую маю нерашучасьць. - Трохі знаёмы.

- Трохі знаёмы... Увогуле, я таксама, можна сказаць, трохі знаёмы. Выпіваць не даводзілася, сем’ямі не сябравалі...

Тое мяне заінтрыгавала, - па-першае, кадравы супрацоўнік органаў быў на той час фігураю амаль экзатычнай, дзе я такога і калі мог сустрэць? Хіба па выкліку ў камітэце. Але да гэтага, як кажуць, бог мілаваў, мяне туды ня клікалі. Зноў жа, адчуваў, штосьці яго падмывае распавесьці мне пра Аляксея, справа якога, падобна, пачала раскручвацца нанова. Але што ён мне можа паведаміць? Няўжо ён нешта сакрэтнае проста так, дзеля цікаўнасьці, можа даверыць малазнаёмаму, амаль выпадковаму чалавеку?

- Але ж вы, мабыць, ягоныя аповесьці чыталі? - сказаў я. Можа, з гэтага і трэба было пачынаць размову.

- Аповесьці я чытаў. Я іх ня толькі чытаў. Я іх амаль з алоўкам праштудзіраваў. Кожнае слова.

- Во як! - зноў вырвалася ў мяне.

Мы выходзілі з хвойнага лесу на адкрытае поле, у вочы ўдарыла перадвячэрняе сонца, і мой спадарожнік спыніўся.

- Сонца! Не люблю сонца. Ад яго ціск павышаецца...

- У вас гіпертанія?

- У мяне ня толькі гіпертанія, малады чалавек, - сказаў ён з непрыхаваным адчаем у голасе. - У мяне рак!

- Рак?

- А ты думаў... Хочаш запытаць, чаму не лячу? Лячыў, ды што толку. Цяпер ужо ўсё адно... Усё роўна, ад чаго загібацца... Так што...

Колькі часу ён памаўчаў, паволі ступаючы па асфальтавай дарожцы. Я памаўчаў таксама, бо ня ведаў, пра што казаць. Ці, можа, трэба было суцяшаць чалавека, ці ўгаворваць яго лячыцца. Але мне цікава было чуць пра Карпюка.

- Карпюк таксама штось занямог. Ляжаў у бальніцы.

- Карпюка чорт ня возьме. Здаровы, як бык! А што - ня п’е, ня курыць... Ну, можа трошкі з нервамі непарадак.

- Яно ўсё можа быць. Хваробы не разьбіраюць, хто п’е, хто курыць.

- Хваробы не разьбіраюць, а чалавек павінен разьбіраць. Кожны чала­век. Тым больш - савецкі.

Я ня ведаў, як далей працягваць размову, тым больш у гэткім, зада- дзеным ім тоне. I сказаў, можа трошкі правакуючы:

- Ну, Карпюк, здаецца, савецкі чалавек. I партызан, і паранены. А што з партыі выключалі, дык аднавілі ж.