Выбрать главу

- I вось тут паявілася праблема: зверху патрабуюць справаздачы, ну дадзеных, матэрыялы распрацоўкі, а ў нас тых распрацовак - кот наплакаў. Уся справа, ведаеш, што гэты тып на адным месцы сядзеў нядоўга. Усё лётаў, лятун сапраўдны, чэснае слова. Толькі нашыя аператыўнікі яго абсадзяць, ну, агентамі, так сказаць, асьведамляльнікамі, а ён ужо зьехаў. Або звольніўся. Што ўжо само па сабе падазрона - чаго гэта?

- Але ж яго звальнялі, - сказаў я. - Як жа было яму ня лётаць.

- Не заўжды звальнялі. Ён і сам умеў звальняцца. З рэдакцыі, напрык- лад. Толькі там харошага хлопца да яго падсадзілі, беларуса-заходніка, таксама пачынаў нешта пісаць - звольніўся. Паступіў у “Інтурыст”. Мы як даведаліся, аж млосна стала, начальнік вымову тром супрацоўнікам уляпіў.

- Але завошта?

- Як завошта? Гэта ж прамы шлях - за мяжу. Ён, знаеш, такі шлях і падбіраў, каб пісаць і свае пісакі туды перапраўляць прамым ходам. Ды яшчэ некаторых туды уцягнуць. Тут ужо арганізацыяй запахла...

- Да, - сказаў я, ня дужа, аднак, разумеючы логіку гэтага чалавека. Затое чалавек, мабыць, выдатна разумеў сваю логіку.

- Во тут на Карпюка паявіўся яшчэ адзін пісака, во цяперашні народны Васіль Быкаў. Але пра гэта я раскажу пасьля. Вунь ідзе дзядок з кульбай, бачыш? Мне трэба зь ім паздароўкацца.

Наперадзе сапраўды паявіўся дзядок з кіёчкам, у цёмным гарнітуры пры гальштуку, ён, аднак, дробненька і жвава тупаў дарожкай, - ужо згледзеўшы нас, пачаў пільней узірацца праз акуляры. Каб не замінаць ім, я павярнуў назад.

Наступны дзень выдаўся дажджлівы, зраніцы ліў дождж, але пад абед перастаў, па небе плылі непрыемныя, зусім асеньнія хмары. Я сядзеў адзін у сваёй двойцы і думаў над учарашняй размовай. Усё ж тое было ня толькі цікава, а і дужа важна, нічога падобнага мне чуць не даводзілася. I я думаў, ці не запісаць тое, можа б калі прыгадзілася, бо спадзявацца на памяць я ня дужа хацеў, мая памяць увогуле была дзіравая. Працуючы ў газеце, усё, бывала, браў у блакноцік. Калі гутарыў з калгаснымі кадрамі, было шмат лічбаў, прозьвішчаў - усё ў блакноцік. Тое здорава памагала заўжды, давала магчымасьць пазьбегнуць памылак. А неяк нават атрымаў апраўданьне праз суд - гэта калі адзін калгасны сьпецыяліст хацеў узяць на пушку. Сказаў, а пасьля адмовіўся. Але ў мяне ўсё было дакладна запісана.

У той дзень зранку напарнік мой, таксама малады хлопец з Талачынскага выканкама, зьехаў аўтобусам у горад, і я наважыўся. Прысеў ля стала і пачаў што-нішто накідваць у блакнот з пачутага ўчора пра Карпюка. Толькі напісаў паўстаронкі, у дзверы ціха стукнулі два разы, і на парозе з’явіўся Мікалай Іванавіч. Ён быў у даўгой зялёнай афіцэрскай накідцы.

- Што вы тут сядзіце, пойдзем пройдземся, - пачаў ён нейкім незадаволеным голасам. I, мусіць, згледзеўшы мой блакнот у руках, ціха засьцярожліва мовіў: - Што пішаце? Можа, мой расповед запісваеце? Ні ў якім разе. Я забараняю.

- Ды не, - сказаў я, сумеўшыся. - Тут я па матэрыялах санаторыя...

- Санаторыя? Мусіць, знайшлі недахопы? Ваш брат на гэта мастак. Хлебам яго не кармі - дай недахопы.

- Што ж, тым кормімся, - працытаваў я класіка журналістыкі. Мы выйшлі ў двор, дзе нас адразу падхапіў сьвежы напірысты вецер з-за вугла - увогуле надвор’е было не для пагулянак. Тым болей, што, сьпяшаючыся, я не надзеў нічога на свой новы пінжак.

- Можа, у пакоі лепш? - сказаў я. - Я там адзін.

- Не, - цьвёрда сказаў Мікалай Іванавіч. - У пакоі не гадзіцца.

Мы прайшлі ў хвоі, там стала трохі зацішней. Мой спадарожнік хмурыў нездаровы, з мяшкамі пад вачмі твар.

- Прыроды, пагоды ня трэба баяцца. Я, знаеце, як рабіў аператыўнікам і намокнуў, і намёрзся. Усяго было. Асабліва ў барацьбе з бандытызмам... Прыходзілася адзін на адзін на лясной трапе. Хто раней стрэльне, той і пераможа. Цераз труп пераступіш і - далей. Во такая была наша служба.

- А вы адкуль родам?

- Ды я з дальніх краёў. Сібірак! - з гонарам мовіў Мікалай Іванавіч. Але як прыехаў у 44-м у Сапоцкін, так тут і застаўся. Уся чэкісцкая служба на Беларусі. Ну, ня лічачы, канешне, вучобы — школы, акадэміі... Да-а. Дык на чым я ўчора спыніўся?

- Пра Быкава нешта пачалі, - успомніўся...

- Пра Быкава, ага. Гэты Быкаў Вася таксама задаў нам клопату. Памятаю, я дзяжурыў быў па ўпраўленьню, раніцой дакладваюць: невядомы грамадзянін захапіў сакрэтную явачную кватэру. Ну вы разумееце, якая гэта была кватэра? Што за грамадзянін? Адкуль? Далажыў начальніку, той выклікаў начальніка аддзела - ніхто нічога ня ведае. Срочна снарадзілі афіцэра з наружкі, выклікалі ўпраўдома, міліцыю. I высьвятляецца... Дэмабілізаваны афіцэр, прыехаў аднекуль з Далёкага Усходу, без дазволу, уначы, уламіўся ў нашу кватэру - з жонкай і малым дзіцём, і не адчыняе на патрабаваньні міліцыі... Як жа так можна? Ды яшчэ афіцэр! Далажылі начальніку другі раз, той аж счырванеў: ён жа яшчэ раскрые нашу мясцовую сетку, туды ж, ня ведаючы, пойдуць сексоты, а ён усіх іх засьвеціць. Вы разумееце, што можа атрымацца?