... Стах апрытомнеў пад дрэвам. Ляжаў на спіне і глядзеў уверх праз голле і лісцё. Па дрэве бегала, пераскоквала з галіны на галіну шустрая вавёрка; у небе, хоць і быў гэта дзень, стаяла поўня... Дзіўна, але ўспаміны ягоныя не сцерліся. Нічога не забылася. Наадварот, памяць стала больш вострай. Ён застаўся Стахам і памятаў усе свае крыўды і ўсіх пакрыўджаных ім...
Побач бухнула на зямлю яшчэ адное збітае цела. Стах падняўся і паплёўся па сцяжыне. Галава ўвайшла ў сцяну і адразу выйшла з другога боку, быццам яе і не было. Стах патрапіў у яшчэ адзін двор...
РЭ
...які поўніўся шумам — шоргатам ног, гаманою соцень людзей.
У двары стаялі, сядзелі, хадзілі мужчыны ў незвычайнай аранжавай вопратцы, падобнай да камбінезонаў. Аднолькавай ва ўсіх, як форма ў войску... ці, як у... турме... Стах глянуў — такі ж самы камбінезон быў і на ім. Пэўна, пераапранулі, пакуль ляжаў непрытомны...
Людзі на пляцы былі занятыя кожны сваім і ніхто на Стаха не звяртаў увагі. “Дзе я? — падумаў Стах. — Куды патрапіў? Чаму мне ніхто не патлумачыць? Навошта заманілі мяне сюды? Дзеля чаго? Няўжо гэта турма?.. Тады за што?..” Здаецца, пакуль ляжаў Стах на пласе, перадумаў-прыгадаў усё, што было ў ягоным жыцьці. Аж да дробных крыўдаў, да падрабязнасцяў, усю праўду — як на дэтэктары маны. Але нічога крымінальнага ў ягоным жыцці не было...
Крымінальнага нічога... Значыць, пасадзілі за “палітыку”?.. Гэта прасцей за ўсё. Любога можна лёгка зрабіць шпіёнам, даносчыкам ці “ворагам народа”...
Не, гэта не турма. Гэта гульня нейкая. Кшталту камп'ютэрных. Віртуальная рэчаіснасць... Толькі ў гульні ён мог націснуць “Ctrl+Alt+Delete”, альбо на іншую пэўную клавішу і “выйсці” ў любы момант... А тут... Хто ім гуляе? Хто гуляе ў яго? І навошта...
І вырашыў Стах — нягледзячы ні на што — вырвацца адсюль, з гэтага кола дворыкаў. Не чакаць “game over”, не чакаць “вызвалення”, а ўсяляк набліжаць яго самому... Прайсці праз усе выпрабаванні з адною мэтай: вярнуцца назад, у тое жыццё, з якога ён патрапіў сюды... Бо ведаў: вытрываць любое выпрабаванне можа толькі той, у каго ёсць вялікая мэта, дзеля якой ён жыве...
— Ага, новенькі... — да Стаха падыйшло некалькі мужчынаў, падобных між сабою, як браты. Толькі ў аднаго з іх была адметнасць — акуратна-падстрыжаная барада кліночкам. Гаварыў ён, бо, мусіць, быў старэйшым. “Хто яны? — падумаў Стах. — Зэкі? Арыштанты? Такія ж як я... Ці з тых, хто ведае, дзе я цяпер знаходжуся і што мне трэба рабіць?..”
Стаха абступілі пяць ці шэсць мужчын.
— Грошы ёсць? — спытаў барадаты.
Грошы ў Стаха былі, калі ён увайшоў у дворык, а цяпер... у гэтай вопратцы… у яго нават кішэняў не было.
— Былі, але... — адказаў Стах, спадзеючыся, што мужчыны далей самі зразумеюць.
— Што -- “але”? Няма? А гэта што?.. — барадаты паказаў на мяшэчак, які вісеў, аказваецца, у Стаха на поясе. Стах не пасьпеў і вокам міргнуць, як барадаты адарваў мяшэчак і ўзважыў яго на руцэ. Там нешта звінела, быццам манеты.
— Падманваць надумаў? — са злосцю сказаў барадаты і плюнуў на зямлю: — А ну падымі!..
Падняць скурчаны ў пяску камячок ягонай сліны? Не, нізавошта!.. Стах адвёў рукі за спіну, паказваючы тым, што нічога падымаць не будзе.
— Не хочаш? — Стах бакавым зрокам убачыў, як сціскаецца вакол яго кола мужчынаў са сцятымі кулакамі. “Заб’юць, — падумаў ён, — ну, і няхай. Але падымаць ня буду!”
— Стойце, хлопцы, — сказаў барадаты, — нам няма патрэбы спяшацца. Нікуды ён не падзенецца. Хай падумае. Хай добра падумае. А потым мы зноў у яго спытаем...
Мужчыны зніклі, расталі ў натоўпе гэтакіх самых, як і яны, аранжавых людзей. Стах застаўся адзін. Сярод соцень чалавек. Цень сярод ценяў. Чужы ўсім і нікому непатрэбны. Кожны быў заняты тут сваімі думкамі і ні на што не рэагаваў.
Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як Стаха зноў абступілі тыя ж самыя мужчыны. Барадаты плюнуў і сказаў: “Падымі!” Стах у адказ не варухнуўся.
— Не хочаш падымаць? Тады выкупі.
— За што?
— А дзе твае грошы?
— Ты ж сам...
— Тады падымі...