Выбрать главу

Стах маўчаў, не варушыўся. А мужчыны, вытрымаўшы напружаную паўзу, разыйшліся.

Праз дзесяць хвілін усё паўтарылася. Яшчэ праз дзесяць зноў, потым зноў... Напружанне расло. Стах разумеў, што гэта не гульня, што адбываецца гэта ўсё на поўным сур’ёзе, і хутка павінна нечым скончыцца. Чым? Здзекамі?.. Доўгімі і бязлітаснымі. Бясконцымі пакутамі, а не кароткай смерцю. Але здзек ужо быў у самой паўтаральнасці гэтай сітуацыі з пляўком. Па-сутнасці, драбязы... Здавалася б, ну што тут такога: скарыся, падымі той камячок мокрага пылу, і ўсё скончыцца. Ты станеш такім, як і ўсе... Станеш такім — і застанешся тут назаўсёды?.. Не... Вось гэтага Стах не хацеў. Сьмерці ён не баяўся. Але і не шукаў яе. Хоць думка пра самазабойства было варухнулася, страпянулася, ды ён яе прагнаў. Ён ведаў і з папярэдняга жыцця, што гэта часовая слабасць, якая не дае выратавання... Не, трэба змагацца да канца. Не зважаючы ні на што. Калі ідзеш да пэўнае мэты і звяртаеш увагу на кожнага сабаку, што гаўкае на цябе, дык ніколі да свае мэты не дойдзеш... Ён жа занадта шмат значэння надаў гэтым мужчынам і зусім забыўся, што мэта ў яго адзіная — вырвацца адсюль... Але, калі яны ёсць, калі лёс звёў з імі, дык, можа, яны чым-небудзь дапамогуць?

Праз колькі хвілінаў, калі мужчыны зноў абступілі Стаха, ён сказаў:

— Над намі адно неба, пад намі адная зямля. Мы ўсе тут не па сваёй волі. Усе роўныя. Апроч вас я нікога ня ведаю. Дык давайце ж трымацца разам!

Аднак гэтыя, пафасныя, словы ніякога ўражання на барадатага не зрабілі. Той нібыта не пачуў іх, плюнуў і сказаў:

— Падымі!

— Не хачу! — закрычаў Стах, — Не магу! Не буду! — і, адштурхнуўшы барадатага, ірвануўся з кола мужчын і пабег.

Бег доўга, ажно здзівіўся, што такі маленькі дворык ніяк не скончыцца... Ляцеў між людзей, збіваў іх з ног, падаў сам, падымаўся і зноўку ляцеў. Пакуль не заўважыў наперадзе расчыненыя дзверы і ня ўскочыў у...

МІ

...жоўты ад голых людскіх целаў дворык.

Стах спыніўся, задыханы ад шпаркага бегу. Людзі павярнуліся да яго і Стах убачыў, што патрапіў ён у дворык, поўны жанчын...

Жах!.. Згвалтуюць!.. Стах кінуўся назад — сцяна паўстала перад ім. Зноў пастка... Стах замёр, прыціснуўся плячыма да шурпатай сцяны. Шурпатай?.. Стах спачатку адчуў, а потым і ўбачыў, што ён таксама голы. Пэўна, тыя крымінальнікі паспелі садраць з яго адзенне, калі ён вырываўся... Зрэшты — што за д’ябальшчына! — Стах зірнуў уніз і... Гэта быў не ён. Гэта была жанчына... Ён стаў жанчынай? Не можа быць!.. Не хачу-у!..

Але факт быў навідавоку — Стах зрабіўся жанчынаю. Толькі памяць ды розум — начынне — засталіся ў яго мужчынскімі.

Некалькі жанчын узялі Стаха пад рукі. Ён не супраціўляўся. Жанчыны завялі Стаха ў вялізны пакой, у якім уздоўж сцяны стаяў суцэльны ложак — метраў на сто даўжынёй. На ім ляжалі такія ж голыя, як і Стах, жанчыны. Паклалі на ложак і Стаха.

Усё рабілася моўчкі, без тлумачэнняў. Нібыта пакідалася выключна на розум Стаха. Як ён зразумее, як ацэніць тое, што дзеецца, так і будзе... А адбылося тое, чаго ён і чакаў, убачыўшы ложак: у пакой увайшлі адразу можа сто голых мужчынаў... Стах здагадаўся потым, што гэта былі такія ж мужчыны, як ён — жанчына... Бо ім увесь час хацелася памяняцца месцамі. І яны мяняліся... Аж да стомы, што перайшла ў сон-забыццё. Пры гэтым несупынна гучала прыгожая музыка. Знаёмая Стаху мелодыя, накшталт: “Зорка Венера ўзышла над зямлёю...”, і вочы засцілаў салодкі туман...

Скрозь сон Стах пачуў, як яго ўзялі за рукі і за ногі і панеслі. Калі б Стах хацеў застацца тут і зноў, і зноў атрымліваць насалоду, яму варта было толькі падаць знакі яго б пакінулі... Але ён не жадаў...

Ачуўся Стах ужо ў іншым дворыку. Ачуўся...

ФА

...ад казытання травінак па шчацэ, вуху...

Ён ляжаў у высокай, густой траве. Павяваў лёгкі ветрык, варушыў сцяблінкі і яны гладзілі ягоны твар.

Гэта быў першы дворык напоўнены зелянінай, а не пяском, стаптаным у ток. Так, дворык, а не звычайны зямны луг, як падумалася Стаху адразу. Ён палічыў ужо, што вырваўся назад, на волю, аж не — зноў убачыў сцены, вежы над імі і вояў са стрэльбамі...

Трава была мяккая і ласкавая. Ліслівая. Можна было б ляжаць гэтак хоць усё астатняе жыццё. Калі б не голад, калі б не вострае жаданьне есці, якое адчуў раптам Стах.

Ён адарваў колькі травінак і пажаваў. Нясмачна. Жавалася трава, нібыта пластмасавая — нават сок з яе не выціскаўся.

— Што, есьці хочаш, хлопча? — да Стаха падсеў чалавек. Стах зірнуў на яго, ацаніў: з “нашых”, ці з “абслугі”. Здаецца, з такіх, як і ён, прышлых.

— Не памятаю, калі еў апошні раз, — сказаў Стах, без асаблівай ахвоты падняўся і сеў, — не памятаю...

— Бачыш, вунь чалавек у зялёным капелюшы? Падыдзі да яго і скажы, што ты з пятага кута. І ён цябе накорміць.