І гэтак цэлы дзень. Доўгі дзень — гадзінаў пятнаццаць, ад цямна да цямна. Потым кароткая ноч. А з ранку — зноў праца. Гэтым разам з кіркай і кувалдай. Праз дзень змены — то камяні насіць, то разбіваць блакітную скалу. Вось і ўся разнастайнасць.
Стах пазнаёміўся з суседзямі па ланцугу. Гэта былі першыя за ўвесь час людзі, з якімі ён сам загаварыў тут і паразумеўся. Таго, хто быў перад Стахам, звалі Кнут, а таго, хто быў за Стахам — Джой. Яны жылі тут даўно — ужо нават збіліся з ліку, колькі дзён, ці, можа, нават гадоў.
Дзень заканчваўся. Усе сядалі, не разбураючы жывога ланцуга, там жа, дзе заспяваў іх вечар, на адпачынак-сон. І, дзіўная рэч, радаваліся, што яшчэ адзін дзень пражыты. Некаторыя так і казалі: “Дзень прайшоў — і слава Богу!” Чалавек такая жывёліна, што да ўсяго прывыкае. Усё з’ядае ў рэшце рэшт абыякавасць і апатыя. Ніхто, здаецца, не задумваўся, дзе ён, навошта носіць гэтае каменне. Не думаў нават, што тут — горш як у турме. Бо ў турме ведаеш за што сядзіш і колькі табе яшчэ засталося. Ведаеш, што некалі твой “тэрмін” скончыцца. А тут... тут ніхто нічога не ведаў.
Не задумваліся ні пра што і суседзі Стаха. І калі Стах падзяліўся з імі жаданнем збегчы адсюль, ні Кнут, ні Джой яго не падтрымалі.
— Навошта, — абыякава сказаў Кнут, — ад свайго — куды ты ўцячэш... А па-за сваім — чужое... Раз дадзена нам гэткае жыццё, гэткі лёс — трэба жыць.
— Няпраўда. Гэта зусім не так... Чалавек можа змяніць свой лёс, сваю будучыню. Трэба толькі вельмі хацець гэта зрабіць і нешта рабіць дзеля гэтага. Пад ляжачы камень... Калі б я не імкнуўся нешта змяніць, я застаўся б у тым самым першым дворыку. Ці другім...
— Змяніць... Жадаць... Навошта? — казаў Кнут, мусіць, па-нарвежску, але Стах разумеў яго. — Дзеля чаго? Каб з адной турмы трапіць у другую, можа, яшчэ горшую? Жыць можна і тут.
— Жыць? Ты называеш гэта жыццём?
— Жыццё ёсць вучоба, вучэнне цярплівасці і цярпенню. І тут мы ў ідэальным становішчы.
— Так, жыццё вучыць чалавека цярплівасці. Але не цярплівасці ў чаканні, а цярплівасці ў дзеянні. Калі нешта не ўдалося з першае спробы, не атрымалася, зрабі ў другі раз, трэці... І ты — пераможаш, даб’ешся свайго... Ведаеш прытчу пра жабу ў смятане: боўталася яна, боўталася там, зьбіла масла і вылезла... Трэба дзейнічаць.
— Дзейнічаць? Каб загінуць?.. Не, я ведаю, што я — непаўторны, я адзіны такі на свеце. І я павінен сябе зберагчы, захаваць як мага большы час. Вось мая задача на гэтай зямлі, ці ў гэтым двары. Мая задача ня толькі дабіцца мэты, але і не страціць сябе пры гэтым. Неабходна выкарыстоўваць любую мажлівасць жыць і выжываць. У любых умовах. І не рызыкаваць па-дурному.
— Жыць... Выжыць... Працягласць жыцьця не вымяраецца колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю назапашаных уражанняў. Чалавек, які пражыў сто гадоў у вёсцы і не быў далей за рэчку за хатай, пражыў кароткае жыццё... Памрэш і ты, колькі ні будзеш берагчы сябе. Памрэш рана ці позна. У нас кажуць: усё, што свеціць — згарае. Ці не так?
— Так.
— Згарыш і ты. Згніеш тут, так нічога больш і не ўбачыўшы, акрамя блакітнага камення і сагнутых спінаў перад сабою. Не пакінуўшы нікога і нічога пасля сябе. Дык няўжо так і будзеш ты цягаць гэтае каменьне, не пойдзеш са мною?..
— Кожны памірае сваёй смерцю. Так кажуць у нас... Значыць, мне наканавана гэта: ні да чаго не імнуцца, жыць, як жыву... І таму, нават калі б я ведаў, што заўтра надыдзе канец свету, я сёння ўсё роўна насіў бы каменне...
Ягоную філасофію нельга, немагчыма было “прабіць”. І пагаварыўшы гэтак яшчэ колькі разоў, Стах вырашыў не шукаць супольніка, а выбірацца аднаму.
Пад раніцу, калі ўсе спалі, ён устаў і пайшоў. Было яшчэ цёмна, ён не бачыў куды ідзе, куды караскаецца па каменні. Урэшце, дапоўз да схілу, які заканчваўся недзе глыбока ў цемры. Стах заплюшчыў вочы і пакаціўся ўніз.
Калі развіднела, Стах убачыў, што знаходзіцца зноў у дворыку, які патанае...
ЛЯ
...ў перадранішнім сінім паўзмроку.
Колькі бачылі вочы, двор быў запоўнены невялікімі дачнымі, дамкамі. Падыйсці да іх адразу Стах не адважыўся. А дарэмна. Мог бы ў любым з іх адпачыць з дарогі. Яго прынялі б з радасцю.
Даведаўся пра гэта Стах толькі тады, калі двор прачнуўся і напоўніўся людзьмі. Яго ўбачылі, кінуліся абдымаць. І Стах зразумеў, што сюды рэдка хто прыходзіць.