Гімлі ўзьняўся, расставіўшы ногі, каб умацавацца на зямлі, схапіўся за трымальна сякеры, гномавы цёмныя вочы пагрозьліва бліснулі.
– Назаві мне сваё мяно, гаспадар коней, а тады я скажу табе сваё ды шчэ штосьці! – запатрабаваў ён.
– Паводле нашага звычаю, чужынец на нашай зямлі кажа ймя першым, – нахмурыўся правадыр, – але ж я назаву сябе. Я – Эямэр, сын Эямунда, і называюся трэцім маршалкам Рытармаркі.
– Тады дазволь Эямэр, сын Эямунда, трэці маршалак Рытармаркі, мне, гному Гімлі, Глойнаву сыну, засьцерагчы цябе ад неразумных прамоваў. Ты кажаш благое пра тое, што далёка па-за тваім разуменьнем, і толькі недахоп розуму выбачае цябе.
Эямэравы вочы ўспыхнулі, а рахірымы за ягонай сьпінай загаманілі напаўголасу злосна дый прысунуліся, вытыркнуўшы дзіды.
– Я адным махам зьнёс бы тваю галаву з барадою дый розумам, спадару гноме, каб яна была крыху вышэй ад зямлі, – вымавіў Эямэр.
– Не забудзься на мяне, – папярэдзіў Ляголас, націнаючы лук ды кладучы стралу на струну ў імгненьне вока, – бо ты памрэш раней, чым апусьціцца твой меч.
Эямэр узьняў меч, і ўсё магло б павярнуцца дрэнна, калі б Арагорн ня скочыў паміж імі, засьцерагальна падняўшы руку.
– Прабач нам, Эямэр! – выгукнуў ён. – Калі ты даведаесься болей, ты зразумееш, чаму раззлаваліся мае паплечнікі. Мы не жадаем зла ані Рохану, ані яго жыхарам, людзям альбо коням. Ці выслухаеш ты нас перад тым, як сячы?
– Выслухаю, – адказаў Эямэр, апускаючы меч. – Але ж вандроўнікам у Рытармарцы ў нашыя трывожныя дні варта мець меней пыхі. Па-першае, назаві сваё сапраўднае ймя.
– Дзеля таго скажы мне спачатку, каму ты служыш, – папрасіў Арагорн. – Сябра ты альбо вораг Саўрону, чорнаму ўладару Мордару?
– Служу я толькі ўладару Маркі, Тэядэну, сыну Тэнгела, – адказаў Эямэр. – Мы ня слугі далёкай уладзе Чорнай зямлі, але ж мы й не ў адкрытай вайне зь ёю. Калі вы ўцякаеце ад яе, дык лепей пакіньце нашую зямлю. На ўсіх нашых памежжах цяпер бяда, нам пагражаюць, і становішча нашае небясьпечнае. Мы жадаем толькі жыць вольна, як жылі заўжды, самі па сабе, ня ў служках аніякай замежнай улады – ані добрай, ані благой. У лепшыя часы мы – добрагасьцінны народ, але цяпер для няпрошаных чужынцаў гасьціннасьць нашая хуткая й вострая. Дык хто ж вы, адкажыце! Каму вы служыце? Па чыім загадзе палююце оркаў на нашай зямлі?
– Я не служу анікому, – адказаў Арагорн, – а прыслужнікаў Саўрона перасьледую ў любой зямлі, у якую толькі патраплю. Няшмат хто зь сьмяротных людзей ведае пра оркаў болей, чым я, і гэтак я палюю іх не з уласнай блазноты. Оркі, якіх мы перасьледуем, захапілі двох маіх сяброў. У гэткай патрэбе бясконны рушыць пехатою й не пытаецца дазволу перасякаць межы, ідучы па сьледзе. I галоваў варожых не падлічвае – хіба толькі мечам. А меч у мяне ёсьць – я прыйшоў сюды не бяззбройны!
Арагорн адкінуў плашч. Эльфскія похвы бліснулі пад ягонай рукою, і зыркае лязо Андарыля зазіхацела раптоўным полымем, калі ён выхапіў меч.
– Элендыль! – выклікнуў ён. – Я – Арагорн, сын Араторна, і называюся Элесар, Эльфскі Смарагд, Дунадан, нашчадак
Ісільдара, сына Элендыля, караля Гондару! Вось меч, што быў калісьці зламаны, а цяпер адкаваны наноў! Дапамога ты мне ці перашкода?! Выбірай хутчэй!
Гімлі й Ляголас глядзелі на свайгр сябра ў зьдзіўленьні, бо аніколі раней ня бачылі яго такім. Ён нібы вырас, а Эямэр у параўнаньні паменшыўся, і ў жывым твары сьледапыта ім падалася на момант уладная моц каменных каралёў, вартавых Андуйну. А Ляголасавым вачом пабачылася на імгненьне белае полымя, што ўскінулася над чалом Арагорна зіхоткім вянцом.
Эямэр адступіў, на ягоным твары адбіўся выраз глыбокай пашаны й нават боязі. Ён апусьціў долу ганарлівыя вочы.
– Насамрэч, дзівосныя дні, – прамармытаў ён. – Мары й паданьні ўздымаюцца проста перад табою з жухлай травы. Скажы мне, спадар, што прывяло вашаць сюды? I які сэнс таго прароцтва пра зламаны й адкаваны меч? Даўно сышоў Барамір, Дэнэтараў сын, у пошуках разгадкі, і конь, якога мы далі яму, вярнуўся назад бязь вершніка. Які кон прынёс вашаць да нас з поўначы?
– Кон выбару, – адказаў Арагорн. – Вось што можаш ты сказаць Тэядэну, сыну Тэнгела: перад ім толькі вайна – за Саўрона ці супраць яго. Аніхто цяпер ня жыцьме, як раней, і няшмат хто застанецца сам па сабе. Але ж пра гэтыя рэчы лепей нам размаўляць пазьней. Калі толькі лёс дазволіць мне, я сам прыйду да караля. А зараз мне надта патрэбная дапамога, і я прашу яе... ці хоць бы навінаў. Ты ўжо чуў, што мы перасьледуем оркаў, бо яны захапілі нашых сяброў. Якія ж зьвесткі вы дасьцё нам?