Размова сьцішылася, зьмянілася напружаным маўклівым чаканьнем. Усё падавалася нерухомым, затоена-назіральным. Сэм, што сядзеў побач з краем папарацевага гушчару, вызірнуў вонкі. Пільнымі хобіцкімі вачыма прыкмеціў, што вакол яшчэ мноства людзей. Яны ціха краліся ўверх па схілах, паасобку альбо доўгімі ланцужкамі, трымаючыся заўсёды ў цені дрэваў і кустоў, ці нават падпаўзалі, ледзь прыкметныя ў бура-зялёных вопратках сярод зарасьцяў. Усе – у каптурах і масках, у пальчатках, узброеныя, як Фарамір з паплечнікамі. Неўзабаве яны прайшлі й зьніклі. Сонца падымалася, пакуль ня вызірнула з поўдня. Цені сьціснуліся.
"Цікава, дзе агура Глыкс? – падумаў Сэм, адпаўзаючы назад, У гушчар. – Якраз яму файны шанец альбо орку на лязо патрапіць, альбо пад Жоўтаю Пысаю падсмажыцца. Ды, напэўна ж, ён пра сябе добра паклапоціцца".
Лёг побач з Фрода й задрамаў.
Прачнуўся, думаючы, што чуе выцьцё рагоў. Сеў, азіраючыся. Сонца ўжо амаль сягнула прытню. Ахоўнікі маўкліва й чакальна стаялі ў цені дрэваў. Зьнянацку рогі завылі гучней: беспамылкова, проста зьверху, ад вяршыні схілу. Сэму падалося: чуе дзікі лямант і выгукі, але ж слаба, быццам зь якой далёкай пячоры. I разам выбухнуў гвалт бойкі, зусім побач, над іхнім сховішчам. Выразна далятала скрыгатаньне, звон сталі аб сталь, ляскат меча аб жалезны шалом, глухое буханьне ляза па тарчы. Людзі крычалі шалёна й лямантавалі, і адзін ясны моцны голас гукаў: "Гондар! Гондар!"
– Рыхтык сотня кавалёў куе разам, – падзяліўся Сэм з Фрода. – I бліжэй, чым хацелася б.
Але гармідар бойкі яшчэ набліжаўся.
– Яны йдуць сюды! – выгукнуў Дамрад. – Зірніце, колькі паўднёвікаў вырвалася з пасткі й уцякае ад дарогі. Вунь яны! За імі нашыя на чале з гетманам!
Сэм, прагны да навінаў, узьняўся й далучыўся да ахоўнікаў. Нават ускараскаўся крыху на таўсьцейшы з лаўраў. На момант пабачыў, як смуглявыя людзі ў чырвоным імчаць крыху далей па схіле, а за імі скачуць апранутыя ў зялёнае ваяры й сякуць ворагаў на бягу. Ад стрэлаў пацямнела паветра. I тут зьнянацку проста цераз край схілу, за якім хаваліся, зваліўся чалавек. Ледзь не на галовы, праламаўшыся праз купку маладых дрэўцаў. I застаўся ляжаць ніцма ў папараці за некалькі ступнёў ад Сэма. Зь ягонай шыі, з-пад залатога каўняра, вытыркалася зеленапёрая страла. Пунсовы плашч быў разадраны, браня з бронзавай лускі – пакамячаная й пасечаная, пасмы чорных валасоў пераплеценых золатам, узмоклі ад крыві. Смуглявая рука яшчэ сьціскала цаўё зламанага меча.
Гэтак Сэм упершыню назіраў, як людзі б'юцца зь людзьмі, і відовішча яму зусім не спадабалася. Быў рады, што ня бачыць твар забітага. Ён падумаў: а як жа яго звалі, адкуль ён зьявіўся, ці быў насамрэч ліхі сэрцам, ці які падман альбо пагрозы выгналі яго з хаты й прывялі сюды, а мо ён хацеў застацца дома ў міры – суцэльны выбух думак, якія ўмомант пранесьліся скрозь Сэмаў розум. Аднак адразу й зьніклі, бо не пасьпеў Маблунг крочыць да мёртвага цела, як пачуўся новы гук – аглушальны гармідар енкаў і выгукаў. Сярод іх Сэм адрозьніў працяглае выцьцё, быццам нейкі вялізманы дудар дзьме ў дуду, а тады – моцны тупат і грукат, нібы таранамі калацілі ў глебу.
– Сьцеражыся! Сьцеражыся! – загукаў Дамрад таварышу. – Хай валары адвядуць яго ад нас! Мумак! Мумак!
На подзіў і жах, і на незвычайнае задавальненьне, Сэм пабачыў, як гіганцкая туша выламалася з купы дрэваў ды памчала ўніз па схіле. Вялізны, бы хата, не, нашмат большы за хату, Сэму зьвер падаўся шэрай гарою, якая раптам рушыла зь месца. Можа, страх і зьдзіўленьне павялічылі пачвару ў хобіцкіх вачох, але харадзкія мумакі насамрэч былі веліканскімі зьвярамі, цяпер падобных да іх ужо не сустрэць у Міжзем'і, а далёкія іхнія нашчадкі, якія дажылі да пазьнейшых дзён, – толькі слабая згадка колішніх велічы й моцы. Мумак імчаў проста на назіральнікаў і адвярнуў прэч у самы апошні момант, прабегшы ўсяго за некалькі сажняў, і зямля трэслася пад ягонымі нагамі, стваламі дрэваў, і доўгі хобат узьняўся волатавай зьмяюкай, гатовай напасьці, а маленькія чырвоныя вочкі ажно палалі. Вялізныя, падобныя да рогаў іклы тырчэлі ўгару, і зь іх, акаваных золатам, пырскала кроў. Ягоная папона з пунсовай і залатой тканіны матлялася лахманамі. На сьпіне яшчэ хісталіся рэшткі будовіны, падобнай на сапраўдную замкавую вежу, раструшчанай, калі зьвер ламіўся праз дрэвы, а высока на шыі пачвары яшчэ адчайна чаплялася маленечкая постаць – цела ваяра-асілка, волата сярод паўднёўцаў.