Выбрать главу

Нарэшце выбраліся зь пячорнай цемры й агледзеліся навокал. Стаялі на пляскатай паверхні скалы, нічым не агароджанай. Праваруч, з усходу, каціўся ўніз струмень, скакаў з адной тэрасы-прыступкі на другую, а там падаў строма ў вузкую жалонку, пырскаючы пенаю, віхрыўся, праносіўся амаль пад нагамі й абрынаўся ў прорву, якая адкрывалася леваруч. Ля абрыву маўкліва стаяў чалавек, пазіраючы ўніз.

Фрода павярнуўся, каб разгледзець пругкае цела струменю, што вырываўся на волю з жалонкі й выгінаўся, падаючы ўніз. Наўкола было спакойна й золка – набліжаўся сьвітанак. Далёка на захадзе заходзіла поўня, круглая й бялюткая. Бляклыя туманы паблісквалі ў вялікай даліне ўнізе, рыхтык шырокі заліў срэбнай смугі, пад якою каціў халодныя начныя воды Андуйн. Змрочны мур паўставаў за імі, і празь яго зьзялі там і тут халодныя, вострыя, далёкія, белыя, што іклы прывідаў, пікі Эрэд Німрайсу, Белых гор Гондару, каранаваныя вечнымі сьнягамі.

Аглядаючы сьвет з высокай скалы, Фрода здрыгануўся ад думкі: дзе ж у неабсяжным начным абшары сьпяць альбо крочаць сябры – ці ляжаць памерлыя, спавітыя туманом? Нашто прывялі яго сюды, вырваўшы з салодкага забыцьця сну?

Сэму не цярпелася атрымаць адказ на гэтае пытаньне, і ён ня вытрымаў, прабурчэў ціхенька гаспадару пад вуха:

– Краявід незвычайны, так, спадару Фрода, але ж марозіць да самага сэрца, ня кажучы ўжо пра косткі. Што тут такое?

Фарамір расчуў і адказаў:

– Тут поўня садзіцца над Гондарам. Сьветлая Ітыль, пакідаючы Міжзем'е, лашчыць белыя валасы Міндалуйну. Тое вартае дрыжыкаў. Але ж я не па гэтае прывёў вас сюды, хоць ты, Сэме, і ня быў пакліканы, а сплочваеш за сваю падазронасьць. Ну, нічога. Глыток віна тое выправіць. А зараз зірніце-тка!

Ён крочыў да маўклівага вартавога на краі абрыву, Фрода за ім. Сэм быў крыху затрымаўся, бо й так пачуваўся даволі нязграбна на мокрым каменьні. Фарамір з Фрода зірнулі долу. Далёка ўнізе воды абрыналіся ў белапенны вір, а за ім кружлялі па доўгім авальным возеры й выцякалі зь яго праз вузкую шчыліну, пырскаючы й клёкчучы, мкнулі да раўнейшых і спакайнейшых месцаў. Сьвятло поўні яшчэ сягала ўзножжа вадаспаду, блішчэла на пырсках вады. I раптам Фрода заўважыў маленькую чорную постаць на найбліжэйшым беразе. Ледзь заўважыў, а яна нырнула й зьнікла за пенаю віру, расьсекшы цьмяную ваду, бы страла альбо камень з вострымі краямі.

– І што цяпер ты пазнаеш у ім, Анбарн? – павярнуўся Фарамір да вартавога. – Вавёрку? Ці зімародка? Ці ёсьць чорныя зімародкі ў начных водах Ліхалесься?

– Чым яно ні было б, гэта ня птушка, – адказаў Анбарн. – У яго чатыры лапы, і нырае яно, як чалавек, і нядрэнна ж дае нырцу, скажу. Чаго яно хоча? Шукае шлях за вадаспад да нашага сховішча? Падаецца, пра нас усё ж выведалі. У мяне ёсьць лук, і я паставіў іншых стралкоў амаль упоравень з мною на двух берагах. Мы чакаем толькі вашага загаду страляць, пане гетмане.

– Нам страляць? – Фарамір павярнуўся да Фрода.

Фрода завагаўся на момант. Тады сказаў:

– Не, ня трэба! Калі ласка, не!

Калі б Сэм адважыўся, дык выгукнуў бы "Так!" раней за гаспадара й гучней. Бачыць ня бачыў, але з словаў адразу здагадаўся, пра каго вядзецца.

– Дык ты ведаеш, што гэта за пачвара? – спытаў гетман. – Зараз ты яго бачыш і патлумачыш мне, навошта яго шкадаваць. Ва ўсіх нашых размовах ты ні слова не сказаў пра свайго прыблуднага спадарожніка, і я ня згадваў пра яго, чакаючы, пакуль яго зловяць ды прывядуць да мяне. Я паслаў найспрытнейшых паляўнічых, а ён абвёў іх усіх і аніхто зь іх так яго й не пабачыў, апрача Анбарна ўчора ў сутоньні. Але цяпер ён вінаваты ў большым, чым лоўля трусікаў на пагор'ях. Ён адважыўся прыйсьці да Хэнет Анун, і плата за тое – жыцьцё. Я дзіўлюся з пачварня: такі цёмны, пранырлівы – і зьявіўся гарэзаваць пад самае нашае вакно. Ці ён думае, што мы сьпім, не выстаўляючы варты? Чаму ён так робіць?

– Мяркую, на тое ёсьць два адказы, – заўважыў Фрода. – Па-першае, пра людзей ён ведае няшмат і, хоць і пранырлівы, і хітры, напэўна ж, не ўяўляе сабе, што тут хаваюцца людзі, бо пячора вашая надта добра затоеная. А па-другое, сюды яго прывяла магутная прага, мацнейшая за ягоную асьцярожнасьць.

– Яго завабіла сюды, ты кажаш? – спытаў Фарамір напаўголасу. – Ці можа ён ведаць, ці ведае пра тваю ношу?

– Сапраўды так. Ён сам насіў яе цягам мноства гадоў.

– Ён насіў??? – у гетмана ажно зьбіўся подых. – Вось, новыя загадкі чапляюцца адна за другую. Дык ён імкнецца за тваёю ношай?