Выбрать главу

I калі такія думкі скавалі яго жахам, леглі, бы чары, не дазваляючы варухнуцца, Вершнік раптоўна прыпыніўся, упрост перад уваходам на мост, і ўсе спыніліся за ім. Усё замерла, павісла мёртвая цішыня. Магчыма, пярсьцёнак паклікаў гаспадара-прывіда, і ён занепакоіўся, адчуўшы чужую моц у сваёй даліне. Чорная галава, каранаваная жудой, павярнулася туды-сюды, працінаючы цені прывіднымі вачыма. Фрода чакаў, нібы птушка перад зьмяёю, ня ў стане варухнуцца. I, чакаючы, мацней чым калі раней адчуў маўклівы загад насунуць пярсьцёнак. Але ж хоць і цяжка ўціскаў яго той загад, падпарадкавацца яму жаданьня не было. Бо ведаў, што пярсьцёнак здрадзіць, што ня хопіць сілаў нават зь ім супрацьстаяць моргульскаму каралю – пакуль ня хопіць. Уласная Фродава воля аніяк не адгукалася на загад, хоць яе й прыгнятала вусьціш, і толькі звонку адчувалася чужая сіла, што крынічыла й імкнулася ў Фродаў розум. Яна завалодала Фродавай рукою, і пакуль Фрода назіраў, нібы звонку, нібы чытаючы нейкі расповед пра далёкую мінуўшчыну, – мімаволі, пераадольваючы супраціў цела, рука папаўзла да ланцужку на шыі. Толькі тады прачнулася ўласная Фродава воля й накіравала руку да нечага іншага, да рэчы, схаванай на грудзях. Халодным і цьвёрдым падаўся спачатку падарунак Галадрыелі, гэтак доўга хаваны, амаль забыты. Ад дотыку да яго ўсе думкі пра пярсьцёнак раптам зьніклі. Фрода ўздыхнуў і нахіліў галаву.

У гэты момант павярнуўся й кароль-вядзьмар, прыбаднуў каня й рушыў праз мост, а войска ягонае кранулася сьледам за ім. Мо эльфаў плашч падмануў ягоныя нябачныя вочы й воля маленькага ягонага ворага, узмацніўшыся, адвярнула каралёву думу. Але таксама ён сьпяшаўся. Надышоў прызначаны час, і на загад вялікага гаспадара ён рушыў вайною на Захад.

Неўзабаве ён праехаў, як цень сярод ценяў, адышоў уніз па пятлястай дарозе, а за ім чорныя шэрагі яшчэ доўга маршавалі па мосьце. З часоў Ісільдаравай моцы такое магутнае войска не выходзіла з Моргульскай даліны, і аніколі яшчэ навала гэткай лютасьці й ваярскай сілы не нападала на броды Андуйну, і ўсё-ткі тое было далёка ня самае вялікае з войскаў, якія Мордар выслаў цяпер на вайну.

Фрода варухнуўся. I раптоўна ягоныя думкі павярнуліся да Фараміра.

"Навала абрынулася нарэшце, – падумаў ён. – Гэты лес дзідаў і мечаў рушыць на Азгіліят. Ці пасьпее Фарамір за раку? Ён прадбачыў навалу, але ж ці здагадаўся, калі менавіта яна прысьпее? I хто цяпер здолее ўтрымаць броды супраць караля Дзевяці Вершнікаў? А прыйдуць жа й іншыя войскі. Я спазьніўся. Усё страчанае. Нават калі я й сягну свае мэты, аніхто пра гэта не даведаецца. Усё дарма, усё марна".

Зьнясілены, ён заплакаў. А войска Моргулу ўсё ішло ды ішло праз мост.

А тады з далёкай далечы, нібы з успамінаў пра Шыр, зь нейкага яснага сонечнага ранку, калі дзень клікаў да жыцьця й дзьверы расчыняліся насустрач яму, пачуўся голас Сэма: "Прачніцеся, спадару Фрода!" Калі б той голас дадаў: "Ваш сьняданак гатовы", – Фрода наўрад зьдзівіўся б. Бо голас гучаў надта заклапочана. "Прачынайцеся, спадару Фрода, яны прайшлі!"

Пачуўся глухі бразгат. Брама Мінас Моргулу зачынілася. Апошні шэраг дзідароў зьнік у змроку. Вежа па-ранейшаму кпліва шчэрылася з-за даліны, але сьвятло ў ёй згасала. Увесь горад вяртаўся ў чакальны злавесны цень і маўклівасьць. Аднак заставаўся гэткім самым насьцярожаным, назіральным.

– Прачніцеся, спадару Фрода! Яны сышлі, і нам таксама лепей ісьці. Там нешта жывое засталося, нешта з вачыма, альбо яно неяк розумам бачыць, калі вы мяне разумееце, і чым даўжэй мы на адным месцы, тым хутчэй яно нас угледзіць. Паўстаньце, пане Фрода!

Фрода падняў галаву, стаў на ногі. Адчай не пакінуў яго, але млявасьць мінула. Хобіт нават і ўсьміхнуўся нявесела, адчуваючы зараз з той самай яснасьцю, зь якой хвіліну таму перажываў зусім супрацьлеглае, што мусіць выканаць свой абавязак, калі толькі здолее, і што зусім няйстотна, даведаюцца пра тое Фарамір ці Арагорн, Эльранд ці Галадрыель альбо Гэндальф ці хто іншы з мудрых і дасьведчаных. Фрода ўзяў кій у адну руку, фіял у другую. Калі пабачыў, што яснае сьвятло прасочваецца праз пальцы, сунуў фіял назад, за вопратку, прыціснуў да сэрца. Тады павярнуўся сьпінаю да Моргулу, ужо зблёклага, шэрага ценю за чорным правалам даліны, крочыў на сьцежку наверх.