Выбрать главу

– Ну, – уздыхнуў Фрода, – оркі ці не, калі гэта адзіны шлях, мусім ісьці па ім.

Удыхнуўшы глыбока, крочылі ўсярэдзіну. Празь некалькі крокаў падарожнікі апынуліся ў суцэльным непраглядным змроку. Ад самай Морыі не траплялі Фрода з Сэмам у гэткую цемрадзь, а тут яна падавалася, калі тое ўвогуле магчыма, яшчэ больш шчыльнай і глыбокай. Там усё ж адчуваліся нейкія рухі паветра, рэха, прастора. Тут і паветра вісела застаялае, нерухомае, цяжкое, і гукі гасьлі ў ім, ледзь сарваўшыся з вуснаў. Хобіты нібы соўваліся праз чорныя выпарэньні самой цемры, якая атручвала дыханьне, сьляпіла ня толькі вочы, але й розум, і пад ёю блёклі ўспаміны пра фарбы й краскі сусьвету, пра любое сьвятло. Толькі ноч, заўжды ноч і анічога, апрача ночы, панавала й панавацьме тут.

Спачатку пачуцьці ня цалкам здрадзілі ім. Пачуцьцё дотыку ў пальцах ды ступнях абвастрылася амаль да болю. На зьдзіўленьне, сьцены падаваліся гладкімі, дый падлога таксама, хіба што траплялася прыступка-другая, і вёў калідор угару проста й пад адным нахілам. Тунэль быў шырокі й высокі, і хоць хобіты крочылі поруч, да сьценаў дакраналіся толькі пальцамі выцягнутых рук, і адзін аднаго ўжо не маглі дастаць, самотныя ў цемры.

Глыкс рушыў наперадзе, падавалася, толькі за некалькі крокаў ад іх. Пакуль цемра не зьмярцьвіла слых, чулі ягоны шыплівы й хрыпаты подых. Але цягам часу пачуцьці зьнежывелі, і дотык, і слых ужо не казалі амаль нічога, хобіты клыпалі ледзь не адною сілаю волі, якою зайшлі ў смуродную дзірку. Прагнулі прайсьці яе й выбрацца вонкі да высокай брамы наперадзе.

Можа, яшчэ не адышлі далёка (хоць хутка страцілі ўсялякае разуменьне часу й адлегласьці), калі Сэм праваруч, мацаючы сьцены, знайшоў дзірку й на момант злавіў подых паветра не такога застойлага, але ж хобіты мінулі яе, рухаючыся на галоўным калідоры.

– Тут не адзіны праход, – зь цяжкасьцю прашаптаў Сэм, бо паветра, якое выдыхаў, ніяк не складвалася ў словы. – Лепшага месца оркам не знайсьці!

Пасьля таго ён праваруч, а Фрода леваруч намацалі яшчэ тры ці чатыры бакавыя тунэлі, некаторыя шырэйшыя, некаторыя вузейшыя, але з шляху яны не зьбівалі, бо галоўны калідор цягнуўся проста, не зварочваў і няўхільна падымаўся. Але ж якой ён даўжыні? Колькі яшчэ яго трываць, і колькі яшчэ яны адужаюць? Паветра рабілася ўсё мярцьвейшым, і часьцяком сьляпая цемра згушчалася ў нешта шчыльнае, што перашкаджала ісьці. Прасоўваючыся наперад, адчувалі, як штось кранае галовы, нейкія доўгія шчупалы альбо расьліны зьвешваліся з столі. Дакладна вызначыць, што гэта, не маглі. А смурод усё мацнеў. Рос да таго, што нюх падаваўся хобітам адзіным ясным пачуцьцём, якое засталося ў іх, і тое засталося на пакуту. Гадзіна, дзьве, тры – колькі ж яшчэ загінула ў гэтай непрагляднай дзірцы? Не гадзіны, напэўна, а дні й тыдні. Сэм адсунуўся ад сьцяны, крочыў бліжэй да Фрода, знайшоў ягоную руку й сьціснуў у сваёй, і гэтак разам яны рушылі далей.

Нарэшце Фрода, мацаючы левай рукою сьцяну, зьнянацку натрапіў на пустэчу. Амаль зваліўся ў яе бокам. Тут у скале адкрыўся праход, нашмат шырэйшы за ўсе, якія дасюль мінулі, і з таго праходу панесла такім лютым смуродам, пачуцьцё сьцярожкага, чакальнага ліха было такое моцнае, што Фрода здранцьвеў. У гэты момант Сэм таксама пахіснуўся й зваліўся наперад.

Змагаючыся з млоснасьцю й жахам, Фрода ўхапіўся за Сэмаву руку.

– Уставай! – выдыхнуў хрыпата, безгалоса. – Усё ідзе адсюль, і смурод, і ліха! Хадзем прэч! Хутчэй!

Сабраўшы рэшткі моцы й волі, ён пацягнуў Сэма, падняў яго на ногі, прымусіў рухацца члонкі. Сэм закульгаў побач. Адзін крок, другі, трэці й гэтак да шостага, а тады раптам стала лягчэй: магчыма, мінулі жудасны праход, а мо ўпрост нечая варожая воля адпусьціла іх. Яны паклыпалі далей, рука ў руцэ.

I амаль адразу ж напаткалі новую цяжкасьць. Тунэль раздвойваўся, ці так падавалася, і ў цемры было не разабраць, які шлях шырэйшы ці бліжэйшы да ранейшага напрамку. Куды збочыць, налева альбо направа? Ня ведалі анічога, што дапамагло б абраць, а памылковы выбар мог стацца пагібельным.

– Куды толькі падзеўся Глыкс? – прабурчэў Сэм, пыхкаючы. – Чаму не пачакаў?

– Сьмеяголь! – вымавіў Фрода, спрабуючы гукнуць. – Сьмеяголь!

Але голас ягоны хрыпеў, і гукі заглохлі, ледзь сарваўшыся з вуснаў. I аніякага адказу, нават рэха, нават паветра ня ўздрыгнула.

– На гэты раз ён насамрэч зьнік, – прамармытаў Сэм. – Мяркую, менавіта сюды ён нас і вёў. Глыкса! Калі толькі дабяруся да цябе, вох, і пашкадуеш ты!

Усё ж, мацаючы ў цемры ды кульгаючы, вынайшлі, што тунэль леваруч заблякаваны – ці тупіком, ці нейкім вялізным каменем, што абваліўся й загароджваў праход.