Выбрать главу

Тыя задрыжэлі. Сумнеў адбіўся ў іх, адзін за адным яны прыгасалі – і нарэшце павольна адсунуліся. Аніколі зьзяньне такой прамяністасьці ня падала на іх, не сьляпіла так. Ад сонца, месяца й зораў тыя вочы надзейна хаваліся ў скляпеньнях, але зараз зорка сама спусьцілася ў глыбіні. А сьвятло ўсё набліжалася. I вочы задрыжэлі. Адзін за адным згасьлі цалкам, адвярнуліся прэч, і вялізная туша, неабсяжны цень, недасягальны сьвятлу, калыхнуўся між імі – і зьнік.

– Спадару, спадару! – загаласіў Сэм, які рушыў за гаспадаром зь мечам аголеным і гатовым да бойкі. – А-вой, зоры й слава! Эльфы песьню пра такое склалі б, каб толькі пачулі! А мо я дажыву ды ім распавяду й пачую іхні сьпеў. Але ж ня йдзіце далей, спадару! Ня лезьце ў берлаг! У нас цяперака адзіны шанец – выбірацца як мага хутчэй з гэнай нары!

Таму яны павярнулі зноў і пайшлі, а тады й пабеглі, бо тунэль уздымаўся строма, і з кожным крокам яны падымаліся над смуродам нябачнага логавішча, і сіла вярталася да целаў і сэрцаў. А нянавісьць пачвары скляпеньняў яшчэ трымалася за сьпінамі, магчыма, асьлепленая, але непераможаная, пагібельная. І вось насустрач у твары падзьмула ветрыкам, слабым, зімным. Выйсьце вонкі, жарало пячоры, нарэшце было перад імі. Пыхкаючы, імкнучыся пад адкрытыя нябёсы, хобіты кінуліся наперад – і ў неверагодным зьдзіўленьні захісталіся, адкінутыя назад. Выхад быў закрыты нейкай перашкодай, не каменнай, а мяккай, зьлёгку нават пругкай – і разам з тым трывалай і неадольнай. Вецер прасочваўся празь яе, а сьвятло – не. Знову яны кінуліся наперад – і зноў іх адкінула.

Узьняўшы фіял, Фрода прыгледзеўся – і пабачыў перад сабою шэрую сьцяну, якую зьзяньне зорнай шкляначкі не працінала й не асьвятляла, быццам яна змураваная зь ценю, народжанага не-сьвятлом і таму для сьвятла непраходнага. Уся дзірка была затканая павуціньнем, гэткім самым узорыстым і прыгожым, як павуціньне звычайнага павука, толькі шчыльней сплеценым і нашмат большым. Кожная павучынка – таўшчынёю зь вяроўку.

– Павучыньне! – Сэм пахмура засьмяяўся. – I ўсё? Павучыньне, так. Што за жудасны павук! Ну, пасячэм, трасца на яго!

У шаленстве секануў кордам, але павуціньне не разарвалася. Паддалося пад ударам, а тады спружыніла, адвярнуўшы лязо, адкінуўшы й меч, і руку. Тройчы Сэм біў што моцы й урэшце перасек адзіную павуцінку зь незьлічонага шэрагу. Тая лопнула й скурчылася, сьвіснуўшы пугаю ў паветры. Канцом джгнула па Сэмавай руцэ, і той заенчыў ад болю, адскочыў ды прыціснуў пабітую руку да роту.

– I колькі дзён трэба, каб прабіць шлях? – вымавіў нарэшце. – Што рабіцьмем? Ці вярнуліся тыя вочы?

– Не, пакуль іх не відаць, – заўважыў Фрода. – Ды я адчуваю: яны шчэ пазіраюць на нас ці думаюць пра мяне. Мо выдумляюць нешта. Калі не трымаць сьвятла ці калі яно згасьне, яны хутка вернуцца.

– Патрапілі ўсё-ткі ў пастку! – затужыў Сэм, і ягоная злосьць узьнялася зноў, перамогшы стому й адчай. – Бы матылі ў мамэрлі. Каб Фараміраў праклён знайшоў Глыкса, ды хутчэй!

– Тое нам зараз не дапаможа, – перапыніў Фрода. – Ну, зірнем-тка, на што здатнае Джала. Эльфава ж лязо. У Белерыяндзе, дзе яго скавалі, у цёмных расколінах бывала павучыньне й горшае. Пасьцеражыся, прыкрывай вочы! Вось, вазьмі шклянку. Ня бойся. Трымай высока й назірай!

Тады Фрода крочыў да вялізнага шэрага сеціва й секануў яго наўкось размашыстым ударам, паласнуўшы вострым лязом шэраг густа пераплеценых нітак, і адразу адскочыў. Лязо, адбліскваючы блакітам, прайшло скрозь іх, што каса праз траву. Вяроўкі скалануліся, лопаючыся, задрыжэлі, скурчыліся дый павісьлі. Утварылася вялізная прарэха.

Удар за ўдарам – і нарэшце Фрода пасек усё павуціньне, да якога толькі мог дацягнуцца, а рэшткі, што зьвісалі зьверху, матляліся дранаю завесаю пад ветрам. Пастка ня вытрымала.

– Рушма! – загукаў Фрода. – Наперад, хутчэй!

Шалёнае задавальненьне ад уцёкаў з самае пашчы адчаю й жаху перапоўніла ягоны розум. Галава закружылася, як ад келіха моцнага віна. Ён выскачыў вонкі галосячы.

Паўзмрок, у які вырваўся, падаўся ясным сьвятлом пасьля логвішча апраметнай ночы. Шчыльны дыміска над галавою прыўзьняўся, патанчэў, барвянае полымя Мордару згасла ў пахмурым цені. Сканчаліся апошнія гадзіны дня. Але Фрода нібы ўзіраўся ў раніцу раптоўнай надзеі. Амаль і сягнуў ужо верху сьцяны. Засталося крыху, зусім крыху. Расколіна, Кірыт Унгал, была перад ім цёмнай вышчарбінаю ў чорным хрыбце, і скальныя рогі цьмяна ўтыкаліся ў нябёсы па ягоных бакох. Хуткая прабежка, адзіны рывок – і ён на другім баку!