Выбрать главу

– Да перавалу, Сэме! – закрычаў ён бесклапотна, не зьвяртаючы ўвагі, што голас ягоны, вызвалены ад скляпеннага ўдушша, зьвініць пранізьліва й гучна. – Да перавалу! Бегма, бегма – мы праскочым, і ніхто не пасьпее нас спыніць!

Сэм кульгаў як мог, але, хоць і задаволены вызваленьнем, не пазбавіўся ад непакою й на бягу ўсё азіраўся на чорную арку тунэлю, баючыся, што раптам пабачыць вочы ці жудасную, неўяўляльную постаць, якая выскоквае й гоніцца за імі. Як жа мала ведалі ён і ягоны гаспадар пра звычкі Шэлаб! Яна мела шмат выйсьцяў з свайго логавішча.

Доўгімі вякамі жыла яна там, жудасная пачвара ў павучыным абліччы. Падобныя да яе жытлавалі калісьці ў краіне эльфаў на Захадзе, які цяпер паглынула мора. З такою біўся Бэрэн у гарах Вусьцішы, у Дарыяце, вытрымаўшы, спусьціўся – і напаткаў пад месяцовым сьвятлом на зялёнай палянцы сярод балігалову сваю Люціень. Як Шэлаб пазьбегла зьнішчэньня, як дабралася да Эфэл Дуату – няма расповедаў, бо няшмат дайшло гісторый з Чорных гадоў. Аднак яна была тут яшчэ да Саўрона, да першага каменя Барад-дуру й не служыла анікому, апрача сябе самой, п'ючы кроў людзей і эльфаў, пухнучы, жырэючы на бясконцых вусьцішных бяседах, плетучы сеціва ценяў. Усё жывое было ёй ежай, а яе ванітамі – цемра. Паўсюль распаўзьліся ейныя слабейшыя нашчадкі, вырадкі нікчэмных пачварняў, таксама народжаных ёю ды забітых пасьля таго, як апладнілі яе цела. З адной цёмнай шчыліны да другой паўзьлі яны й дабраліся ад Эфэл Дуату да ўсходніх стромаў, да Дул Гулдуру й неабсяжнай прасторы Ліхалесься. Але ніводны зь іх ня мог зраўнацца зь ёю, Шэлаб Вялікай, апошнім нашчадкам Унгаліянты, апошняй бядою, прынесенай той у гаротны сусьвет.

Гады таму прыйшоў да яе Глыкс, які лазіў ува ўсе чорныя норы й яміны, прыйшоў да яе ды схіліўся перад ёю, і ўхваліў яе, і пакляўся прыслужваць – і ейная чорная воля з таго часу заўжды крочыла побач зь ім, абараняючы яго ад сьвятла, ад жалю й выратаваньня. Ён паабяцаў прыводзіць ёй ежу. А прагнула яна зусім не таго, чаго ён. Бо няшмат яна ведала пра вежы й пярсьцёнкі альбо што іншае, створанае рукамі ці розумам, дый непатрэбныя былі яны ёй і нецікавыя, а хацела яна толькі забіваць розумы й целы, каб высмактаць усё жыцьцё, і жэрці ў самоце, і пухнуць, пакуль горы ўмяшчалі б яе й цемра здолела б яе ўтрымаць.

Але ж цяпер тая мара была надта далёка, і ўжо даўно ёй хацелася папросту падсілкавацца, бо з узмацненьнем Саўронавай улады ўсё жывое й сьветлае пакінула межы гэтага краю, а горад у даліне памёр, і да яе логвішча не набліжаліся ані людзі, ані эльфы – толькі выпадковыя няшчасныя оркі, здабыча грубая й сьцярожкая. Але ж ёй трэ было есьці, і таму як ні выкопвалі б новыя праходы, як ні рупіліся б, пракладваючы сьцежкі ад перавалу да вежы, заўжды яна вынаходзіла шляхі, каб злавіць. Але ж яна прагнула саладзейшага. I Глыкс паабяцаў.

– Пабачым яшшчэ, вохх, пабачым, – мармытаў ён пад нос, калі злаваўся, на доўгім недарэчным шляху ад Эмін Мюйлу да Моргульскай даліны, – яшшчэ як пабачым. Мажліва, таксс, калі яна выкіне прэч пустое адзеньне й косткі, мы знойдзьдзем, мы атрымаем кашштоўнасьсьць, узнагароду беднаму Сьмеяголю, які прыводзіць добрую ежу. I мы выратуем кашштоўнасьсьць, як і абяцалі. Таксс! А калі мы яе прыдбаем, тады мы пакажам ёй, таксс, мы пакажам ёй, ссплоцім ёй за ўсьсё! Тады мы кожжнаму ссплоцім за ўсьсё!

Гэтак марыў ён, гэтак плянаваў у дальнім закутку свайго розуму й хаваў гэты куточак ад Шэлаб, нават калі зноў зьявіўся перад ёю й пакланіўся нізка ў той час, як спадарожнікі спалі.

А Саўрон добра ведаў, дзе тоіцца яна. Яго задавальнялі ейны голад і няспынная, неўтаймавальная злосьць, бо лепшага вартавога на старажытнай сьцежцы ў ягоную зямлю ён і ўявіць сабе ня мог. Оркі, вядома, былі карыснымі рабамі, але ж надта шматлікімі. Калі раз-пораз Шэлаб і лавіла іх, каб задаволіць апэтыт, дык няхай, дзеля яе не шкада. А раз-пораз, як гаспадар кідае ласунак сваёй котцы (бо "мая котка" клікаў ён яе, хоць яна не прызнавала яго й не паважала), Саўрон слаў ёй вязьняў, якім ня мог прыдумаць іншага карыстаньня. Паводле ягонага загаду іх заганялі ў логава, а пасьля дакладвалі, як Шэлаб забаўлялася.

Гэтак жылі абое, забаўляючыся ўласнымі прыдумкамі, не баючыся аніякага нападу, і нічыёй помсты, і сканчэньня свайго ліха. Аніколі раней нават муха не ўцякала з логава Шэлаб, і незвычайнымі сталі цяпер яе шаленства й прага.