– Зямныя чуткі цьмяныя й заблытаныя, – распавёў ён. – На шмат вёрстаў навокал нас анікога пешага няма. Варожыя крокі чуваць слаба й надта далёка. Гучна й адметна чуваць пошчак капытоў. Цяпер узгадваю: ён трывожыў мяне нават у сьне: коні скачуць, скачуць з захаду. Але цяпер яны аддаляюцца, кіруюцца на поўнач. Цікава, што ж адбываецца там?
– Рушма! – выгукнуў Ляголас.
Гэтак пачаўся трэці дзень пагоні. Доўгімі гадзінамі пад сонцам і аблокамі сябры мкнулі амаль не спыняючыся, то хуткім крокам, то бегма, бо аніякая стома не магла сьцішыць полымя, якое палала ў іх. Амаль не размаўлялі. Сярод пустой прасторы рушылі яны, і іхнія эльфскія плашчы зьліваліся зь цёмна-зялёнай травою. Нават і ў паўдзённым сьвятле толькі эльфавы вочы прыкмецілі б іх здалёк. Часьцяком у думках дзякавалі яны паньне Лорыйну за лембасы, бо сілкаваліся імі на бягу, і сілы адразу аднаўляліся.
Увесь дзень варожы сьлед праставаў на паўночны захад, ня збочваў і не затрымліваўся. У сутоньні перасьледнікі зноў сягнулі схілаў – доўгіх, бязьлесых, што вялі да шэрагу нізкіх гарбатых пагоркаў наперадзе. Орцкі сьлед паслабеў, зварочваючы на поўнач, бо зямля стала цьвярдзейшая, а трава карацейшая. Далёка леваруч вілася Энтуя, срэбная нітка на зялёным полі. Анічога ня рухалася ў навакольлі. Часьцяком Арагорн зьдзіўляўся, чаму не трапляліся ані людзі, ані якія зьвяры. Жытлы рахірымаў былі пераважна за шмат міляў на поўдзень, блізу лясістых узножжаў Белых гор, цяпер прыхаваных туманом ды аблокамі. Аднак раней уладары коней трымалі шмат табуноў і статкаў у Прыўсходзьдзі. Тут вандравала шмат пастухоў, трываючы ў намётах нават узімку. А цяпер зямля спусьцела, і цішыня навокал зусім не падавалася прыкметаю спакою.
Зь цемраю спыніліся зноў. Ужо каля пятнаццаці міляў аддзяляла іх ад сьценаў Эмін Мюйлу, якія ўжо й схаваліся ў ценях на ўсходзе. Маладзік пабліскваў у туманных нябёсах, але амаль не даваў сьвятла, і зоры засмужыла.
– Цяпер я рашуча супраць адпачынку ці нават прыпынку! – абвесьціў Ляголас. Трэба гнацца! Оркі нясуцца, нібы сам Саўрон джгае іх пугаю. Баюся, яны ўжо сягнулі лесу й змрочных пагоркаў ды бягуць па ўзьлеску.
– Тое горкі канец нашым надзеям і намаганьням! – Гімлі скрыгатнуў зубамі.
– Надзеі – мажліва, але ж не намаганьням, – запярэчыў Арагорн. – Мы ня зьвернем і не адступімся. Аднак я насамрэч стаміўся.
Азірнуўся на адолены шлях, на ноч, што гусьцела на ўсходзе.
– Дзіўнае нешта робіцца тут. Не давяраю я гэтай цішыні. Не давяраю нават бляднаму месяцу. Зоры незвычайна цьмяныя, і я стаміўся так, як рэдка ў жыцьці. Не па-сьледапыцку: я аніколі так не стамляўся, ідучы па адметным сьледзе. Нейкая варожая воля дадае імпэту оркам, а перад намі – быццам нябачны мур, і стома ад таго болей ня ў целе, а ў душы.
– Так і ёсьць! – пагадзіўся Ляголас. – Я адчуў гэта адразу, калі мы спусьціліся з Эмін Мюйлу. Варожая воля не за нашымі сьпінамі, а наперадзе.
Ён паказаў на цёмны захад пад сярпком маладзіка, за роханскай зямлёю.
– Саруман! – прамармытаў Арагорн. – Але ён ня здолее павярнуць нас! Усё ж трэба зноў прыпыніцца. Гляньце: нават месяц сеў у хмары. На поўнач, паміж доламі й горамі пойдзе наш шлях на золку!
Як і раней, Ляголас першы быў на нагах, калі ўвогуле клаўся спаць.
– Абудзіцеся! Хутчэй! – выклікнуў ён. – Занялася барвовая раніца! Дзіўныя рэчы чакаюць нас на ўзьлеску. Добрыя ці ліхія – не вядома, але ж дарога кліча! Паўстаньце!
Астатнія паўскоквалі й адразу пусьціліся бегчы. Павольна набліжаліся пагоркі. Сябры сягнулі іх за гадзіну да полудня. Іхнія доўгія зялёныя схілы ішлі да голых каменных грабянёў, якія роўным шэрагам цягнуліся на поўнач. Зямля пад нагамі была сухая, з кароткай травою, але наперадзе ляжала шырокая, вёрстаў зь дзясятак, паласа панізьзяў ля ракі, якая блукала там, схаваўшыся за густымі зарасьцямі чаратоў ды трысьнягу. На захад ад паўднёвага схілу заўважылі вялікае кольца вытаптанай ды пашкоджанай травы ды глебы, разьбітай мноствам цяжка абутых ног. Адсюль оркаў сьлед павярнуў на поўнач, уздоўж ссохлых узножжаў пагор'я. Арагорн прыпыніўся, углядаючыся ў сьляды.
– Тут яны адпачывалі, – адзначыў ён, – але сьлед ужо схаладнеў. Баюся, праўдзіва казаў ты, Ляголас: тройчы па тузіне гадзінаў мінула з таго часу, як на гэтым месцы стаялі оркі. Калі яны рушылі з ранейшаю хуткасьцю, то яшчэ ўчора да цемры сягнулі ўзьлескаў Фангарну.
– На поўначы ці на захадзе я ня бачу нічога, акром травы ды туману над ёю, – заўважыў Гімлі. – Ці пабачым мы лес, ускараскаўшыся на пагоркі?