Выбрать главу

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Тры – сьмяротнай зямлі несьмяротным князям,

Сем – царам-кавалям на падгорным троне,

Дзевяць – чалавечага племені каралям,

Адзін – Уладару Цемры ў чорнай кароне,

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх,

Адзін – завабіць і ў цемры скаваць іх

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

КНІГА ПЯТАЯ

1. Мінас Тырыт

Піпін вызірнуў з свайго сховішча ў нетрах Гэндальфавага плашча. I не зразумеў, ці прачнуўся насамрэч, ці яшчэ сьпіць, агорнуты той самаю хуткаплыннай мараю, якая люляла яго гэтак доўга з пачатку вялікай скачкі. Цьмяны сусьвет мкнуў прэчкі, і вецер сьпяваў увушшу. Хобіт ня бачыў анічога, апрача зораў, што плынелі над галавою, а далёка праваруч магутныя цені паўднёвых гор падпіралі нябёсы. Сонны Піпін узгадваў, дзе ж яны праляталі й калі што прамільгнула паўзь іх, аднак успаміны ягоныя былі непрачнутыя, як ён сам, і няпэўныя.

Спачатку падарожнікі несьліся з жудаснаю хуткасьцю, безь перапынку, на сьвітанку наперадзе бліснула золатам, а тады прыехалі ў маўклівы горад зь вялізнай пустой сядзібаю на пагорку. I не пасьпелі схавацца там, як зноў над галовамі праляцеў крылаты цень, і людзі дранцьвелі ад вусьцішы. Але Гэндальф супакоіў хобіта ціхімі словамі, і той прылёг у куце, стомлены, але трывожны, заўважаючы праз паўсоньне, як заходзяць і выходзяць людзі, як размаўляюць, як Гэндальф аддае загады. А тады зноў – начная скачка. Гэта ўжо другая, не, трэцяя ноч ад той, калі зазірнуў у палантыр. Ад таго страшнага споміну абудзіўся цалкам і здрыгануўся, і шум ветру напоўніўся пагрозьлівымі галасамі.

Сьвятло ўскінулася ў нябёсах, жоўтае полымя з-за чорнай сьцяны. Піпін ажно адсунуўся, падумаўшы ў страху: у якую жудасную краіну цягне яго Гэндальф? Пацёр вочы – і тады пабачыў, што Месяц, ужо амаль поўны, караскаецца над усходнім ценем. Значыць, ноч яшчэ раньняя, і наперадзе гадзіны вандроўкі ў цемры. Варухнуўся й падаў голас.

– Дзе ж мы, Гэндальфе?

– У каралеўстве Гондар, – азваўся чараўнік. – Яшчэ мінаем зямлю Анарыёна.

Пэўны час Піпін маўчаў, а тады раптам загаласіў, учапіўшыся за Гэндальфаў плашч:

– Што гэта? Зірні! Полымя, барвовае полымя! Тут жывуць цмокі? Зірні, і яшчэ!

– Наперад, Цяняр! – замест адказу прысьпешыў каня Гэндальф. – Мусім сьпяшацца! Наш час мінае! Зірні – празоры Гондару палаюць, просяць дапамогі. Вайна прыйшла! Вунь агонь на Аман Дыне, полымя на Эйленаху й вунь пабеглі агні на захад: Нардал, Эрэлас, Мін-Рыман, Каленад і Халіфірыён на роханскім памежжы.

Але ж Цяняр запаволіў крок, а тады падняў галаву й заржаў. Зь цемры даляцела ржаньне ў адказ, і пачуўся тупат капытоў. Тры вершнікі пранесьліся побач, нібы прывіды-летуны пад месяцам, і зьніклі на захадзе. А Цяняр сарваўся ў намёт і памкнуў, і ноч мкнула паўзь яго, равучы віхурай.

Піпін зноў крыху прыснуў і амаль не зьвяртаў увагі на Гэндальфаў расповед пра звычаі Гондару й пра тое, як гаспадар места загадаў пабудаваць на вяршынях далёкіх адгор'яў уздоўж хрыбта мігакі-празоры й вартавыя пасты, а таксама даручыў заўжды трымаць пры іх сьвежых коней, каб несьці вершнікаў і загады да Рохану на Поўнач і да Бэльфаласу на Поўдзень.

– Даўно не запальвалі агнёў на Поўначы, – паведамляў Гэндальф. – А ў старажытнасьці ў тым не было й патрэбы, бо Гондар меў сем камянёў.

Піпін здрыгануўся.

– Сьпі, ня бойся, – супакоіў Гэндальф. – Бо ты ж ня ў Мордар рушыш, як Фрода, а ў Мінас Тырыт, і больш бясьпечнае месца цяпер цяжка адшукаць. Калі ня вытрымае Гондар ці калі Вораг захопіць пярсьцёнак, тады й у Шыры не схаваесься.

– Ня надта суцяшае, – вымавіў Піпін, але сон ужо авалодваў ім.

Апошнім, што запомніў перад тым, як праваліцца ў глыбокі сон, быў пробліск высокіх белых пікаў, якія зіхоткімі выспамі плылі над аблокамі, люструючы месяцовыя промні. Падзівіўся яшчэ, дзе ж цяпер Фрода: мо ў Мордары, а мо ўжо забіты, і ня ведаў, што Фрода – далёка ад яго – пазіраў на той самы месяц, які заходзіў над Гондарам, вястуючы новы дзень.

Піпін прачнуўся ад галасоў. Яшчэ дзень чаканьня ў сховішчы й ноч скачкі праляцелі міма. Ужо днела: набліжаўся халодны сьвітанак і вакол вісеў золкі шэры туман. Зь Ценяра ажно валіла пара, такі ён быў потны, але ж трымаў шыю ганарыста, не выказваў ані знаку стомы. Побач зь ім стаяла шмат высокіх людзей у доўгіх плашчах, а за імі ў тумане рысавалася каменная сьцяна. Падавалася, часткова пабураная, але, нягледзячы на змрок, чуліся гукі працы: грукалі молаты, бразгалі рыдлёўкі й рыпелі колы. Там і тут смужна сьвятлелі праз туман паходні й вогнішчы. Гэндальф размаўляў зь людзьмі, якія перагарадзілі яму шлях, і, прыслухаўшыся, Піпін уцяміў: абмяркоўваюць менавіта яго, Піпіна.