– Ты ўжо высьлізнуў ад нас аднойчы, Фрода, тады атрымалася. Гэтым разам амаль, ды не зусім. Ня Сэм цяпер цябе выдаў, а сам Гэндальф!
– Так, – прызнаўся Гэндальф, – бо назад лепей вяртацца ўтрох, чым аднаму. Ну, нарэшце, дарагія сябры, на беразе мора сканчаецца наш зьвяз у Міжзем'і. Ідзіце ж зь мірам! Не скажу: ня плачце, бо ня ўсе сьлёзы – ліха.
Тады Фрода пацалаваў Мэры й Піпіна, а апошнім Сэма дый зайшоў на карабель. Усе ветразі паднялі, і задзьмуў вецер, і агеньчык шклянкі Галадрыелі ў Фродавай руцэ замільгацеў і зьнік. Карабель выйшаў у адкрытае мора, рушыў на Захад, і ўрэшце сярод дажджлівай ночы Фрода адчуў салодкі водар у паветры і пачуў сьпеў над вадою. А пасьля яму падалося, быццам у колішнім сьне ў Бамбадзілавай хаце: шэрая завеса дажджу ператвараецца ў срабрыстае шкло ды адсоўваецца, а за ёю паўстае далёкая зялёная краіна ў гожым сьвітаньні.
А для Сэма сутоньне сьцямнела да начной цемры, а ён усё стаяў у Завані і, таропячыся на шэрае мора, бачыў толькі цень на вадзе, які неўзабаве растачыўся на захадзе. Яшчэ доўга стаяў Сэм у цемры, чуючы толькі ўздыхі й прышапты хваляў на беразе Міжзем'я, і голас іхні глыбока ўвайшоў у ягонае сэрца. А побач маўкліва стаялі Піпін і Мэры.
Нарэшце ўсе трое павярнуліся і, не азіраючыся болей, паехалі дамоў. I не размаўлялі міжсобку, пакуль не сягнулі Шыру, але кожнаму было нашмат утульней і цяплей падчас вандроўкі ад таго, што побач – сябры.
Нарэшце спусьціліся з пагор я й выехалі на Усходні шлях, а тады Мэры зь Піпінам накіраваліся ў Прыбычча й ужо зацягнулі дуэтам нейкую песеньку. Сэм жа збочыў да Прырэчча й у прыцемках сягнуў Стромы. Ён ехаў і бачыў жоўтае сьвятло ў акенцах і агонь у агмені. Яго чакалі, і вячэра ўжо была на стале. Ружа правяла яго ў хату, усадзіла ў фатэлю, а на калені яму паклала маленькую Эланор.
Сэм глыбока ўздыхнуў й вымавіў:
– Вось я й вярнуўся.