– Збраярні тут небагатыя, вашамосьць, – адказаў Эямэр. – Магчыма, знойдзецца лёгкі шалом, прыдатны для яго, але ж ні броняў, ні меча на ягоны рост няма.
– У мяне ёсьць меч! – адгукнуўся Мэры, ускочыў і выцягнуў з чорных похваў маленькі зыркі корд.
I раптам, адчуўшы вялікую любоў да старога караля, апусьціўся на адно калена, узяў каралёву руку й пацалаваў яе.
– Ці можна мне пакласьці меч Мэрыядока з Шыру перад вамі, вашамосьць кароль Тэядэн? – выгукнуў ён. – Прыміце маю службу, калі будзе на тое вашая воля!
– З радасьцю прымаю я тваю службу, – вымавіў кароль і, крануўшы доўгімі старымі далоньмі галаву хобіта, добраславіў яго: – Паўстань жа цяпер, Мэрыядок, збраяносца Рохану, ахоўнік Мэдусэльду! Вазьмі свой меч і нясі яго на добрую справу й да перамогі!
– Вашмосьць стане мне як бацька, – вымавіў Мэры.
– Ненадоўга, – уздыхнуў кароль.
Тады вярнуліся да агульнай гутаркі й ежы, пакуль Эямэр не абвесьціў:
– Набліжаецца час, які мы прызначылі для ад'езду, мой кароль. Ці загадваць мне, каб трубілі ў рогі? Але дзе ж Арагорн? Ягонае месца пустое, ён ня сьнедаў.
– Усім рыхтавацца да ад'езду, – загадаў Тэядэн. – I няхай перададуць пану Арагорну, што час надышоў.
Кароль з аховаю й Мэры побач зь ім выйшлі за браму замку на луг, дзе чакалі вершнікі. Шмат іх ужо было на конях. Рушэньне зьбіралася вялікае, бо кароль пакідаў толькі малы гарнізон у замку. Усе, хто мог насіць зброю, імкнулі да месца рушэньня, у Эдорас. Ужо ўночы тысяча дзідаў скіравалася туды, і яшчэ палова ад таго зьявілася, большаю часткаю народ з палёў і далінаў Заходняй Украйны, каб ехаць з каралём.
Крыху далей сядзелі на конях сьледапыты, маўкліва, пашыхтаваўшыся ўжо для паходу, зь дзідамі, лукамі й мечамі. Паверх зброі ўсе накінулі цёмна-шэрыя плашчы, на шаломы насунулі каптуры. Коні іхнія былі моцныя, шляхетнага выгляду, але ж патлатыя, з грубым воласам. Адзіны стаяў бязь вершніка – уласны Арагорнаў конь, Рагерын. Ані каштоўны каменьчык, ані золата, аніякае ўпрыгожаньне не праблісквала ў збруі ці сёдлах. I сьледапыты ня несьлі аніякага знаку ці сымбалю, толькі ў кожнага на левым плячы мацавалася срэбная фібула, выява шматпраменнай зоркі.
Кароль сеў на Сьнежнагрыва, а Меры побач залез на поні, Стыбу. З брамы выйшаў Эямэр, разам зь ім – Арагорн з Хальбарадам, што нёс вялікі кій, агорнуты чорным, ды два высокія ваяры, не старыя й не маладыя. Гэтак падобныя былі адзін да аднаго сыны Эльранда, што няшмат хто мог іх адрозьніць: цёмнавалосыя, шэравокія, зь сьветлымі эльфавымі тварамі, з падобнымі зіхоткімі бронямі пад срэбна-шэрымі плашчамі. За імі крочылі Гімлі зь Ляголасам. Але ж Мэры глядзеў толькі на Арагорна – гэткая неверагодная перамена адбылася зь ім. Нібыта мноства гадоў за ноч леглі на ягоныя плечы. Суворым быў ягоны твар, шэрым і стомленым.
– Я непакоюся, вашая каралеўская мосьць, – ён падышоў да караля. – Дзівосныя словы чуў я й пабачыў здалёк новую пагрозу. Доўга я разважаў, і, баюся, мэты мае цяпер зьменяцца. Скажыце мне, кароль мой Тэядэн, колькі ехаць да Дунхэрэ, колькі пройдзе, пакуль вашамосьць дабярэцца туды?
– Ужо мінула з полудня поўная гадзіна, – заўважыў Эямэр. – Толькі на ўзьвячорку трэцяга дня адсюль даберамося мы да крэпасьці. Месяц тады будзе на дзень пасьля поўні, і рушэньне, скліканае каралём, зьбярэцца яшчэ празь дзень. Хутчэй не атрымаецца, бо трэба ж сабраць сілы Рохану.
Арагорн памаўчаў крыху. Тады прашаптаў:
– Тры дні, і толькі тады зьбярэцца рушэньне. Бачу, насамрэч паскорыць немагчыма.
Ён зірнуў угору і, падалося, нешта вырашыў, бо твар ягоны прасьвятлеў.
– Тады, з дазволу вашамосьці, я абяру новы шлях для сябе й сваёй кравіны. Мы рушым нашым уласным шляхам, болей не таемным. Бо для мяне мінуў час хавацца. Я выпраўлюся на ўсход хутчэйшым шляхам. Я пайду Сьцягою Мёртвых.
– Сьцягою Мёртвых! – паўтарыў Тэядэн, уздрыгнуўшы. – Чаму ты згадаў яе?
Эямэр павярнуўся, угледзеўся ў Арагорна, і Мэры падалося, што твары ўсіх вершнікаў, якія толькі пачулі Арагорнавы словы, зьбялелі.
– Калі сапраўды існуе такая сьцяга, пачынаецца яна ў Дунхэрэ, – сказаў кароль. – Але ніводны з жывых ня пройдзе ёю.
– Шкада, сябра мой Арагорн, як шкада! – выклікнуў Эямэр. – Я спадзяваўся: разам мы выправімся на вайну. Але ж калі ты шукаеш Сьцягу Мёртвых, тады нашыя шляхі разыдуцца, і наўрад ці зноў сустрэнемся мы пад сонцам.