Выбрать главу

– У мяне няма войска, каб накіраваць туды. Таму пайду сам. Ёсьць толькі адзіны шлях праз горы, што выведзе мяне на бераг да таго, як усё будзе страчанае. Гэта Сьцяга Мёртвых.

– Сьцяга Мёртвых! – паўтарыў Гімлі. – Ліхое імя і, бачу, ня надта даспадобы роханцам. Ці могуць жывыя прайсьці той сьцяжынай і самі не далучыцца да памерлых? I калі нават ты пройдзеш тою дарогаю, што ты зробіш такім малым войскам супраць мордарскай навалы?

– Ад часоў прыходу рахірымаў жывыя аніколі не хадзілі той сьцяжынаю, – паведаміў Арагорн, – бо яна зачыненая для іх. Аднак у час цемры спадчыньнік Ісільдара скарыстаецца ёю, калі адважыцца. Слухайце ўважліва, бо сыны Эльранда, наймудрэйшага й найабазнанейшага ў дзеях мінуўшчыны, прынесьлі мне ад свайго бацькі такія словы: "Няхай Арагорн згадае прароцтва й Сьцягу Мёртвых".

– Што за прароцтва? – спытаў Ляголас.

– У дні Арведуі, апошняга караля ў Форнасьце, празорца Мальбэт казаў:

Доўгі цень кладзецца на Захад, цемра цягне чорныя крылы. Вежа ўздрыгвае, кон надыходзіць да старых курганоў каралеўскіх. Мёртвым час прыйшоў абудзіцца, кліч пачуць парушальнікам клятвы, зноў да каменя Эрэх сабрацца. Хто ж у поклічны рог затрубіць? Хто забытых зьбярэ із змроку? Нашчадак прынялага клятву, прыведзены з Поўначы лёсам, крочыць ён за браму памерлых.

– Змрочны шлях, безумоўна, – заўважыў Гімлі, – але ж не змрачнейшы за гэтыя радкі.

– Каб зразумець іх лепей, хадзем разам з мною, бо менавіта гэтаю сьцягою пайду я. Бяз радасьці, бо толькі неабходнасьць змушае мяне. Таму хачу, каб толькі з добрай волі йшлі вы з мною, бо цяжкім будзе той шлях і страшным, а магчыма, і бяду напаткаеце вы.

– Я пайду з табою нават па Сьцязе Мёртвых, куды яна ні вяла б! – вымавіў Гімлі.

– І я таксама, – далучыўся Ляголас, – бо я не баюся памерлых.

– Спадзяюся, гэтыя забытыя не забыліся яшчэ, як біцца, – прабурчэў Гімлі. – Бо інакш няма сэнсу турбаваць іх.

– Пра тое мы даведаемся, калі выйдзем да каменя Эрэх, – заўважыў Арагорн. – Але ж клятва, якую яны парушылі, была клятваю змагацца з Саўронам. I выканаюць яе яны толькі змагаючыся. А на гары Эрэх стаіць чорны камень. Яго прывёз, як кажуць, з Нумэнору сам Ісільдар і ўсталяваў на гары. На тым камені кароль гор на самым ранку Гондару пакляўся ў вернасьці Ісільдару. Калі Саўрон вярнуўся й зноў вырас у моцы, Ісільдар заклікаў народ гор выканаць клятву. Але яны адмовіліся, бо аддаліся й пакланіліся Саўрону ў Чорныя гады.

Тады Ісільдар сказаў іх каралю: "Ты станеш апошнім каралём свайго народу. I калі Захад адужае твайго Чорнага Гаспадара, тады ляжа на цябе й твой народ мой праклён: аніколі не знайсьці спакою, пакуль ня спраўдзіце клятвы. Бо вайна працягнецца скрозь гады незьлічоныя й напрыканцы яе вас заклічуць на яе зноў". Горцы ўцяклі ад Ісільдаравага гневу, не адважыўшыся біцца на Саўронавым баку, пахаваліся ў таемных горных спратах дый спынілі ўсялякія зносіны з вонкавым сьветам і паціху вымерлі сярод бясплодных гор. I ад таго часу жах Неспачылых Памерлых пануе вакол гары Эрэх ды ўсіх мясьцінаў, дзе жылі тыя людзі. Але я мушу йсьці туды, да памерлых, таму што няма жывых, каб дапамагчы мне.

– Дык рушма! – выклікнуў ён, паўстаў і выцягнуў меч, і той зырка бліснуў у паўзмроку замкавай залі. – Да каменю Эрэх! Бо я йду Сьцягой Мёртвых. Ідзіце з мною, чыя будзе на тое воля!

Гімлі зь Ляголасам не адказалі. Папросту ўсталі й выйшлі ўвасьлед за Арагорнам з залі. Унізе на траве ўжо чакалі нерухомыя й маўклівыя сьледапыты. Ляголас з Гімлі селі на свайго каня, Арагорн ускочыў на Рагерына. Тады Хальбарад узьняў вялізны рог, і выгук ягоны адбіўся рэхам у Хельмавым Яры, і за рэхам харугва кінулася наперад, панеслася ўніз па цясьніне, бы віхура, і ўсе людзі, якія заставаліся на Вале ці ў замку, паглядалі наўздагон ім зьдзіўлена.

I гэтак, пакуль Тэядэн рушыў павольнымі горнымі сьцежкамі, Шэрая харугва імчалася па роўнядзях і назаўтра аполудні сягнула Эдорасу. Там спыніліся ненадоўга, тады паскакалі ўверх па даліне й яшчэ да прыцемак дабраліся да Дунхэрэ.

Панна Эявін павітала іх, узрадаваўшыся іх прыбыцьцю, бо ня бачыла людзей, магутнейшых за дунаданаў і сьветлых сыноў Эльранда, але ж часьцей за ўсё яе позірк спыняўся на Арагорне. I калі яны селі вячэраць зь ёю, то шмат размаўлялі, бо небагата зьвестак сягнула яе з часоў Тэядэнавага ад'езду, і яе вочы зьзялі, калі яна чула пра бітву ў Хельмавым Яры, і пра поўную паразу ворагаў, і пра вынішчэньне іх, і пра моц караля Тэядэна й ягоных рыцараў, што выехалі насустрач ворагам.