Калені ягоныя дрыжэлі, і ён злаваў на сябе.
– Ну, нечуваная рэч! – прабурчэў сам сабе. – Эльф ідзе ў скляпеньне, а гном не наважваецца!
З тым і кінуўся наперад. Падалося, ногі наліліся сьвінцом, ледзь перацягнуў іх цераз ганак, і адразу цемра асьляпіла яго – асьляпіла Гімлі, сына Глойна, хто бяз страху крочыў па мностве найглыбейшых пячораў гэтага сьвету.
Арагорн запаліў узятыя ў Дунхэрэ паходні й цяпер рушыў наперадзе, несучы адну высока, а Эладан з другою ішоў апошнім. Гімлі, спатыкаючыся, наганяў яго. Ня бачыў нічога, апрача бледнага полымя паходняў, а калі харугва прыпынялася, слухаў бясконцы шэпт мноства галасоў навокал, шамаценьне словаў мовы, якой раней ня чуў.
Нішто не нападала на падарожнікаў, не перашкаджала ім, але страх гнома ўсё рос і рос. I болей за ўсё ад таго, што ведаў: назад ходу ня будзе, усе шляхі ззаду запоўненыя нябачным войскам, што ідзе за імі ў цемры.
Гэтак прамінулі мо незьлічоныя гадзіны, пакуль Гімлі не пабачыў тое, што пасьля надта не любіў згадваць. Праход быў шырокі, наколькі мог меркаваць гном, але раптоўна харугва выйшла ў шырокую залю. Сьцены пааберуч зьніклі, і вусьціш прыціснула так цяжка, што гном ледзь перасоўваў ногі. Леваруч нешта бліснула ў змроку ад сьвятла Арагорнавай паходні, калі той наблізіўся. Тады Арагорн прыпыніўся й падышоў бліжэй зірнуць, што там.
– Ці ён увогуле не адчувае страху? – прамармытаў гном. – У любой іншай пячоры Гімлі, сын Глойна, першы пабег бы на бляск золата. Але ж толькі ня тут. Няхай ляжыць!
Аднак наблізіўся й ён, і ўбачыў, што Арагорн стаіць на каленях, а Эладан трымае абедзьве паходні. Перад імі ляжаў шкілет магутнага чалавека, апранутага ў кальчугу, якая захавалася, бо паветра ў пячоры было сушэйшае за пыл, а браня пазалочаная. Пас чалавека ўпрыгожвалі золата й пунсовыя лалы, і багата аздоблены золатам шалом яшчэ трымаўся на чэрапе. Чалавек ляжаў тварам уніз. Ён упаў ля сьцяны пячоры, і перад ім стаялі шчыльна зачыненыя каменныя дзьверы. Косткі пальцаў яшчэ чапляліся за расколіны ў камені. Вызубраны й паламаны меч валяўся побач, нібы ў апошнім адчаі ваяр сек каменьне.
Арагорн не крануў яго. Паглядзеў троху моўчкі, а тады паўстаў і ўздыхнуў.
– Тут да скону сусьвету ня вырастуць сімбельмуны, – прашаптаў ён. – Дзевяць курганоў і яшчэ сем ужо парасьлі зялёнай травою, і ўсе гэтыя доўгія гады ён ляжыць перад дзьвярыма, якія ня здолеў адчыніць. Куды вядуць гэтыя дзьверы? Што шукаў ён за імі? Аніхто аніколі ня вызнае.
– Бо гэта не мая справа! – выгукнуў ён, павярнуўшыся да шапатлівай цемры за сьпінай. – Трымайце свае скарбы й таямніцы, захаваныя ў Клятыя гады! Нам патрэбная толькі хуткасьць. Дазвольце нам прайсьці й тады хадзіце за мною! Я клічу вас да каменя Эрэх!
Адказу не было, толькі поўная ціша, жахлівейшая за ранейшы шэпт, і тады задзьмула лядзянаю віхурай, і полымя паходняў ускінулася ды згасла, і запаліць нанова яго не ўдалося. Адна гадзіна ці некалькі прамінулі пасьля, Гімлі ня памятаў. Астатнія ўсё ішлі ды ішлі, а ён заўжды клыпаў апошнім, а на пяткі яму наступаў чэпкі, ухопісты жах – вось-вось дагоніць. I прывідны пошапт поўз за ім, тупаценьне мноства ног. Гімлі кульгаў, тады ледзь ня поўз, як жывёліна на пузе, і адчуваў: болей ня вытрывае, мусіць або знайсьці выйсьце, пазьбегнуць вусьцішы, або павярнуцца й у шаленстве кінуцца назад, насустрач жаху.
I раптам пачуў звон кропляў, ясны й празрысты, як крышталік, і звон той стаўся сьвітанкам у чорным змроку сну. Пасьвятлела, і вось – харугва прайшла празь іншую браму, высокую, шырокую, і побач зь сьцежкаю пабегла крынічка, а наперадзе, строма ідучы долу, пацягнулася сьцяга паміж адхонамі скалаў, наверсе вызубранымі, быццам нажы, уваткнутыя ў нябёсы. Такою глыбокаю й вузкаю была цясьніна, што нябёсы над галавою падаваліся цьмянымі, і на іх блішчэлі маленечкія зоры. Як высьветліў потым Гімлі, было яшчэ дзьве гадзіны да заходу таго самага дня, раніцаю якога пакінулі Дунхэрэ. Але ж адчувалася: мог прамінуць год ці час рухаўся паводле законаў іншага сусьвету.
Харугва зноў пасела на коней, і Гімлі вярнуўся да Ляголаса. Паехалі цугам, сутоньне ахутала падарожных глыбокім блакітным ценем, а страх па-ранейшаму перасьледаваў іх. Ляголас павярнуўся да Гімлі, зірнуў назад, і гном убачыў проста перад сабою водбліск у пранізьлівых эльфавых вачох. За імі ехаў Эладан, апошні з харугвы, але не апошні з тых, хто спускаўся ўніз па сьцежцы.
– Памерлыя едуць за намі, – вымавіў Ляголас. – Я бачу абрысы людзей і коней, і блядныя сьцягі, што абрыўкі аблокаў, і дзіды, што карункі намаразі ільдзянаю ноччу. Памерлыя йдуць за намі.