– Памерлыя йдуць за намі, – рэхам адгукнуўся Эладан. – Яны пачулі заклік.
Харугва выехала нарэшце зь цясьніны – гэтак раптоўна, нібы тая была ўпрост расколінаю ў сьцяне, і перад вандроўнікамі разьвінуліся верхавіны вялікай даліны, а струмень, што плынеў побач, паскакаў уніз па мностве вадаспадаў і зазьвінеў халодна.
– Куды ў Міжзем'і патрапілі мы? – пацікавіўся Гімлі.
– Мы выйшлі да вытокаў Мортанду, – адказаў Эладан, – доўгай халоднай ракі, якая ўпадае ў мора ля сьценаў Дол Амрату. Мяркую, табе няма патрэбы пытацца, адкуль яе імя. Людзі клічуць яе Чорнакрынічнаю.
Даліна Мортанду вялікай затокай уразалася ў паўднёвы бок гор, стромых і недаступных. Схілы іхнія зарасьлі зялёнай травою, але ўсё пашарэла ў гэты час. Сонца зайшло, і далёка ўнізе, у даліне, праблісквалі агеньчыкі ў людзкіх хацінах. Даліна была багатаю й налічвала шмат жыхароў.
Зьнянацку Арагорн, не паварочваючыся, выклікнуў гучна, каб чулі ўсе:
– Сябры, забудзьмася на стому! Скачыце, што моцы скачыце! Мусім сягнуць каменю Эрэх да скону гэтага дня, а скакаць яшчэ шмат!
I, не азіраючыся, харугва памкнула па палёх, пакуль не сягнула мосту над узбуйнелым струменем і шляху, што вёў долу.
Перад падарожнымі гасьлі агні ў хацінах і сядзібах, зачыняліся дзьверы. А тыя людзі, каго напаткалі вонкі, лямантавалі ад жаху й кідаліся прэч у шале, бы алені ад паляўнічых. Тут і там у прыцемках чуліся выгукі:
– Кароль Памерлых! Кароль Памерлых ідзе на нас!
Далёка ўнізе білі званы. Усе стрэчныя кідаліся прэч ад Арагорна, а Шэрая харугва ў сьпеху мчала, бы дзікае паляваньне, пакуль коні не пачалі спатыкацца ад стомы. I вось так у цемры, чарнейшай ад пячорнай падгорнай ночы, блізу поўначы сягнулі гары Эрэх.
Здаўна мёртвы жах панаваў на гэтай гары й пустых навакольных палёх. Бо на вяршыні яе ляжаў чорны камень, круглы, як вялізны шар, вышынёю з чалавечы рост, хоць і закапаны да паловы ў зямлю. Незямным выглядаў ён, быццам зваліўся зь нябёсаў. Некаторыя гэтаму верылі, а іншыя, хто памятаў паданьні былога Захаду, казалі, што камень гэты з Нумэнору й усталяваў яго тут Ісільдар, высадзіўшыся ў Міжзем'і. Аніхто з жыхароў даліны не адважваўся набліжацца да яго, і аніхто паблізу не сяліўся. Бо казалі, што тут балююць прывідныя цені, тут яны зьбіраюцца ў гадзіну страху й вайны, гуртуючыся вакол каменя й перашэптваючыся.
Гэтага валуна харугва сягнула ў чарноцьці ночы й спынілася ля яго. Тады Эльрохір даў Арагорну срэбны рог, і той выдзьмуў заклік. I падалося ўсім, хто стаяў побач, што здалёку ў адказ даляцелі гукі мноства рагоў, бы рэха ў глыбокіх пячорах далёка за сьпінамі. Анічога іншага ня чулі, аднак зразумелі: вялікае войска сабралася вакол гары, і лядзяны вецер, бы подых прывідаў, сышоў з гор. А Арагорн сьпешыўся, пастаў ля каменя ды выгукнуў моцна:
– Парушальнікі клятвы, навошта прыйшлі вы?!
I голас раздаўся сярод ночы, быццам з далёкай далечы:
– Стрымаць клятву й знайсьці спакой.
– Час надышоў! – абвесьціў Арагорн. – Я рушу ў Пеларгір на Андуйне, і вы пойдзеце за мною. I калі ўся гэтая зямля ачысьціцца ад паслужнікаў Саўрона, я палічу вашую клятву споўненаю, і вы набудзеце спакой, і пакінеце гэты сьвет да скону яго. Бо я – Элесар, нашчадак Ісільдара Гондарскага.
Хальбарад разгарнуў вялікі сьцяг, які нёс з сабою, і сьцяг апынуўся чорным. Калі й была на ім якая выява, то цемра схавала яе. Цішыня павісла вакол, і ані шэпту, ані ўздыху не чувалася наўсьцяж усёй доўгай ночы. Харугва правяла ноч ля каменя, але спалі няшмат, бо вусьціш цяжка ціснула ад навакольных ценяў.
А калі надышла раніца, халодная й блядная, Арагорн паўстаў і павёў харугву ў падарожжа вялікай сьпешкі ды стомы, якую аніхто ня ведаў раней, апрача самога Арагорна, і толькі ягоная воля рушыла ўсімі. Аніякія іншыя сьмяротныя людзі не маглі б вытрымаць такое, толькі дунаданы Поўначы, ды зь імі гном Гімлі й эльф Ляголас.
Мінулі Глотку Тарланга, спусьціліся ў Ламэдан, а войска ценяў ішло ззаду, паганяючы перад сабою жах. Сягнулі Калембэля на Кірылі, і сонца нібы патанула ў крыві за Пінат Гэлін на захадзе за імі. Анікога не напаткалі ні ў горадзе, ні на бродах цераз Кірыль, бо шмат хто выправіўся на вайну, а тыя, што засталіся, уцяклі ў горы, пачуўшы пра набліжэньне Караля Памерлых. А наступным днём сьвітанак не надышоў, і Шэрая харугва крочыла ў цемру Буры з Мордару й зьнікла зь сьмяротных вачэй, але мёртвыя па-ранейшаму ішлі за ёю.
3. Роханскае рушэньне