Выбрать главу

Цяпер усе шляхі вялі на ўсход – насустрач вайне й навале Ценю. I ў той самы час, калі Піпін стаяў ля Вялікай брамы гораду й назіраў, як уяжджае ў яе пад харугвамі князь Дол Амрату, кароль Рохану спусьціўся з гор.

Сутонела. У апошніх сонечных прамянёх доўгія вострыя цені абганялі вершнікаў. Цемра запаўзла пад шапатлівыя яліны, якімі зарасьлі стромыя горныя схілы. Кароль напрыканцы дня ехаў павольна. Шлях перад ім павярнуў, агінаючы вялікую голую скалу, і нырнуў у змрок, дзе мякка ўздыхалі дрэвы. Вершнікі доўгім зьвілістым ланцугом спускаліся ўсё ніжэй і ніжэй. Калі нарэшце сягнулі дна цясьніны, прыцемкі ўжо гусьцелі ў западзінах і кутах. Сонца села. Змрок лёг на вадаспады.

Увесь дзень у цясьніне пад коньнікамі бег, скакаў па скалістых прыступках ад перавалу ручай, які прасек вузкі шлях сярод зарослых соснамі гор і вось прарваўся нарэшце праз гушчэчу на шырокую прастору даліны. Ваяры ехалі ўздоўж яго, і зьнянацку Баразьніна легла перад імі, запоўненая гулкімі сярод спакою ўзьвячорку гукамі спрытнай вады. Там бялюткая Сьнежнародная ўбірала ў сябе мноства меншых рачулак і неслася, пырскаючы на камянёх, да Эдорасу, да зялёных пагоркаў і роўнядзяў. Праваруч ад пачатку вялікай даліны магутны Вастрагірн уздымаўся неабсяжным замчышчам, прыбраным аблокамі, але ягоная вызубраная вяршыня, пакрытая спрадвечным сьнегам, блішчэла высока над сьветам, цёмна-блакітная ад ценяў на ўсходзе, залітая барваю позьняга сонца на захадзе.

Мэры захапляўся дзівоснай краінай, пра якую чуў гэтак шмат расповедаў падчас доўгага шляху. Тут не было нябёсаў – вока праз змрочныя затокі вечаровага паветра заўжды ўпіралася ў схілы, якія караскаліся адзін на другі, у шэрыя муры скалаў, за якімі ўзьнімаліся новыя скалы, а побач пазяхалі пахмурыя пашчы прорваў, паўсхаваныя туманом. Хобіт сядзеў, зачараваны, слухаючы шум вады, шэпт цьмяных дрэваў, пошчак камянёў і неабсяжную, цяжкую, чакальную цішу, якая ўгадвалася, пагрозьліва лунала па-над усімі гукамі. Мэры любіў горы ці, дакладней, любіў думаць пра іх, іхнія цені на ўскрайку расповедаў пра далёкія краіны, але цяпер быццам увесь невыносны цяжар Міжзем'я наваліўся на ягоныя самотныя плечы.

Адразу захацелася схавацца ад такой вялізманасьці ў спакойным пакойчыку побач з агменем.

Хобіт надта стаміўся. Бо хоць ехалі павольна, усё ж амаль без адпачынку. Гадзіна за гадзінаю амаль тры стамляльныя дні рушылі ўвесь час уверх і ўніз, празь перавалы, доўгія даліны, мноства рачулак. Час ад часу, калі шлях рабіўся шырэйшым, хобіт ехаў побач з каралём, не заўважаючы ўсьмешак вершнікаў, што бачылі іх побач: хобіта на маленькім скурлатым шэрым поніку й гаспадара Рохану на вялікім белым кані. Тады Мэры размаўляў з Тэядэнам, распавядаў пра свой дом і зьдзяйсьненьні шырскага народу ці, у сваю чаргу, слухаў паданьні Ўкрайны ды герояў яе даўніны. Але ж большасьць часу, асабліва апошнім днём, Мэры ехаў сам па сабе наўпрост за каралём, маўкліва, намагаючыся разабраць павольную напеўную гаворку роханцаў, якую чуў вакол. У мове той, падавалася, пазнаваў шмат знаёмых словаў, хоць вымаўленых адметней і больш складана за шырскія. Аднак словы ў зразумелыя сказы ня складваліся. Раз-пораз які вершнік уздымаў голас у звонкім, чыстым сьпеве, і Мэры адчуваў, як ягонае сэрца падскоквае ў грудзёх, хоць і не разумее, куды кліча тая песьня.

Нягледзячы на ўсё, пачуваўся самотным, і найбольш у прыцемках. Думаў, куды ж патрапіў у дзівосным і невымяральным сьвеце Піпін, што зрабілася з Арагорнам, Ляголасам і Гімлі. Тады раптоўна, нібы лядовым дотыкам да сэрца, кранула яго думка пра Фрода з Сэмам. "Я забываюся на іх! – дакарыў сам сябе. – А яны ж найістотнейшыя за ўсіх нас. Я ж пайшоў дапамагчы ім, але цяпер яны, напэўна, за сотні вёрстаў ад нас, калі ўвогуле жывыя".

Ён здрыгануўся.

– Баразьніна нарэшце! – абвесьціў Эямэр. – Нашае падарожжа амаль скончылася.

Вершнікі спыніліся. Сьцяга строма зьбягала ўніз з вузкай расколіны. Толькі пробліскам, нібыта праз высокае вакно, рысавалася скрозь вечаровы змрок вялікая даліна ўнізе. Адзіны маленечкі агеньчык мільгацеў ля ракі.

– Гэтае падарожжа, мажліва, і скончылася, – заўважыў Тэядэн, – аднак мне яшчэ далёка рушыць. Мінулай ноччу была поўня, і раніцаю я паеду ў Эдорас на рушэньне Ўкрайны.

– Калі б вашая каралеўская мосьць мяне паслухалі, – вымавіў Эямэр ціха, – дык вярнуліся б сюды й чакалі тут, пакуль вайна скончыцца – перамогаю альбо паразаю.

Тэядэн усьміхнуўся.

– Не табе, сыне мой – бо так цяпер буду клікаць цябе, – ліць мяккія словы Зьмеяротага ў мае старыя вушы!

Кароль выпрастаўся й азірнуўся на доўгі шэраг ваяроў, што зьнікаў у цемры за сьпінай.