Выбрать главу

Праз колькі часу азірнуўся й убачыў, што ўжо падняліся на некалькі сотняў ступнёў над далінаю, але далёка ўнізе яшчэ віліся ланцугі вершнікаў, што перасякалі броды й рушылі па шляху да месца ў лягеры, прызначанага ім. Толькі кароль з аховаю падымаўся ў крэпасьць.

Нарэшце каралеўская харугва дабралася да апошняга павароту над адхонам. Далей шлях пайшоў па калідоры паміж мурамі й пасьля нядоўгага пад'ёму вывеў на шырокае пласкагор'е.

Людзі называлі гэтую шырокую роўнядзь, зарослую травою й верасам, Сьвятапольлем. Ляжала яна высока над ручвом Сьнежнароднай, на прыступцы вялізных гор – Вастрагірну на поўдні й вызубранай грамады Ірэнзагі на поўначы, а паміж імі паглядала на вершнікаў змрочная чорная сьцяна Дзьвіморбергу – гара Наўя строміла схілы, парослыя соснамі. Падзяляючы пласкагор'е надвое, цягнулася да яе двайная лінія бясформавых камянёў-стаякоў, што зьнікалі далей у цемры, губляліся паміж дрэвамі. Тыя, хто адважваўся рушыць уздоўж камянёў, неўзабаве сягнулі б чорнага Дымхольту пад самай гарою Наўя й убачылі б пагрозьлівую каменную калёну й разяўленую пашчу забароннай вусьцішнай брамы.

Такою была змрочная цьвярдыня Дунхэрэ, праца даўно забытага народу. Імя ягонае зьнікла, ня памяталі ані песьняў ягоных, ані паданьняў. Дзеля чаго збудавалі гэтае месца – ці тое горад, ці тое таемны храм, ці тое каралеўскае скляпеньне, – аніхто цяпер у Рохане ня ведаў. У Чорныя гады, да таго, як першы карабель прыстаў да гэтых берагоў, да таго, як узьвялі дунаданскі Гондар, працавалі тут людзі – і згінулі, пакінуўшы толькі старых пукелаў уздоўж дарогі.

Мэры пазіраў на шэрагі камянёў, выветраных і чорных. Некаторыя зь іх пахіліліся, некаторыя ўвогуле ўпалі, некаторыя патрэскаліся ці паламаліся. Выглядалі яны, бы старыя, але прагныя іклы. Хобіту было цікава, навошта яны, але ён спадзяваўся, што кароль не паедзе паўзь іх у цемру. Тады заўважыў мноства шатроў і намётаў паабапал каменных шэрагаў, але намёты тыя былі ўсталяваныя падалей ад дрэваў і ўвогуле, падавалася, імкнуліся да краю пласкагор'я. Бальшыня іх стаяла праваруч, дзе Сьвятапольле было найшырэйшым, а леваруч сярод меншага лягеру намётаў высіўся вялікі прасторны шацёр. Адтуль наблізіўся вершнік, каб павітаць прышлых, і харугва збочыла туды.

Калі пад'ехалі, Мэры ўбачыў, што вершнік – насамрэч дзяўчына з доўгімі, заплеценымі ў косы валасамі, якія бліскалі ў прыцемках, аднак на галаве ў яе быў шалом, і на пасе меч, і кальчуга на целе.

– Вітаньне, кароль Украйны! – выгукнула яна. – Маё сэрца сьпявае зь вяртаньня вашамосьці!

– Я рады бачыць цябе, Эявін, – вымавіў кароль. – Ці ўсё добра ў цябе?

– Усё добра, – адказала яна, і Мэры падалося: голас здрадзіў ёй і насамрэч яна мо нават плакала, калі тое магчыма для асобы з такім суворым і мужным тварам. – Усё файна. Для людзей, якіх раптоўна адарвалі ад родных хатаў і агменяў, шлях сюды быў цяжкім. Шмат цяжкіх словаў гучала, бо ўжо даўно вайна не зганяла нас з нашых зялёных палеткаў. Аднак ніхто не ўчыніў аніякага ліха. Як бачыць вашамосьць, усё цяпер у парадку й уладкавана. Усё дзеля адпачынку вашамосьці падрыхтаванае, бо я мела зьвесткі пра прыбыцьцё вашамосьці й нават пра гадзіну, калі зьявіцеся.

– Значыць, Арагорн прыехаў сюды, – абрадаваўся Эямэр. – Ён яшчэ тут?

– Не, ён рушыў прэч, – вымавіла Эявін, адварочваючыся й углядаючыся ў цёмныя горы на поўдні й на ўсходзе.

– Куды ж скіраваўся ён? – спытаў Эямэр.

– Ня ведаю. Ён зьявіўся ўночы й учора выправіўся прэч, калі яшчэ сонца не ўскараскалася над хрыбтамі. Ён сышоў. Зьнік.

– Ты тужыш, дачка мая, – засмуціўся кароль. – Што здарылася? Скажы мне, ці не пра тую сьцягу ён казаў табе? – ён паказаў на змрочныя шэрагі камянёў, што вялі да Дзьвіморбергу. – Ён пайшоў Сьцягою Мёртвых?

– Так, гаспадар мой, – адказала Эявін. – Сышоў у цень, адкуль ніхто не вяртаўся. Я не пераканала яго. Ён сышоў. Згінуў.

– Тады шляхі нашыя разышліся, – сказаў Эямэр. – Ён згінуў. А мы рушым на бой безь яго, і надзея нашая гібее.

Павольна й моўчкі яны праехалі празь невысокі верас і верхавую траву й сягнулі каралеўскага шатра. Там Мэры ўбачыў, што насамрэч усё падрыхтаванае й на яго таксама не забыліся. Маленькі намёцік усталявалі асабіста для яго побач з каралеўскім шатром, і там хобіт сядзеў самотны, пакуль людзі хадзілі міма туды й сюды, наведваючы караля й радзячыся зь ім. Спусьцілася ноч і ўкаранавала паўбачныя галовы заходніх гор зорамі, а ўсход застаўся пусты й цьмяны. Шэрагі камянёў павольна зьніклі ў цемры, але за імі, чарнейшы за змрок, лунаў велізарны схілены цень Дзьвіморбергу.