Выбрать главу

Першыя навіны прынёс Гэндальф. Ён зьявіўся позьнім ранкам з жменяю вершнікаў, суправаджаючы шэраг вазоў. Тыя былі паўнюткія параненымі – тымі, каго выратавалі з-пад руінаў Вартавых вежаў ля Паўднёвага шляху. Адразу ж чараўнік адправіўся да Дэнэтара. Гаспадар гораду засядаў цяпер у гасьцёўні над заляю Белай вежы, пазіраючы праз змрок за вокнамі на поўнач, на поўдзень і на ўсход, нібы працінаў сьвет цьмянымі вачыма. У асноўным углядаўся на поўнач і часамі заміраў, быццам нейкім старажытным майстэрствам вушы ягоныя маглі расчуць пошчак капытоў на далёкіх роўнядзях. Піпін жа пакорліва чакаў збоку.

– Ці зьявіўся Фарамір? – спытаў намесьнік у Гэндальфа.

– Не, – адказаў чараўнік. – Але ён быў жывы, калі я пакінуў яго. Ён застаўся з апошнім разьдзелам ахоўваць сьпіны ваярам, каб адступленьне не ператварылася ва ўцёкі. Магчыма, ён які час пратрымаецца, але ж, думаю, нядоўга. Непамерна вялікі вораг паўстаў перад ім. Абвесьціўся той, каго я й баяўся.

– Не, ня сам жа Чорны Ўладар? – Піпін у жаху забыўся пра сваё становішча.

Дэнэтар засьмяяўся кпліва й нявесела.

– Не, яшчэ не, спадару Перыгрыне! Ён ня зьявіцца сам, хіба толькі каб адсьвяткаваць перамогу над мною, калі здабудзе яе. Ён карыстаецца іншымі ў якасьці зброі. Так робяць вялікія ўладары, калі ў іх стае мудрасьці, спадару паўросьліку. Чаму ж я сяджу тут, у маёй вежы, і разважаю, і назіраю, губячы нават маіх сыноў? Бо ж сам я яшчэ валодаю стальлю!

Ён паўстаў ды адкінуў крысо доўгага чорнага плашча – і зірні-тка! – пад плашчом блішчэла кальчужная браня, на пасе вісеў доўгі меч, зь вялізным цаўём, у срэбна-чорных похвах.

– Гэтак хаджу я ды ў гэткім строі ўжо шмат гадоў сплю, каб маё цела з узростам ня сталася мяккім ды слабым.

– Аднак цяпер найлюцейшы з усіх правадыроў, што слугуюць уладару Барад-дуру, ужо гаспадарыць над тваімі зьнешнімі ўмацаваньнямі, – заўважыў Гэндальф. – Жах крочыць зь ім, бо ён – колішні кароль Ангмару, Вядзьмар, прывід пярсьцёнка, найвялікшы з назгулаў, дзіда вусьцішы ў Саўронавай руцэ, цень адчаю.

– Тады, Мітрандыр, вось табе вораг адпаведны тваёй моцы, – прапанаваў Дэнэтар. – Што тычыцца мяне, я даўно ведаю, хто галоўны ваявода войскаў Цёмнай вежы. Ці ж толькі дзеля таго, каб сказаць мне гэта, вярнуўся ты? А можа, таму, што тваёй сілы супрацьстаяць яму не стае?

Піпін задрыжэў, баючыся, што пакрыўджаны Гэндальф выбухне злосьцю, але баяўся ён дарэмна.

– Можа, і так, – вымавіў Гэндальф ціха. – Адылі час памерацца сілаю нам яшчэ не надышоў. I калі словы старога прароцтва слушныя, не ад рукі ваяра загіне ён, і лёс, што чакае яго, схаваны ад мудрых. Гэтак ці інакш, Ачольца Адчаю сам яшчэ ня рушыў наперад. Ён кіруе адпаведна мудрасьці, якую толькі што агучыў ты, трымаючыся ззаду, гонячы на бой ашалелых рабоў...

Не, я прыехаў, ахоўваючы параненых, якіх можна яшчэ ацаліць, бо Рамас паўсюль прабіты й неўзабаве мордарскае войска з розных бакоў уступіць на Пеленар. Галоўным чынам, я й прыйшоў сюды, каб сказаць гэта. Неўзабаве пачнецца бітва на полі перад горадам. Трэба падрыхтаваць сілы для вылазкі, найлепей вершнікаў. У іх нашая хісткая надзея, бо ў Ворага нястача коньнікаў.

– У нас таксама іх няшмат. Каб толькі роханцы прыбылі ў час, – уздыхнуў Дэнэтар.

– Іншых гасьцей мы прымем першымі, – сказаў Гэндальф. – Ужо ёсьць уцекачы з Кайр Андрасу. Выспа захопленая. Іншае войска выйшла з-за Чорнай Брамы й пераправілася праз раку на паўночным усходзе.

– Ёсьць тыя, хто кажа пра цябе, Мітрандыр, што ты атрымліваеш асалоду, распавядаючы благія зьвесткі, – вымавіў Дэнэтар, – аднак для мяне гэта ўжо не навіны. Я даведаўся пра тое яшчэ ўчора ўзьвячоркам. Што ж тычыцца вылазкі, я ўжо думаў пра яе. Хадзем жа, спусьцімося долу!

Зь цягам часу назіральнікі на мурах пабачылі, як падыходзяць разьдзелы абаронцаў вонкавых межаў. Маленькія групкі стомленых і параненых людзей спачатку брылі амаль без парадку, некаторыя беглі, нібыта іх перасьледавалі. Далёка на ўсходзе праблісквалі агні, падавалася, там і тут яны павольна паўзуць праз даліну. Пеленарскія сядзібы й хлявы палалі. А тады з мноства кропак маленькія струменьчыкі чырвонага полымя памкнулі наперад, віючыся праз змрок, сыходзячыся да шырокага шляху, што вёў ад гарадзкой брамы да Азгіліяту.

– Вораг ідзе, – мармыталі людзі. – Вонкавыя сьцены прабітыя. Вунь як валяць праз праломіны! I паходні цягнуць з сабою. Дзе ж нашыя ваяры?

Ужо сьцямнела так, што нават вастравокія вартавыя Цытадэлі няшмат бачылі на палёх, апрача пажарышчаў на месцах хатаў ды сьвірнаў. Агнішчы хутка памнажаліся, палосы й струмені агнёў расьлі й паскараліся. Нарэшце меней чым за вярсту ад гораду заўважылі болей упарадкаваны разьдзел, які трымаўся разам, рушыў шыхтом, крочыў, а не ўцякаў.