Гронд поўз. Барабаны зайшліся дзікім боем. Над кучамі забітых зьявілася жудасная постаць: высокі вершнік, з насунутым каптуром, апрануты ў чорнае. Павольна, наступаючы на зрынутых, ехаў ён наперад, не зьвяртаючы ўвагі на стрэлы й дзіды. Спыніўся й падняў доўгі блядны меч. I тады невыказны жах упаў на ўсіх – і на абложнікаў, і на абаронцаў – і рукі іхнія апусьціліся, і застылі струны лукаў. На момант усё сьцішылася.
Грукнулі, зачасьцілі барабаны. З жудаснай сілаю Гронд штурхнулі вялізарныя рукі троляў. Таран кіўнуў. Пыса ваўка лізнула браму, і глыбокі грукат пакаціўся праз горад, як грымоты праз аблокі. Але ж жалеза брамы й сталёвыя бэлькі вытрымалі ўдар.
Тады Чорны Ачольца прыўзьняўся на страмёнах ды выгукнуў жудасна на забытай мове словы сілы й вусьцішы, каб разьдзерці й сэрцы, і каменьне.
Тройчы гукаў ён. Тройчы біў вялікі таран. I на апошнім удары брама Гондару ня вытрымала. Нібы ўражаная заклёнам вынішчэньня, выбухнула яна. Палыхнула асьляпляльнаю маланкаю... і асыпалася нікчэмнымі друзачкамі на зямлю.
I правадыр назгулаў уехаў у браму. Вялізнай чорнаю постацьцю з полымем за сьпінаю паўстаў ён, ценем адчаю й гібелі. За браму, туды, куды яшчэ не сягаў аніякі вораг, уехаў ачольца назгулаў, і ніхто ня вытрываў перад ім.
Амаль ніхто. Бо маўклівы й нерухомы ў цэнтры плошчы за брамаю чакаў на Ценяры Гэндальф. Цяняр адзіны сярод вольных зямных коней выносіў такі жах, стоячы нерухома, спакойна, нібы кувезная выява на Рат Дынен.
– Ты ня пройдзеш тут, – вымавіў Гэндальф, і вялізарны цень прыпыніўся. – Ідзі прэч, назад, у прорву, падрыхтаваную для цябе! Ідзі прэч! Згінь у небыці, што чакае цябе й твайго гаспадара! Прэч!
Чорны вершнік адкінуў каптур, і – зірніце! – на галаве ягонай ляжала карона, хоць тая галава была нябачнаю. Толькі барвовае полымя сьвяцілася паміж каронаю й шырокімі, укрытымі чорным плашчом плячыма. А зь нябачнага рота вырваўся сьмех.
– Стары дурань! Вось надышоў мой час! Ці ты не пазнаеш сваю сьмерць? Памры ж у немачы, няздара, і праклінай мяне, паміраючы!
Ён узьняў меч, і полымя ўспыхнула на ім, і пабегла па лязе.
Гэндальф ня рухаўся. I ў гэты самы момант далёка ззаду, у нейкім гарадзкім двары, загаласіў певень. Звонка й ясна сьпяваў ён, ня ведаючы ані пра чараўніцтва, ані пра вайну, адчуваючы толькі раніцу, далёкі сьвітанак, што запаліўся ў нябёсах высока над ценем сьмерці.
I нібы ў адказ іншая песьня данеслася здалёк. Рогі, погук мноства рагоў. Смужна адбіўся іхні кліч ад цьмяных бакоў Міндолуйну. Шалёна вылі вялікія рогі Поўначы.
Нарэшце прыйшоў Рохан.
5. Паход рахірымаў
Панавала цемра. Мэры, які ляжаў на зямлі, загарнуўшыся ў коўдру, ня бачыў амаль анічога. Ноч стаяла сьпякотная й бязьветраная, і паўсюль навокал ледзь чутна ўздыхалі й шапацелі нябачныя дрэвы. Падняў галаву, прыслухаўся. Так, не памыліўся: нібы далёкія барабаны грукаюць у лясістых пагорках ды адгор'ях. Рытм спыняўся раптоўна, а тады доўжыўся недзе ў іншым месцы – то бліжэй, то далей. Падумалася: а вартавыя тое чуюць ці не?
Ведаў, што ў змроку, нябачныя, паўсюль навокал – харугвы рахірымаў. Скрозь цемру пахла коньмі. Чуў, як рухаюцца, пастукваюць капытамі па зямлі, засыпанай ігліцаю. Войска прыпынілася ў сасьняку, якім зарасьлі схілы й ваколіцы празору Эйленах. Гэты пагорак узвышаўся над доўгімі хрыбтамі лесу Друядан побач зь вялікім шляхам ва Ўсходнім Анарыёне.
Хоць і стомлены, заснуць Мэры ня мог. Ехаў ужо чатыры дні, і змрок усё шчыльнеў, усё цяжэй сьціскаў сэрца. Падумаў быў: навошта гэтак прагнуў ехаць, калі ўсе нагоды меў, нават гаспадароў загад, застацца? А мо стары кароль даведаўся пра непакорлівасьць і цяпер злуецца на хобіта? Магчыма й не. Нейкая дамова існавала паміж Дэрнхельмам і Эльфхельмам, маршалкам, ачольцам эярэду, у шэрагах якога ехалі Дэрнхельм з Мэры. Ён і ягоныя людзі ігнаравалі хобіта й рабілі выгляд, што ня чуюць анічога, калі той зьвяртаўся да іх, быццам Мэры – яшчэ адзін мех ля сядла Дэрнхельма. I з Дэрнхельма карысьці ня болей, ён ніколі ні з кім не размаўляў. Мэры пачуваўся надта нязначным, самотным, да ўсяго – не на сваім месцы. Час падціскаў, і над войскам навісла пагроза. Ужо заставалася меней за дзень ходу да вонкавых муроў, што абкружалі ваколіцы Мінас Тырыту. Наперад выслалі выведнікаў. Некаторыя не вярнуліся. Астатнія вярнуліся хутка й данесьлі, што шлях заняло моцнае войска. Ворагі разьбілі лягер проста ўздоўж дарогі, за тры вярсты на захад ад Аман Дыну, і людзкія разьдзелы ўжо рушаць па шляху, і да іх менш за дзьве мілі. А ў пагорках ды лясох уздоўж шляху шнараць оркі. Эямэр і кароль ня спалі, склікалі раду пасярод ночы й разважалі, што рабіцьмуць.