– Вялікія вогнішчы, вашамосьць, – паведаміў адзін. – Вакол гораду полымя, на полі процьма ворагаў. Але ўсе, здаецца, сабраныя для штурму. Наколькі мы бачылі, нямногія засталіся на вонкавай сьцяне, і тыя не сьцерагуцца, занятыя разбурэньнем.
– Ці памятае вашамосьць словы дзікуна? – спытаў іншы. – Я жыў у часіны міру на роўнядзях. Відфара маё ймя. Мне паветра таксама прыносіць весткі. Вецер мяняецца. Ужо патыхае з поўдня й чуваць пагалосак мора, хоць і слабы. Раніца прынясе навіны. Над гэтым смуродам і хмараю заднее, калі перасячэм сьцяну.
– Калі ты кажаш праўду, Відфара, зычу табе агораць бітву й пражыць доўгія гады ў супакоі й раскошы! – вымавіў кароль.
А тады павярнуўся да войска й вымавіў ясным, дужым голасам так, што многія вершнікі зь першага эярэду пачулі яго:
– Надышоў ваш час, вершнікі Ўкрайны, сыны Эёрла! Агонь і ворагі наперадзе, родныя хаты далёка за сьпінамі. Аднак хоць і на чужых палёх выпала вашая бітва, слава, якую здабудзеце вы, застанецца вашай назаўсёды. Вы кляліся калісьці – цяпер час выканаць клятвы гаспадарам, і землям, і сяброўству!
Ваяры бразнулі дзідамі аб тарчы.
– Эямэр, сыне мой, вядзі ж першы эярэд! – абвесьціў кароль. – Ён пойдзе за каралеўскім сьцягам, у цэнтры. Эльфхельм, калі мінем сьцяну, вядзі харугву праваруч. А Грымбальд няхай кіруе сваёй зьлева. Астатнія рушце за гэтымі трыма паводле свайго разуменьня. Нападайце на ўсялякі варожы разьдзел. Лепш сплянаваць немажліва, бо мы ня ведаем абставінаў на полі бою. Рушце наперад і ня бойцеся аніякай цемры!
Першая харугва рушыла з усёй магчымай хуткасьцю. Яшчэ панавала глыбокая цемра – якія зьмены ні прадчуваў бы Відфара. Мэры ехаў за Дэрнхельмам, ухапіўшыся за яго левай рукою, а правай намагаючыся вызваліць корд з похваў. Цяпер адчуў з усёй горыччу праўду словаў старога караля: "I ў бітве, да якой мы едзем, што ж будзеш рабіць ты, спадару Мерыядоку?"
"Толькі вершніку перашкаджаць, – падумаўхобіт, – дый спадзявацца не зваліцца, каб затапталі да сьмерці шалёнымі капытамі".
Да вонкавага муру заставалася каля паўмілі. Хутка сягнулі яго. Мэры падалося – надта хутка. Выбухнуў дзікі лямант, забразгала зброя, але ненадоўга. Оркаў, якія бурылі сьцяну, было мала. Зьнянацку коньнікі абрынуліся на іх, каго забілі, а каго паразагналі. Перад руінамі паўночнай брамы Рамасу кароль прыпыніўся зноў, і першы эярэд выстраіўся за ім і па бакох. Дэрнхельм жа трымаўся блізка да караля, хоць Эльфхельмава харугва ад'ехала направа. Ваяры Грымбальда зьвярнулі ўбок ды праехалі празь вялікі пралом у сьцяне далей на ўсход ад брамы.
Мэры вызірнуў з-за Дэрнхельмавай сьпіны. Далёка наперадзе, вёрстаў за дзесяць ці болей, палала вялікае пажарышча, а паміж ім і вершнікамі паўколам сьвяціліся лініі вагню – найбліжэйшая недзе за паўмілі. Болей на цёмнай роўнядзі анічога не вылучалася, і аніякай надзеі на ранішняе сьвятло не было, і вецер не азываўся, зьменены ці не.
Роханскае войска ціха й павольна рушыла на поле Гондару, нібы прыліў, які мкнецца праз праломы ў вале, што лічыўся колісь надзейным. А Чорны правадыр варожай навалы думаў толькі пра штурм і аблогу ды гібель гораду, і ніякіх зьвестак не дайшло да яго, ніхто не абвесьціў, што ў пляне ёсьць лёсавая дзірка.
Крыху пазьней кароль павёў ваяроў на ўсход, накіраваўшы да вонкавага боку абложных агнёў. Пакуль яшчэ вершнікаў не заўважылі, не спынялі, і Тэядэн не даваў сыгналу да атакі. Нарэшце кароль стаў ізноў. Горад наблізіўся. Смурод вісеў у паветры, і цемра ляжала сьмяротным ценем. Коні непакоіліся. А кароль нерухома сядзеў на Сьнежнагрыве, пазіраючы на агонію Мінас Тырыту, быццам зьнянацку ўражаны адчаем і вусьцішшу. Падалося, ён сьціснуўся, паменшыўся, сагнуўся пад цяжарам гадоў. Мэры й сам адчуваў, як вялікі цяжар жаху й сумневу лёг на яго. Сэрца грукала марудна, цяжка. Час нібы застыў у нявырашанасьці. Спазьніліся, няйначай, роханцы спазьніліся! Позна ўсё ж горш, чым ніколі! Можа, Тэядэн завагаецца, схіліць старую галаву, паверне, уцячэ прэч, схаваецца сярод гораў?
I тады Мэры адчуў яе, несумненную зьмену! Вецер дыхнуў у ягоны твар! I бліснула сьвятло. Далёка-далёка на поўдні цьмяна намаляваліся шэрыя абрысы аблокаў. Яны клубіліся, плынелі. За імі паўставала раніца.
У гэты самы момант асляпляльна палыхнула, нібы маланка ўдарыла з-пад гораду. На невыносна зыркае імгненьне высьвеціўся ўвесь горад, зь верху да нізу, чорна-белы, з найвышэйшаю вежаю – бліскучай іголкай, і тады цемра сашчапілася над ім зноў і над палямі пракацілася вялізнае "бумм!!".