Выбрать главу

Тады, бачачы хараство яе твару, хоць халоднага й зьбялелага, князь нахіліўся ніжэй і крануў руку каралеўны. I выгукнуў.

– Людзі Рохану? Ці ж няма сярод вас лекараў? Яна параненая, магчыма, сьмяротна, аднак – яшчэ жывая.

I паднёс сьлігтаваны зыркі налакотнік да ейных вуснаў – і заўважце! – ледзь прыкметна паверхня засмужылася вільгацьцю.

– Спяшайцеся ж, – вырашыў князь і паслаў вершніка да гораду, каб прывесьці дапамогу. А сам нізка пакланіўся Тэядэну з Эявін, разьвітаўся зь імі і, сеўшы зноў на каня, рушыў на бітву.

Жорсткая бітва распалілася на палёх Пеленару, аглушальна бразгатала зброя, галасілі людзі, іржалі коні. Вылі рогі, і заклікалі горны, і шалёна трубілі мумакі, якіх гналі біцца. Пад паўднёвымі мурамі гораду пешыя гондарцы цясьнілі легіёны Моргулу, што яшчэ заставаліся там і трымалі шыхт. А вершнікі рушылі дапамагаць Эямэру: Хурын Высокі, Ахоўнік Ключоў, і зь ім спадар Ласарнаху, і Хірлуйн зь Зялёных далінаў, і сьветлы князь Імрахіль з сваімі рыцарамі.

I дарэчы прыйшлася дапамога рахірымам, бо ўдача адвярнулася ад Эямэра і гнеў ягоны здрадзіў яму. Лютасьць ягонага нападу адкінула варожы шыхт, вялікія кліны рахірымаў прасеклі шэрагі паўночнікаў, разагнаўшы іх коньніцу, стаптаўшы й пасекшы пешых. Але да мумакаў коні набліжацца не хацелі, адсоўваліся, кідаліся прэч, і аніхто ня стрымліваў зьвяроў-веліканаў, падобных да абаронных вежаў, і за імі зноў зьбіраліся харадрымы. I нават калі на пачатку харадрымаў было ўтрая болей за людзей Рохану, цяпер ворагаў яшчэ пабольшала, бо новыя сілы падыходзілі на поле з Азгіліяту. Там чакалі яны, каб рабаваць горад ды гвалціць Гондар, чакалі закліку чорнага ачольцы. Той згінуў, але Готмаг, гетман Моргулу, загадаў ім рушыць на сечу – усходнікам зь сякерамі, варагам Ханду, паўночнікам у пунсовым адзеньні й чарналюдам з дальняга Хараду, падобным да паўтролей, зь белымі вачыма й барвовымі языкамі. Некаторыя зь іх абкружылі роханцаў, астатнія рушылі на захад, каб напасьці на войска Гондару й ня даць яму злучыцца з рахірымамі.

Падавалася, лёс адвярнуўся ад Гондару й ягоных сяброў, і надзея зноў пахіснулася. Вялікі гоман пайшоў па горадзе позьнім ранкам. Дзьмуў моцны вецер, і зьзяла сонца, бо залеву аднесла на поўнач, і ў ясным паветры вартавыя на мурох пабачылі здалёк новы знак жаху, і апошняя надзея пакінула іх.

Андуйн ад павароту ля Харлянду плынеў колькі міляў так, што ўздоўж яго пільнае вока магло бачыць караблі, якія набліжаліся. I тыя караблі несьлі адчай, бо па бліскучай вадзе вецер нёс чорны флёт: дромунды й вялізныя галеры з мноствам вёслаў, з чорнымі ветразямі, разьдзьмутымі брызам.

– Піраты Ўмбару! – галасілі людзі. – Зірніце, піраты Ўмбару йдуць! Значыць, Бэльфалас ня вытрымаў, і Этыр, і Пажыцьці страчаныя для нас! Карсары ідуць на нас! Гэта апошні ўдар кону!

Некаторыя без загаду, бо аніхто зараз не ачольваў горад, кінуліся да званоў і забілі трывогу, а некаторыя загулі ў трубы, абвяшчаючы адступленьне.

– Назад, да муроў! – гукалі яны. – Назад, пакуль нас ня вынішчылі на полі!

Аднак вецер, што гнаў караблі па рацэ, аднёс гоман прэч.

Ды рахірымам ня трэба было чуць сыгнал. Надта выразна рысаваліся чорныя ветразі. Бо Эямэру ўсяго зь вярсту заставалася да Харлянду, і гэтую вярсту запаўнялі ворагі, якіх вершнікі гналі перад сабою. Новая варожая навала зайшла ззаду, адразаючы роханцаў ад князя Імрахіля. Эямэр зірнуў на раку, і надзея памерла ў ягоным сэрцы, і добраславёны вецер цяпер праклялі. А мордарскія войскі радаваліся, і зноўку поўніліся лютасьцю й прагай бойкі, і кідаліся, галосячы, наперад.

Пахаладнеў тады Эямэраў розум, і сувора зірнуў малады кароль навокал. Загадаў, каб дзьмулі ў рогі, склікаючы вершнікаў пад каралеўскі сьцяг, каб сабраць усіх і сьпешыцца, склаўшы вялікую сьцяну тарчаў, стаяць да апошняга, пакуль усе не загінуць. Загінуць годна, каб сьмерць сталася вартаю песьні – хоць бы й не засталося на захадзе анікога, каб успомніць апошняга караля Ўкрайны. Тады ўзьехаў на зялёны пагорак і там усталяваў свой сьцяг, і Белы Конь Рохану пабег, трапечучы, на ветры.

З сумневаў і цемры да дзённага сонца Выйшаў я зь песьняй і стальлю зіхоткай I скону надзеі сягнуў, адчаю ды жаху. Чорная згуба наперадзе, захад крывавы!

Такія радкі склаў ён, але ж засьмяяўся, прамаўляючы, бо зноўку прыйшла радасьць бітвы, і аніводная рана ня пляміла яго, і маладымі былі ягоныя гады. I ён быў кароль, гаспадар лютых і моцных людзей. I сьмеючыся ў адчаі, зірнуў ізноў на чорныя караблі й падняў меч, выклікаючы на бой.