Выбрать главу

I тады напаткаў зьдзіўленьне й незвычайную радасьць, і падкінуў меч угару, да сонца, і падхапіў яго, зіхоткі, і засьпяваў, зноў прыняўшы яго ў руку. I ўсе вочы зірнулі ўвасьлед за ягоным позіркам, і – пабачце ж! – на пярэднім караблі ўзьняўся вялікі сьцяг, вецер разгарнуў яго, паказаў усім, калі карабель павярнуў да Харлянду. На тым сьцягу квітнела Белае Дрэва Гондару, а на ім зіхацелі Сем Зораў і высокая карона над усім – знакі Элендыля, што ўжо незьлічоныя гады аніводны валадар не ўздымаў над сабою. Зоркі палымнелі пад сонцам, бо каштоўнымі камянямі выклала іх Арвэн, дачка Эльранда, і бляск выпраменьвала карона, зробленая зь міфрылу й золата.

Гэтак прыйшоў Арагорн, сын Араторна, Элесар, спадчыньнік Ісільдара, зь Сьцягі Мёртвых, прынесены ветрам з мора ў каралеўства Гондар, і радасьць рахірымаў запляскала сьмехам, бляскам клінкоў, а весялосьць і зьдзіва гораду адбілася сьпевамі горнаў ды шматгалосьсем званоў. А войскі Мордару агарнуў сумнеў і страх, і вялікім чараўніцтвам падалося ім, што іхнія ўласныя караблі поўныя ворагаў. Чорны жах агарнуў мордарскае ваярства, бо ведалі: лёс павярнуў супроць іх, і страшны кон ужо непадалёк.

На ўсход рушылі рыцары Дол Амрату, гонячы ворагаў перад сабою, паўтроляў, варагаў ды ненавісьнікаў сонца – оркаў. На поўдзень рушыў Эямэр, і ворагі беглі ад ягонага позірку й патраплялі нібы між молатам і кавадлам, бо людзі саскоквалі з караблёў на прычалы Харлянду й мкнулі навалаю на поўнач. Там крочылі Ляголас, і Гімлі зь сякераю, і Хальбарад з харугваю, Эладан і Эльрохір з зорамі на лбах, і дужарукія дунаданы, сьледапыты Поўначы, ведучы за сабою вялікую мужнасьць народу Пажыцьцяў, і Ламэдану, і паўднёвых земляў. А перад усімі ішоў Арагорн з Полымем Захаду, Андарылем, адроджаным агнём Нарсілем, перакаваным наноў і сьмяротным, як у даўніну, і на Арагорнавым чале зьзяла Зорка Элендыля.

I спаткаліся нарэшце Эямэр з Арагорнам пасярод сечы, і паўсталі, абапершыся на мечы, зірнулі адзін на аднаго, і радасьць перапоўніла іхнія сэрцы.

– Мы сустрэліся зноў, хоць усё мордарскае войска было паміж намі, – вымавіў Арагорн. – Ці ж ня так казаў я ў Горнбургу?

– Так казаў ты, – пацьвердзіў Эямэр, – але часьцяком нам маніць надзея, і я ня ведаў тады, што ты валодаеш дарам прадбачаньня. Але ж двойчы добраславёная нечаканая дапамога, і аніколі не было больш радаснай сустрэчы сяброў.

I яны паціснулі адзін адному рукі.

– Насамрэч, у час патрэбы прыйшоў ты, сябра мой, – вымавіў Эямэр, – бо шмат гора й згубы выпала нам.

– Дык адпомсьцім за іх да таго, як ты распавядзеш! – абвесьціў Арагорн, і яны рушылі на бітву разам.

Цяжка біцца давялося, бо паўднёвікі былі людзі дзёрзкія й рашучыя, лютыя ў адчаі, і ўсходнікі, загартаваныя ў войнах ды моцныя, літасьці не прасілі. Там і тут, ля спаленай сядзібы ці пуні, на пагорку ці кургане, пад мурам ці папросту на полі, зьбіваліся яны ў купы, шыхтаваліся й змагаліся, пакуль ня скончыўся дзень.

Тады зайшло нарэшце сонца за Міндолуйн, заліўшы полымем нябёсы, горы й адгор'і пафарбавала крывёю, полымя адбівалася ў рацэ, і трава Пеленару ляжала барвяная пад промнямі захаду. А гэтай гадзіне скончылася Вялікая бітва на полі Гондару, і аніводнага жывога ворага не засталося між горадам і вонкавым мурам. Забілі ўсіх, апрача тых, што ўцяклі, каб загінуць за сьцяною ці патануць у мклівай чырванапеннай рацэ. Няшмат вярнулася на ўсход, да Моргулу ці Мордару, а да земляў харадрымаў дайшлі толькі расповеды – далёкія чуткі пра гнеў ды адвагу Гондару.

Арагорн, Эямэр ды Імрахіль прыехалі да брамы гораду, вытамленыя па-за радасьцю ці смуткам. Іх ня плямілі раны, бо гэткімі былі іхнія лёсы, збройнае майстэрства ды моц рук, што нямногія ворагі адважваліся паўстаць перад ваярамі ці пабачыць іхнія твары ў часіну гневу. Аднак шмат іншых вояў былі параненыя, скалечаныя ці ляжалі мёртвыя на полі бітвы. Сьпешанага Форланга, які адбіваўся, застаўшыся ў самоце, пасеклі сякерамі, і Дуйліна з Мортанду й ягонага брата затапталі да сьмерці, калі яны вялі лучнікаў ушчыльную да мумакаў, каб пацэліць пачварам у вочы. I сьветламу Хірлуйну ня даў лёс вярнуцца ў Пінат Гэлін, і Грымбальду ў Грымсдал, і мацнарукаму сьледапыту Хальбараду на Поўнач. Нямала загінула, знакамітых і звычайных, ачольцаў і шарагоўцаў, бо вялікаю была тая бітва, і цалкам аніводная песьня не распавядае пра яе. Праз доўгі час пасьля яе роханскі пясьняр склаў песьню пра курганы Мундбургу:

Чулі мы: горны ў гарах загукалі, мечы зазьзялі ў краіне паўднёвай, па краі каменным панесьліся коні ранішнім ветрам. Вайна запалала. Тэядэн моцны, Тэнгелінг годны, да заляў сваіх залатых не вярнуўся, да Поўначы роднай сваёй не вярнуўся вояў адважных ачольца ўладарны. З Гутлафам Гардынг, Дунхэр з Дэорвінам, Грымбальд, Хэрэфара, Хэрубранд, Фастрэд, Горн – біліся люта дый засталіся пад курганамі ля Мундбургу сьценаў, побач з братамі, Гондару ўладарамі. Ані сьветлы Хірлуйн да пагоркаў ля мора, ані Форланг стары да расквеценых долаў, да Арнаху, ня вернуцца з перамогай. Шляхетнародныя Дуйлін з Дэруфінам ня прыйдуцьу Мортанд да цёмных водаў. Сьмерць ад сьвітанку да дзённага скону пабрала ўладных ды шараговых. Доўга ім спаць пад зялёнай травою ў Гондары, па-над Вялікай ракою, срэбнай цяпер, а ў той час пунсовай, шалёнай і пенна-крывавай пад сонцам. Калі вартавыя агні запалалі, леглі на Пеленар крывавыя росы.