Выбрать главу

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка

Тры – сьмяротнай зямлі несьмяротным князям,

Сем – царам-кавалям на падгорным троне,

Дзевяць – чалавечага племені каралям,

Адзін – Уладару Цемры ў чорнай кароне,

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх,

Адзін – завабіць і ў цемры скаваць іх

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

ПРАДМОВА

1. Пра хобітаў

Кніга гэтая – пераважна пра хобітаў, і зь яе старонак чытач шмат чаго даведаецца пра іхнія характар ды звычаі, а таксама трохі пра гісторыю. Болей зьвестак можна знайсьці ў вытрымках з Пунсовай кнігі Заходняга Краю, якія ўжо былі апублікаваныя пад назваю "Хобіт". Вытрымкі гэтыя, зь першых разьдзелаў Пунсовай кнігі, напісаныя самім спадаром Більба – першым хобітам, які стаў знакамітым на ўсенькі сьвет. Спадар Більба назваў іх "Вандроўка туды й назад", таму што яны распавядалі пра ягонае падарожжа на Ўсход ды пра вяртаньне. Гэтая ягоная прыгода потым уцягнула й усіх хобітаў у вялікія дзеі той эпохі, пра якія далей і пойдзе расповед. Шмат чытачоў, магчыма, захочуць даведацца пра гэты незвычайны народ з самага пачатку, а некаторыя, можа, ня маюць "Вандроўкі туды й назад". Для іх тут сабраныя найістотнейшыя зьвесткі пра хобітаў ды іхнюю краіну й коратка распавядаецца пра Більбаву вандроўку.

Хобіты – ня надта прыкметнае, ды вельмі старажытнае племя. Раней іх было нашмат болей, чым цяпер. Ім даспадобы спакой, цішыня, а таксама добра апрацаваная зямля. Зручна ўладкаваныя, дагледжаныя вёскі й палі – улюбёныя іхнія мясьціны, найболей прыдатныя для іх жыцьця. Хобіты не разумелі й не разумеюць прыладаў больш складаных за кавальскія мяхі, вадзяныя млыны ды пральні, але ўжо зь імі яны ўпраўляюцца надзвычай добра. Нават у старажытнасьці яны трымаліся як мага далей ад даўгалыгага народу – так яны нас клічуць, – а цяпер увогуле нас палохаюцца, і знайсьці іх даволі цяжка. У іх тонкі слых і востры зрок, і хоць хобіты схільныя таўсьцець, але застаюцца жвавымі й спрытнымі. Спрадвеку маюць яны звычку зьнікаць хутка й бязгучна, калі даўгалыгія, зь якімі яны сустрэцца ня хочуць, раптам зьяўляюцца побач. Звычка й майстэрства гэтыя распрацаваныя ў такой ступені, што людзям падаюцца чараўніцтвам. Але ж хобіты фактычна ніколі не вывучалі аніякай магіі, і майстэрства зьнікненьняў ёсьць рэч цалкам прафэсійная, кшталцаваная доўгімі практыкаваньнямі, натуральна ўзгадаваная прыроднай здольнасьцю й добрым веданьнем сваёй зямлі. У гэтым яны дасягнулі ўзроўню, неспасьцігальнага для плямёнаў больш вялікіх і нязграбных.

Хобіты – істоты маленькія, меншыя нават за гномаў (хоць і не нашмат), не такія моцныя ды каржакаватыя. Паводле нашых вымярэньняў, ростам яны дзесьці ад дзьвюх да чатырох стопаў1. Цяпер зрэдку сягаюць і трох стопаў, але ж у старажытнасьці, як распавядаюць, яны расьлі й вышэйшымі. Як сьведчыць Пунсовая кніга, Бандабрас Хват Бугай-Роў, сын Ізенгрыма Другога, быў ажно чатыры стапы пяць цаляў і езьдзіў на паўнамерным кані, а не на поні. Сягнулі вышэй за яго толькі дзьве знакамітыя асобы старажытнасьці. Пра тое, якім чынам гэта здарылася, гутарка далей.

Шырскія хобіты, якіх гэты расповед і тычыцца, у дні спакою ды росквіту былі народам жыцьцярадасным. Адзеньне апраналі зыркае, часьцей за ўсё жоўтае й зялёнае. Абутку звычайна не насілі, бо мелі на падэшвах тоўстую скуру, дый ногі ў іх зарасталі густой кучаравай поўсьцю, звычайна бурай, вельмі падобнай на тую, што расла ў іх на галовах. Таму адзіным рамяством, мала ў іх распаўсюджаным, было шавецтва. Але ж шмат чаго іншага яны рабілі добра й удала, бо рукі мелі здатныя ды спрытныя. Твары хобіцкія калі не прыгожыя, дык прыемныя й добразычлівыя: акруглыя, з бліскучымі вачыма й чырвонымі шчокамі, з ратамі, якія заўсёды гатовыя засьмяяцца, пад’есьці й выпіць. I сапраўды, сьмяяліся хобіты, елі й пілі часта й ад пуза, пажартаваць любілі таксама, хоць і па-простаму, без асаблівых хітрыкаў, а ўжо сілкаваліся разоў шэсьць на дзень (вядома, калі толькі выпадала). Былі гасьцінныя, зь вялікай ахвотай ладзілі вечарыны зь бяседамі ды весяліліся на іх, любілі даваць падарункі й яшчэ болей – атрымліваць.

Ясна, што хобіты хоць і падаюцца цяпер людзям чужынцамі, яны – блізкая іх радзіна, значна бліжэйшая за эльфаў і нават за гномаў. У старажытнасьці яны й размаўлялі людзкою моваю, хоць і па-свойму, а звычаі ды звычкі мелі вельмі падобныя да чалавечых. Але ж у якой менавіта ступені людзі – радзіна хобітам, цяпер высьветліць цяжка. Крыніцы паходжаньня хобітаў губляюцца недзе ў Даўніх днях, забытых і цьмяных. Хіба што эльфы яшчэ захавалі сьведчаньні пра тыя дні, але ж толькі датычныя эльфавай гісторыі. Зьвесткі пра людзей трапляюцца зрэдку, а пра хобітаў і ўвогуле нічога няма. Аднак бясспрэчна: хобіты ціха жылі сабе ў Міжзем'і задоўга да таго, як на іх зьвярнулі ўвагу іншыя плямёны. У сьвеце шмат дзівосных пачвараў ды стварэньняў, і нейкае там племя маленькіх чалавечкаў нікога асабліва не цікавіла – пакуль дзякуючы Більба й ягонаму пляменьніку Фрода хобіты раптам (без уласнай на тое ахвоты) не зрабіліся знакамітымі й уплывовымі й праблемы іхнія ня сталі хваляваць Мудрых зь Вялікімі.

вернуться

1

Заўвага перакладнікаў. У беларускім перакладзе скарыстаныя старажытныя беларускія адзінкі вымярэньня (паводле Статуту ВКЛ): цаля – 2,5 см; стапа – 12 цаляў, 33 см; локаць – 65 см; сажань – 3 локці, 195 см; гоня – 80-100 м; вярста – 1559,7 м; міля – 7,8 км.