Найстарэйшым ды самым улюбёным Більбавым пляменьнікам быў малады Фрода Торбінс. Калі Більба споўнілася дзевяноста дзевяць, ён абвесьціў Фрода сваім спадчыньнікам; такім чынам, Фрода справіў улазіны ў Торбу-пад-Стромай, а спадзевы Кесак-Торбінсаў канчаткова абрынуліся. Дзядзька й пляменьнік нарадзіліся ў адзін дзень, 22 верасьня, і таму Більба сказаў аднойчы:
– Фрода, хлопча, лепей перабірайся да мяне, разам лацьвей сьвяткаваць народзіны.
У гэты час Фрода быў ва ўзросьце, які хобіты завуць "дваццастоўкі" – пракудлівыя гады паміж дзяцінствам і сталасьцю, якая, паводле хобітавых меркаваньняў, надыходзіць пасьля трыццаці трох.
Мінула яшчэ дванаццаць гадоў. Штовосень Торбінсы ладзілі спраўныя сумесныя дні народзінаў, але ж сёлета ўсё навакольле чакала нечага выключнага. То ж бо Більба споўніцца ажно сто адзінаццаць – 111 – вельмі цікавая лічба й надзвычай паважны ўзрост для хобіта (сам стары Хват дажыў толькі да ста трыццаці). А Фрода дасягне трыццаці трох – лічба ня толькі цікавая, але й адказная, бо тады хобітаў лічылі поўнагадовымі.
Ну й заматлялі тады языкамі па Хобіцку ды Прырэччы, а чуткі дый увогуле па ўсім Шыры папаўзьлі. Більбавы прыгоды й сам ён вярнуліся як галоўныя героі размоваў ці плётак, а старэча раптам вынайшла, што барадатыя расповеды зноў карыстаюцца сапраўднай увагай.
I анікога ня слухалі так уважліва, як старога Хэма Гэйхада называнага проста Дзедам. Засядаў ён у "Ракітах", маленькім шынку на прырэцкім бальшаку, і сапраўды ведаў, пра што баіць, бо сорак гадоў даглядаў сад Торбы-пад-Стромай, а раней дапамагаў у тым старому Хольману. Цяпер Дзед і сам ужо немалады зрабіўся, цяжкаваты на хаду, вядома, таму больш працаваў ягоны меншанькі, Сэм. I бацька, і сын вельмі добра ладзілі зь Більба й Фрода. I жылі на самой Строме, у трэцім доме Прыторбінскай слабады.
– Кажу вам, спадарства, такога ласкавага ды ветлага пана, як спадар Більба, яшчэ пашукаць трэба, – абвяшчаў Дзед. I сапраўды: Більба быў вельмі ветлівы зь ім, клікаў "спадару Гэйхадзе" й заўсёды распытваў пра ўсялякую гародніну, бо ў "каранях", насамперш у бульбе, Дзеда ўсё навакольле (і сам ён першы) прызнавала найгалаўнюткім аўтарытэтам.
– А як наконт гэнага Фрода, які таксама ў Торбе цяпер? – спытаў стары Нуксь з Прырэчча. – Кажуць, адно што ймя Торбінс, а сам напалову ці нават болей – Бронь-Быч. I прыйшло ж да галавы нашаму хобіцкаму Торбінсу шукаць жонку ў Прыбыччы. Там народ амаль усе глузды папагубляў.
– Ці ж тут не папагубляеш, – дадаў Бацька Двулыг, найбліжэйшы Дзедаў сусед, – прыжыліся па той бок Бранявіну, ну ўпрост у Старой пушчы. Калі хоць палове чутак верыць, мясьцінка – жах суцэльны, калі ня горш.
– Праўда, спадарыку, праўда, – згадзіўся Дзед, – ну, Бронь-Бычы не ў Старой пушчы жывуць, але, відаць, сапраўды дзівакі яны. Глупства якое – у чоўнах па такой рацэ целяпацца. Ну, я скажу, тут і да бяды недалёка. Адылі мяці не мяці языком, а спадар Фрода – ласкавы малады паніч, яшчэ пашукай такіх. Надта падобны да спадара Більба, і ня толькі з твару. Вядома, бацька ж – праўдзівы Торбінс. А такі ж дабрадзею быў наш спадарык Дрога Торбінс! Ну, анічога гэткага ня скажаш, толькі вось што патануў.
– Патануў?! – жахнуліся адразу некалькі галасоў.
Вядома, усе тут чулі пра гэта й шмат пра што яшчэ, але ж хобіты вельмі ахвочыя да сямейных гісторыяў сваіх суседзяў і заўжды гатовыя слухаць зноў і зноў.
– Ну, людзі кажуць так, – пачаў Дзед, – бачыце ж, спадар Дрога – ён жа пашлюбаваўся зь нябогай Прымулкай Бронь-Бычанкай. Яна спадару Більба стрыечніца, бо яе маці – малодшая з дачок Старога Хвата, а спадар Дрога яму ў трэцяй стрэчы. Так што спадарыч Фрода – ён і ўнучаты пляменьнік, і траюрадны, куды ні глянь. А спадар Дрога якраз гасьцяваў у Прырэчнай сядзібе, у сьвёкра, старога пана Гарбадока. А той жа такія бяседы задаваў – і не паверыш, пакуль сам не пабачыш, – ну а спадарыку наш любіў у таўшчыню скакнуць, як кажуць. Вось так і ўзяўся, нарэшце, плаваць у чоўне па Бранявіне, дый патануў разам з жонкаю, а малы небарака, паніч Фрода, і застаўся сіратою, куды тут ні глянь.
– Я чуў, яны чоўніцца ўзяліся апасьля вячэры. Захацелася, бач, пакатацца ў месяцовым сьвятле, а Дрога ж пацяжэў пасьля пад'едку дый патапіў човен, – дадаў стары Нуксь.
– А я чуў, што яна яго сьпіхнула, а ён яе за сабою пацягнуў, – абвесьціў Пяшчак, хобіцкі млынар.
– Ты не ўсяму вер, што табе наплявузгаюць, Пяшчаку, – адказаў Дзед, які млынара ня тое каб моцна любіў, – тут і піхаць анікога ня трэба. У чоўне ты шчэ паспрабуй уседзь і так, без аніякага глупства. Ну, карацей, застаўся панічык Фрода сіратою, адзінюткі сярод дзівакоў гэных, прыбычцаў, расьці-гадавацца. А ў Прырэчнай сядзібе той – гармідар, бы на таржышчы. У старога пана там ніколі меней за дзьве сотні сваякоў і не бывала. Гэта міласьць найвялікшая спадара Більба, што ён малога сюды выцягнуў, да нармалёвага люду. Ох, скажу вам, і навіна была для Кесак-Торбінсаў! Яны ж упэўніліся, што Торба-пад-Стромай ім дастанецца, калі Більба выправіўся вандраваць і яго ўжо палічылі памерлым. А ён – на табе, вярнуўся дый іх выставіў, і жывець сабе, і выглядае шчэ, нібы ані на дзень не састарэў, каб яму здароўіца! А тут і спадчыньніка знайшоў, і паперкі ўсе зрабіў як мае быць. Кескам цяпер Торбу-пад-Стромай толькі звонку й бачыць, спадзяюся.