Выбрать главу

Сэм цяжка задыхаў, намагаючыся стрымаць сьлёзы.

– Не адчайвайся, – суцешыў яго Швэндал. – Даверся цяпер мне. Твой Фрода мацнейшы, чым я лічыў. I Гэндальф казаў, што гэта так. Фрода жывы і, здаецца мне, можа працівіцца злу, якое засела ў ягонай ране, нашмат даўжэй, чым спадзяюцца ворагі. Я дапамагу Фрода вытрымаць. Вылечу, калі здолею. А пакуль добра ахоўвайце яго й чакайце мяне!

I зноў зьнік у цемры.

Фрода хацелася заснуць, хоць боль ад раны паволі мацнеў і сьмяротны холад распаўзаўся ад пляча на бок і руку. Сябры даглядалі яго: сачылі, каб добра саграваўся, прамывалі рану. Ноч цягнулася павольна й стамляльна. Ужо золак распальваўся ў нябёсах і лагчавіну заліло шэрае сьвятло, калі нарэшце вярнуўся Швэндал.

– Зірніце! – паклікаў ён і, нахіліўшыся, падняў зь зямлі чорны плашч, які раней у цемры ніхто не заўважыў. На стапу ад ніжняга краю плашч быў расьсечаны.

– Вось сюды патрапіў Фрода, – сказаў Швэндал. – Баюся, нічым больш ён ворагу не пашкодзіў. Бо корд цэлы, а лязо, якое параніць караля-прывіда, цэлым не застанецца. Імя Эльберэт – вось што падзейнічала мацней.

Нахіліўся зноў і ўсклікнуў:

– А вораг пашкодзіў значна горш! Вось чым!

Падняў зь зямлі доўгі тонкі нож, які зіхацеў халодным бляскам. Ля краю лязо было вызубранае, і самы кончык – адламаны. Зьдзіўленыя й напалоханыя, хобіты сачылі, як у сьвятле новага ранку лязо нібы плавілася, сыходзіла дымам, распушчалася ў паветры, пакуль у Швэндалавай руцэ не засталіся адныя тронкі.

– Шкада! – вымавіў Швэндал. – Гэты кляты нож і параніў Фрода. Ня шмат цяпер лекараў, здольных справіцца з ранамі ад гэтай ліхой зброі. Але я зраблю што ў маёй моцы.

Сеў на зямлю і, паклаўшы трымальна на калені, засьпяваў над ім павольную песьню на незнаёмай мове. Потым, адклаўшы яго ўбок, павярнуўся да Фрода й суцяшальна, ціхенька вымавіў нешта, чаго астатнія не расчулі. З кескі на пасе выцягнуў жменю доўгіх лістоў нейкай расьліны.

– Па гэтыя лісты, – патлумачыў, – я й хадзіў. Далёка, бо патрэбная зёлка не расьце на голым пагор'і. Давялося шукаць яе ў гушчары на поўдзень ад Шляху. Там я яе й знайшоў у цемры дзякуючы водару лісьця.

Ён разьмяў ліст у пальцах – і паплыў салодкі густы пах.

– Добра, што здолеў адшукаць. На Старажытнай мове яна называецца ацэлас і мае дзівосную ацаляльную моц. Людзі Захаду краю прывезьлі яе ў Міжзем'е. Цяпер яна няшмат дзе расьце, і толькі там, дзе калісьці жылі людзі ці прыпыняліся часьцяком. На Поўначы аніхто пра яе ня ведае – адно тыя, хто бадзяжыць па гэтай зямлі. Расьліна магутная, аднак супраць гэткай раны, магчыма, ня шмат дапаможа.

Кінуў лісьце ў кіпень, тады прамыў узварам Фродава плячо. Водар узбадзёрваў, і хобіты адчулі, што ён супакойвае й ясьніць думкі. Відавочна, узвар падзейнічаў і на рану, бо боль паменшаў і пачуцьцё лядзянага холаду ў баку адступіла. Але рука так і засталася зьнямелай. Фрода ня мог ані ўзьняць яе, ані паварушыць пальцамі. Лаяў сябе за глупства, за слабасьць, бо цяпер ясна разумеў, што насунуў пярсьцёнак не з сваёй волі, а паддаўшыся варожаму загаду. Мо праз гэта застанецца калекаю на ўсё жыцьцё, а магчыма, і вандраваць далей ня здолее. Нават і ўстаць няма як? I што рабіць цяпер?

Астатнія гэта й абмяркоўвалі. Усе згаджаліся, што з Наветранай стромы трэба ўцякаць як мага хутчэй.

– Цяпер мне ясна, – казаў Швэндал, – ворагі сачылі за стромай ужо колькі дзён. Калі Гэндальф і дабраўся сюды, яго, напэўна, прымусілі адступіць. Наўрад ці ён вернецца. У любым выпадку, дзе заўгодна будзе бясьпечней, чым тут, бо яны абавязкова нападуць зноў з надыходам ночы.

Як толькі сонца выйшла з-за гор, хутка пасьнедалі й спакаваліся. Фрода ісьці ня мог, таму пакладу падзялілі на чатырох, а Фрода пасадзілі на поні. За апошнія колькі дзён жывёліна надзіва паправілася: поўсьць ільсьнілася, нават пагусьцела, і поні, відавочна, абвыкся з новымі гаспадарамі, асабліва з Сэмам. Напэўна, гэткім было жыцьцё ў Біла Бур'яка, што й вандроўка па глухамані сталася лепей.

Накіраваліся на поўдзень. Вырашылі перасекчы Шлях, бо там прасьціраўся найбліжэйшы лес. А лес даваў дровы – магчымасьць распаліць вогнішча, каб, як раіў Швэндал, саграваць Фрода й абараняцца агнём. Таксама можна было й скараціць, бо на ўсход ад Наветранай стромы Шлях зноў рабіў пятлю, забіраючы далёка на поўнач.

Павольна й асьцярожна прабіраліся па паўднёва-заходнім схіле стромы й неўзабаве дабраліся да Шляху. Анідзе аніводнай прыкметы Вершнікаў. Аднак калі перабягалі Шлях, пачулі здалёк два погукі: халодны голас правыў і другі адказаў. Калоцячыся, хобіты кінуліся наперад, да зарасьцяў. На поўдзень мясцовасьць паціху паніжалася, там і сям шчыльнымі купінамі расьлі сярод кустоў крывыя нізкія дрэвы. Паміж выспамі зарасьцяў ляжалі шырокія палосы пустэчаў, зарослых рэдкай грубай травою, ужо зьвялай, і лісьце на дрэвах жухла й ападала. Глухамань і аніякіх сьцежак. Бязрадасна й цяжка ісьці. Рушылі павольна, амаль не размаўляючы. Фрода з горыччу паглядаў, як крочаць сябры, павесіўшы галовы, схіліўшыся пад хатулямі. Нават Швэндал падаваўся стомленым і сумным.