Выбрать главу

Яшчэ напрыканцы першага дня Фродава плячо разбалелася зноў, але ён доўга трымаўся й не выказваў болю. Чатыры дні не мянялася амаль нічога навокал, толькі Наветраная строма за сьпінамі ўсё меншала ды горы наперадзе ўзьнімаліся ўсё пагрозьлівей. Але аніякіх прыкметаў ворагаў. Пасьля крыкаў падчас пераходу праз Шлях тыя аніяк сябе не выяўлялі, і невядома было, перасьледуюць яны ці не, а мо сустракаюць наперадзе. Начэй баяліся, трымалі варту па двое, чакаючы ў любы момант чорных ценяў, што плывуць у шэрым змроку, у слабым сьвятле захіленага аблокамі месяца. Але нічога не здаралася, адно шаргацела аб траву сухое лісьце. Ані разу болей не адчулі прысутнасьці ліха паблізу, нутраны жах, які перажылі тады ўночы на Наветранай перад нападам. Наўрад Вершнікі так проста зноўку зьбіліся зь сьледу. Магчыма, зладзілі засаду, абраўшы прыдатнае месца?

Напрыканцы пятага дня мясьціны паціху пачалі зноў вышэць, вандроўнікі падымаліся на другі бок шырокай спадзістай даліны, у якую спусьціліся з Наветранай стромы. Швэндал ізноў павярнуў на паўночны ўсход, і на шосты дзень, забраўшыся па доўгім схіле на высокі ўскраек даліны, сябры пабачылі здалёк купку лясістых пагоркаў. Далёка пад імі Шлях агінаў узножжа, а праваруч блішчэла цьмяным срэбрам у вечаровым сьвятле рака. За ёю, напаўсхаваная туманом, угадвалася камяністая даліна яшчэ адной ракі.

– Баюся, нам давядзецца вярнуцца на Шлях, – сказаў Швэндал. – Мы дабраліся да ракі Шэрані, якую эльфы называюць Мітэйфель. Яна выцякае з Тролевых урочышчаў на поўнач ад Долага Яру й уліваецца на поўдні адсюль у Грым'ю. Тады некаторыя клічуць яе Сівянкаю. Бліжэй да мора яна вельмі шырокая. Перабрацца церазь яе можна толькі ля яе вытокаў у Тролевых урочышчах або па Апошнім мосьце на Шляху.

– А што за рака там у далечыні? – спытаў Мэры.

– Гэта Грым'я, Бруйнен, які цячэ з Долага Яру. Па Шляху краем пагор'я ад Апошняга мосту да Бруйненскага броду шмат вёрстаў. Але я пакуль і ня думаў, як пераправіцца цераз яе. Зараз трэба турбавацца пра Шэрань. Неверагодна пашанцуе, калі ніхто не падпільнуе нас ля Апошняга мосту.

Наступнай раніцою, зь першым сьвятлом зноў падступіліся да Шляху. Сэм і Швэндал пайшлі наперад разьведаць, але не заўважылі аніякіх прыкметаў Чорных Вершнікаў ці іншых вандроўнікаў. Дажджыла. Тут, ля ўзножжаў, дождж, напэўна, ішоў і раней. Швэндал палічыў, што два дні таму, і вадой пазмывала ўсе сьляды. З таго часу, падавалася, аніякі вершнік тут не праяжджаў.

Па Шляху ледзь ня беглі й празь вярсту ці дзьве пабачылі наперадзе пад кароткім крутым схілам Апошні мост. У жаху чакалі чорных зданяў, але нікога не было. Швэндал загадаў схавацца ў кустах ля Шляху, а сам пайшоў.

Неўзабаве прыбег назад. Сказаў:

– Варожых прыкметаў няма, і я гэтага зусім не разумею. Але ж знайшоў надта дзіўную рэч.

Раскрыў далонь і паказаў хобітам сьветла-зялёны празрысты камень.

– Ляжаў на сярэдзіне мосту, – патлумачыў ён. – Гэта бэрыл, эльфскі камень. Ці яго пакінулі тут адмыслова, ці згубілі – сказаць цяжка, але мяне знаходка абнадзейвае. Для мяне гэта сьведчаньне, што мы можам прайсьці бясьпечна. Аднак калі потым аніякай ясьнейшай пазнакі ня знойдзем, лепей бяды не наклікаць, на Шляху не заставацца.

Рушылі зноў. Мост перайшлі спакойна. Анічога трывожнага не пачулі, толькі вада бурліла за слупамі трох вялікіх арак. Празь вярсту за мостам зьвярнулі ў вузкую цясьніну, што вяла на поўнач праз узвышша леваруч ад Шляху. Неўзабаве Шлях зусім зьнік, пятляючы сярод змрочнага лесу, якім зарасьлі падэшвы пагор'я.

Хобіты радаваліся, што пакінулі за сьпінамі голыя пустэчы Наветранай стромы, а таксама небясьпечны Шлях, але й новыя мясьціны падаваліся ня надта прыемнымі, нават нядобрымі й пагрозьлівымі. Пагоркі навокал уздымаліся ўсё вышэй. Там і тут на вяршынях і грабянях змрочна шчэрыліся рэшткі старых муроў, руіны вежаў. Фрода, не заняты хадою, разглядаў навакольле й разважаў. Узгадваў Більбаў расповед пра вандроўку ў гэтых краёх і пагрозьлівыя вежы на поўнач ад Шляху паблізу тролевага лесу, дзе адбылася першая сапраўдная Більбава прыгода. Паводле Фродавых меркаваньняў, дзесьці непадалёк, і ён падумаў, што, магчыма, патрапіць на тое самае месца.