– Хто тут жыве? – спытаў ён. – Хто пабудаваў вежы тут, у краіне троляў?
– Ня тролі, – адказаў Швэндал. – Тролі не будуюць. Цяпер ніхто тут не жыве. Калісьці жылі людзі, але цяпер нікога не засталося. Паданьні кажуць, што на іх лёг цень Ангмару й яны аддаліся ліху. А потым загінулі ў вайне, якая загубіла Паўночнае каралеўства. Было тое так даўна, што нават горы забыліся на іх, толькі цень даўняга зла яшчэ застаўся.
– Калі тут ужо даўно пустэча й забыліся нават горы, адкуль Швэндал ведае ўсе гэтыя паданьні? – перапытаў Перыгрын. – Зьвяры з птушкамі пра такое не распавядуць.
– Нашчадкі Элендыля не забываюцца мінулага. I нашмат болей за тое, што магу распавесьці я, памятаюць у Долым Яры.
– Ты часта бываў у Долым Яры? – спытаў Фрода.
– Часта. Калісьці я жыў там і вяртаюся туды, калі магу. Там засталося маё сэрца, але лёс не дае мне жыць у супакоі нават у чароўным доме Эльранда.
Горы ўсё шчыльней змыкаліся вакол іх. Недзе за сьпінамі засталіся Шлях і Бруйнен. Вандроўнікі патрапілі ў глыбокую доўгую даліну з крутымі схіламі, змрочную й зацішную. З абрываў зьвісалі перакручаныя старыя карані, схілы шчыльна зарасьлі сасьняком.
Хобіты надта стаміліся. Перасоўваліся павольна, бо сьцежак тут не было, прабіраліся паўз каменьне ды паваленыя дрэвы. Караскацца па схілах не хацелі, шкадуючы Фрода, дый вылезьці з даліны было цяжка. На другі дзень задажджыла. Заходні вецер прынёс на чорныя галовы пагоркаў вільгаць далёкага мора, дробную, бесьперапынную, нудотную імжу. Да ночы ўсе прамоклі да ніткі, і начлег быў нярадасны, бо сухіх дроваў не знайшлі. Нараніцу ўтыкнуліся ў яшчэ вышэйшыя горы наперадзе й прымушаныя былі павярнуць на поўнач, адхіляючыся ад патрэбнага напрамку. Швэндал непакоіўся: ужо дзесяць дзён, як мінулі Наветраную строму, ежы засталіся драбніцы, а ісьці яшчэ далёка. I дождж не спыняўся.
Гэтай ноччу знайшлі прытулак на каменнай пляцоўцы ля адхону, у якім была неглыбокая пячора, проста выбоіна ў скале. Фрода непакоіўся й ніяк ня мог заснуць. Ад холаду й вільгаці рана разбалелася як ніколі, ныла й катавала, і сьмяротны холад распаўзаўся па целе. Фрода круціўся, услухоўваўся ў патаёмныя, здрадлівыя начныя гукі: высьвіст ветру ў шчылінах скалы, плясканьне кропляў, пахрустваньне, раптоўны грукат каменя, які пакаціўся долу. Адчуў, што чорныя цені наблізіліся, падступілі, каб паглынуць, і ўскочыў, азіраючыся, але ўбачыў толькі сьпіну Швэндала, які сядзеў, сагнуўшыся, цмактаў люльку й сачыў за навакольлем. Тады лёг зноў і здолеў заснуць. I ў неспакойным сьне прытрызьніў, як ідзе па траве свайго шырскага саду, бляднага й невыразнага. Выразна й ясна бачыліся толькі высокія чорныя цені, якія заглядвалі цераз агароджу.
Калі Фрода прачнуўся зранку, дождж спыніўся. Аблокі шчыльна клубіліся над галавою, але ў прасьветах зіхацелі лапікі блакіту. Вецер мяняўся. Зь месца крануліся запозна, бо адразу пасьля сьняданку, халоднага й непрыемнага, Швэндал пайшоў некуды адзін, загадаўшы не вылазіць зь пячоры, пакуль ня вернецца. Ён зьбіраўся, калі здолее, залезьці ўгору й агледзець навакольле.
Навіны не суцешылі:
– Мы надта ўзялі на поўнач. Трэба тэрмінова збочыць на поўдзень, бо калі пойдзем, як ішлі, апынемся ў Тролевым урочышчы далёка на поўнач ад Долага Яру. Там сапраўды сустракаюцца тролі, дый мясьціны мне невядомыя. Магчыма й там адшукаць шлях і патрапіць у Долы Яр з поўначы, але гэта вымагае надта шмат часу, і ежы нам ня хопіць. Выйсьце адно – мусім гэтак або інакш дабірацца да Бруйненскага броду.
Рэшту дня караскаліся па скалах. Пашанцавала знайсьці праход паміж стромамі, так выйшлі ў даліну, якая вяла на паўднёвы ўсход, якраз у патрэбным напрамку. Але надвячоркам на шляху зноў паўстаў хрыбет, вызубраны й круты, і голыя скалы на ягонай вяршыні, нібы ступленая піла, угрызаліся ў змрочныя нябёсы. Трэба было або ўзьбірацца на яго або паварочваць назад.
Вырашылі лезьці. Тое сталася надта цяжкім. Фрода быў вымушаны пакінуць поні й караскацца пехатою. Поні ледзь усьцягвалі, а часьцяком і самі не маглі пралезьці, бо ж былі загружаныя пакладаю. Ужо сутонела, калі нарэшце, выматаныя ўшчэнт, дабраліся да верху – вузкага перавалу паміж крутымі скаламі. Наперадзе зноў чакаў круты схіл. Фрода ўпаў ніцма, дрыжучы. Левая рука зусім аднялася, а ўвесь левы бок і плячо нібы сьціснула ільдзянымі кіпцюрамі. Дрэвы й камяні навокал падаваліся цьмянымі ценямі.
– Далей сёньня немагчыма, – сказаў Мэры Швэндалу. – Баюся, сёньняшні шпацыр – занадта для Фрода. У мяне сэрца не на месцы, калі думаю пра яго. Што нам рабіць? У Долым Яры яго здолеюць выратаваць, так? Вядома, калі мы дабярэмся туды.