– Пабачым, – уздыхнуў Швэндал. – Тут, у глухамані, я зрабіў усё, што мог. З-за ягонай раны я й прысьпешваю. Але сёньня, я згодны, далей ісьці немагчыма.
– А што ж такое з маім гаспадаром? – ціха спытаў Сэм, паглядаючы на Швэндала з запытам і надзеяй. – Ягоная рана такая маленькая, ужо й закрылася цалкам. I нічога не відаць, толькі маленечкая беленькая плямка на плячы.
– Фрода кранула зброя Ворага, – адказаў Швэндал. – Напэўна, атручаная ці аздобленая якім ліхам. Каб выгнаць яго, майго ўменьня не стае. Не адчайвайся, Сэме. У Долым Яры нам дапамогуць!
Ноч на перавале была халодная. Знайшлі неглыбокую яміну – напэўна, калісьці тут здабывалі камень на будаўніцтва. Пад крывымі каранямі старой сасны, якія зьвешваліся ў яму, распалілі невялікае вогнішча. Паселі, згуртаваўшыся шчыльней. На перавале сьвісьцеў вецер, і ўнізе, пад схілам, скрыгаталі й стагналі галіны дрэваў. Фрода ляжаў у паўсьне, трызьніў, як трапечуць над галавою неабсяжныя чорныя крылы, яны нясуць бязьлітасных перасьледнікаў – наўздагон за ім, вышукваюць па далінах і пагорках.
А раніца зьзяла й праменіла, паветра пасьвяжэла, і яснае й празрыстае сонца грала на прамытых дажджом нябёсах. Настрой вандроўнікаў палепшаў, хоць і хацелася сонца гарачэйшага, прагрэць скачанелыя рукі й ногі. Зь першым сьвятлом Швэндал паклікаў Мэры й пайшоў агледзець мясьціны на ўсход ад перавалу. Сонца паднялося ўжо высока й зырка зіхацела, калі выведнікі вярнуліся – і з добрымі навінамі. Цяпер рухаліся больш-менш у патрэбным напрамку. Калі пойдуць уздоўж хрыбта, пабачаць леваруч Туманныя горы, а наперадзе Швэндал прыкмеціў Грым'ю. Шлях, хоць і нябачны адсюль, праходзіў непадалёк ад Грым'і, і да яго было зусім ня шмат.
– Трэба вяртацца на Шлях, – сказаў Швэндал. – Праз гэтае пагор'е мы дарогі ня знойдзем. Чым ні пагражаў бы нам Шлях, выйсьці да броду зможам толькі па ім.
Падсілкаваўшыся, рушылі зноў. Спускаліся павольна, але паўднёвы схіл быў не такі стромы й таму значна лягчэйшы, чым чакалі. Неўзабаве Фрода зноў ехаў верхам. Былы Бур'якоў здыхлік выявіў незвычайную здольнасьць вышукваць найспакайнейшы шлях, каб вершніка трэсла як мага меней. Настрой ва ўсіх прыўзьняўся, нават Фрода пачуваўся лепей у ранішнім сьвятле. Але часам яму падавалася, нібы вочы засьціць нейкі туман, нават і вочы цёр даланёй.
Піпін ішоў крыху наперадзе. Раптам павярнуўся й выгукнуў:
– Тут сьцежка!
Пасьпяшаліся да яго: насамрэч, тут пачыналася сьцяга, якая, віючыся, вяла наперад празь лес, а ззаду гублялася недзе на схілах. Месцамі амаль непрыкметная, яна задзірванела, на яе пападалі камяні й ссохлыя дрэвы, але было відаць, што некалі ёй часта карысталіся. I пратаптаў сьцежку нехта неслабы: тут і там павыварочваў ці пасек старыя дрэвы, пакрышыў ці адцягнуў прэч вялікія валуны.
Вандроўнікі пашыбавалі па сьцежцы, бо яна падавалася найлягчэйшым спускам з пагор'я, але асьцярожна, і яшчэ асьцеражней – калі дарога вывела ў змрочны лес і зрабілася шырэйшай ды раўнейшай. Зьнянацку пакінуўшы гушчар ялінаў, яна павяла ўніз па адкрытым схіле й рэзка зьвярнула налева, за скалісты атовілак. За паваротам сьцежка пайшла роўна пад невысокім адхонам, зацененым і прыхаваным дрэвамі, а ў адхоне, рыхтык у сьцяне, падарожнікі ўбачылі праход і дзьверы, што, перакасіўшыся, віселі на адной вялізнай пятлі.
Тут спыніліся. За дзьвярыма, безумоўна, была пячора, але скрозь цёмную шчыліну немагчыма было нічога разгледзець. Швэндал, Сэм і Мэры, піхаючы што моцы, здолелі прачыніць дзьверы, і тады Швэндал з Мэры праціснуліся ў змрок. Далёка не адыходзілі, бо падлогу загрувасьцілі старыя косткі, і анічога болей ля ўваходу й не было відаць, акрамя вялізных пустых гарлачоў ды пабітых гаршкоў.
– Дакладна тролевая нара, найтролевейшая з тролевых! – сказаў Піпін. – Гэй, вы, двое! Вылазьце хутчэй ды ногі ў рукі! Цяпер вядома, хто пратаптаў тую сьцежку, і лепей нам без адкладу пакінуць яе!
– Мяркую, няма патрэбы сьпяшацца, – азваўся Швэндал, пакінуўшы пячору. – Так, тролевая нара, але даўно закінутая. Няма чаго баяцца. Вядома, асьцярожнасьць таксама траціць ня трэба. Пабачым.
Ад дзьвярэй сьцежка зноў збочыла направа, правёўшы па невялікай роўнядзі, пайшла ўніз па густа залесеным схіле. Піпін хацеў паказаць Швэндалу, што зусім і не напалоханы цяпер, таму шыбаваў наперадзе разам з Мэры, Сэм і Швэндал крочылі побач з Фродавым поні, паабапал, бо сьцяга зрабілася такой шырокай, што пяць-шэсьць хобітаў маглі б ісьці поруч. Рушылі нядоўга, бо неўзабаве прымчаліся Піпін з Мэры, пераляканыя.