Выбрать главу

– Тролі! Тролі! – выдыхнуў Піпін. – Там, на паляне, за дрэвамі! Мы іх убачылі з-за дрэваў! Яны вялізазныя!

– Ну, тады пойдзем і зірнем на іх, – спакойна сказаў Швэндал і падняў зь зямлі кіёк.

Фрода маўчаў, а Сэм выглядаў напалоханым.

Набліжаўся поўдзень, і высокае сонца праз паўаголеныя кароны дрэваў распаласавала паляну прамяністым сьвятлом. Вандроўнікі сталі ля краю й асьцярожна вызірнулі, стаіўшы дыханьне. Так, тролі. Тры веліканскія тролі. Адзін нахіліўся, два другія вырачыліся на яго.

А Швэндал бесклопатна крочыў наперад. Гукнуў:

– Гэй, старая камяніска, прачніся! – дый пераламаў кій аб азадак нахіленага троля!

I анічога ня здарылася! Хобіты ажно вохнулі ў подзіве, і тады Фрода засьмяяўся.

– Ну вось, – папракнуў ён, – забыліся на сваю ж сямейную гісторыю! Гэта ж тыя самыя тролі, якіх абхітрыў Гэндальф, прымусіўшы спрачацца, як лепш згатаваць трынаццаць гномаў ды аднаго хобіта.

– Я ня мог сабе ўявіць, што гэта менавіта тут! – апраўдваўся Піпін.

Ён добра ведаў гісторыю, Більба й Фрода часьцяком яе згадвалі. Але, папраўдзе кажучы, ён ніколі поўнасьцю ня верыў. Нават і цяпер паглядаў на каменных стодаў падазрона, мяркуючы, ці могуць нейкія патаемныя чары ажывіць іх зноўку.

– Ты забыўся ня толькі на сямейную гісторыю, але таксама й на тролевыя звычкі, – сказаў Швэндал. – Поўдзень, у небе зыркае сонца, і ты нясесься да мяне й палохаеш байкамі пра троляў на паляне! Так ці інакш, ты мог бы й прыкмеціць старое птушынае гняздо ў аднаго зь іх за вухам. Даволі незвычайная аздоба для жывога троля.

Усе зарагаталі. Нават Фрода ажыў, бо гэтак прыемна было згадаць пра першую ўдалую Більбаву прыгоду. I сонца прыгравала, пяшчоціла, і туман перад вачыма крыху парадзеў. Вандроўнікі троху адпачылі на паляне й паабедалі проста ў цяньку ад вялікіх тролевых ног.

– Вось бы хто-небудзь пацешыў нас песьняю, пакуль сонца яшчэ высока, – прапанаваў Мэры пасьля пад'едку. – Ужо колькі дзён нічога не сьпявалі й не распавядалі.

– З Наветранай стромы, – сказаў Фрода.

Усе занепакоена зірнулі на яго.

– За мяне не турбуйцеся. Мне цяпер нашмат лепей, але наўрад ці я здолею сьпяваць. Мо Сэм прыгадае што-колечы забаўнае.

– Давай, Сэме! – падтрымаў Мэры. – Упэўнены, у тваёй галаве нашмат болей, чым ты нам выдаеш.

– Ну, ня ведаю, – зьбянтэжыўся Сэм. – Ёсьць нешта, але ці прыдатнае яно тут... Ня тое каб паэзія, калі вы мяне разумееце, так, глупства. Але гэтыя статуёвіны нагадалі мне адзін вершык.

Узьняўся, выпрастаўся, заклаў рукі за сьпіну – рыхтык у школе перад настаўнікам – і засьпяваў на стары, усім вядомы матыў:

Сядзеў тралішча ля камянішча, Трасучы, грызучы старое касьцішча. За шмат гадоў дагрыз да краёў, Бо мясца цяжка здабыць! Злавіць! Схапіць! У горнай пячоры яго лагавішча, Там мясца цяжка здабыць!
У вялізных ботах, па вушы ў турботах Зьявіўся Том перамовіць з тралём I кліча: "Чаго табе дзядзькі майго Нябожлыя пяткі смактаць? Глыдаць! Смакаваць! Бо дзядзькавы пяткі ў дзядзькавых ботах Павінны ў магіле ляжаць!"
"Прыдбаў, – кажа троль, – я дзядзькавы косткі На цьвінтары заглушэлай вёскі, Дзе дзядзька мярцьвей за сто елупней Валяўся зусім без карысьці, Каб згнісьці! Шкада яму косткі тролю пагрызьці? Мёртвым яны без карысьці!"
У адказ яму Том: "Хоць трупцом, хоць жыўцом Табе, кастажэр, аніякім канцом, Родны шкілет ня дам на абед! Шыш табе! Косткі хутчэй мне вяртай! Зладзюга, давай! Дзядзькавы косьці ў ягонай мосьці! Сюды іх, паскуда, давай!"
Тут троль усьміхнуўся ды аблізнуўся, "Добра, – кажа, – ты мне падвярнуўся. Костак шкадуеш ды верадуеш? А сам ты, я бачу, смачнейшы, Сьвяжэйшы, тлусьцейшы! Я грызьці старыя косткі сухія Стаміўся, ты мне смачнейшы!"
Так троль палічыў, што ежу здабыў. Хоп! Ды паветра адно ўхапіў! Скочыў Том за валуном Ды ў зад тролю ботам – трах! Бах паскудніку! Гах! Думаў, што троля ён правучыў: У задніцу ботам – трах!