– Ну, усім нам навука! – засьмяяўся Мэры. – Правільна Швэндал яго кіем лупцануў, а не рукою!
– Адкуль ты гэткае выкапаў, Сэме? – спытаў Піпін. – Я раней аніколі ня чуў.
Сэм прамармытаў нешта няўцямнае.
– З сваёй галавы й выкапаў, вядома, – здагадаўся Фрода. – Чым больш мы вандруем, тым болей я даведваюся пра Сэма Гэйхада. Напачатку ён быў кансьпіратарам ды змоўнікам, цяперака ён паэта. Таго й глядзі, урэшце зробіцца й чараўніком ці ваяром!
– Спадзяюся, не, – спалохаўся Сэм. – Ня маю аніякага жаданьня ні адным рабіцца, ні другім.
Пасьля полудня рушылі далей празь лес, напэўна, гэтаксама, як гномы з Гэндальфам ды Більба шмат гадоў таму. Праз колькі вёрстаў патрапілі да высокага схілу над Шляхам. Дарога ўжо аддалілася ад вузкай даліны Грым'і й цяпер вілася ўздоўж пагор'я, упрытык да схілаў, празь лясы й зарасьці верасу да бродаў і Туманных гор. Непадалёк ад спуску на Шлях Швэндал паказаў камень сярод травы. На тым камені відаць былі груба высечаныя, а цяпер ужо амаль выветраныя гномскія руны й сакрэтныя пазнакі.
– Тут! – сказаў Мэры. – Напэўна, гэта й ёсьць той камень, які прыкмячаў схованку з трольскім золатам. Гэй, Фрода, ці шмат яшчэ засталося ад Більбавай долі?
Фрода зірнуў на камень і падумаў: як добра было б, каб Більба не прывозіў дахаты нічога больш небясьпечнага за золата троляў. Нічога, ад чаго было б цяжэй пазбавіцца.
– Анічога не засталося, – вымавіў уголас. – Більба казаў мне, што ня лічыць гэтае золата сваім, бо яно здабытае ад злодзеяў. Таму ўсё параздаваў.
Шлях струменіўся перад імі, скрэсьлены доўгімі надвячоркавымі ценямі, пусты й спакойны. Анічога на ім ня рухалася. Іншага выйсьця няма – трэба выходзіць на гасьцінец. I выйшлі: спусьціліся на дарогу, зьвярнуўшы леваруч, і пашыбавалі як мага хутчэй. Неўзабаве адгор'е схавала апошнія промні сонца, якое борзда кацілася да далягляду. У твары падзьмуў халодны вецер з гор.
Ужо прыглядаліся, дзе збочыць і спыніцца на ноч, калі пачулі гук, які зноў абудзіў усе мінулыя страхі: мерны пошчак капытоў за сьпінамі. Азірнуліся, але Шлях шмат пятляў, і пабачыць нічога ня здолелі. Кінуліся хавацца як глыбей у шчыльны калючы дурнічнік на схіле, дабраліся да невялікага куста ляшчыны. Залезьлі, асьцярожна вызірнулі – Шлях застаўся за тры дзясяткі ступнёў пад імі, шэры, ледзь бачны ў прыцемках. Пошчак наблізіўся. Імклівы, лёгкі: "Цо-па-топ, цо-па-топ, цоп-цоп". I слаба, нібы вецер адганяў прэч, даляцеў звон – быццам ад мноства маленькіх званочкаў.
– Ня надта гэта падобна на коней Чорных Вершнікаў, – зазначыў Фрода, прыслухоўваючыся.
Астатнія хобіты ахвотна пагадзіліся, але па-ранейшаму сачылі за Шляхам насьцярожана. Бо жах пагоні ўжо ўеўся ў сьвядомасьць, і любы гук за сьпінай падаваўся злавесным і пагрозьлівым. Швэндал нахіліўся наперад, да зямлі, прыклаўшы руку да вуха, ён выглядаў узрадаваным.
Зусім сьцямнела. Зашапацела пад ветрам лісьце на кустах. Званочкі пагучнелі, і ўжо выдатна адбівалася лёгкае: "Цо-па-топ, цо-па-топ". I раптам зьявіўся белы конь, ідучы хуткай рысьсю, зіхоткі ў прыцемку. Збруя ўзблісквала й адсьвечвала, нібы абсаджаная жывымі лапікамі сьвятла. Плашч вершніка лунаў за сьпінай, каптур быў адкінуты, і валасы залатым струменем ляцелі па ветры. Фрода падалося, што праз постаць вершніка, праз адзеньне, як праз танюткую шаўковую завесу, ліецца белае празрыстае сьвятло.
Швэндал з крыкам выскачыў з сховішча й кінуўся да Шляху напрамкі праз кусты, але яшчэ да таго, як ён варухнуўся ці падаў голас, вершнік крануў лейцы й спыніўся, узіраючыся ў зарасьці, дзе сядзелі вандроўнікі. Калі пабачыў Швэндала, сьпешыўся й пабег насустрач, выгукваючы: